ІЗАТО́ПНАЯ ХРАНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў вызначэння абс. ўзросту горных парод, мінералаў, слядоў стараж. культур чалавека ці цалкам Зямлі па назапашванні ў іх прадуктаў распаду радыенуклідаў (гл. Радыеактыўнасць). Ідэя І.х. належыць П.Кюры і Э.Рэзерфарду. Распад кожнага радыенукліда адбываецца з пастаяннай скорасцю і прыводзіць да назапашвання канечных стабільных нуклідаў, па колькасці якіх і вызначаецца ўзрост даследаванага ўзору.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРУ́МЫ, карумы,
значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).
т. 9, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІНА ГАРА́,
найбольш высокая горная вяршыня в-ва Сахалін, у паўн. ч. Усходне-Сахалінскіх гор, у Сахалінскай вобл. Расіі. Выш. 1609 м. Складзена з метамарфічных парод. Схілы пад тайгой, прыграбянёвыя часткі пад кедравым сланікам. Названа ў гонар рус. геолага і географа І.А.Лапаціна, даследчыка Сібіры, Д. Усходу і в-ва Сахалін.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],
выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.
т. 9, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАА́Р (ням. Maar),
лейкападобная або цыліндрычная ўпадзіна вулканічнага паходжання, якая ўзнікла на зямной паверхні пры газавым выбуху без вылівання лавы. Дыяметр М. да 3,5 км, глыб. да 300—400 м. Часам абкружана кальцавым валам з абломкаў горных парод. Ва ўмовах вільготнага клімату часта запаўняецца вадой і ўтварае т.зв. мааравае возера (напр., Лахер-Зэ ў Германіі).
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАЗО́ЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, у Запарожскай і Данецкай абласцях, на ПдУ Украіны. Выш. да 324 м (г. Магіла-Бельмак). Паката зніжаецца да Азоўскага м. Фундамент складзены з крышт. парод, укрыты лёсападобнымі пародамі. Участкі ціпчакова-кавыльных стэпаў. Большая частка тэрыторыі ўзарана. На П.у. размешчана частка Укр. стэпавага запаведніка — «Мураваныя магілы».
т. 13, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВІ́К,
шчыльная тонказярністая кантактава-метамарфічная парода, якая ўзнікла пры ўздзеянні інтрузіўных мас на ўмяшчальныя пароды (пераважна асадкавыя). Пераўтварэнне парод у Р. адбываецца з перабудовай структуры, з’яўленнем новаўтвораных мінералаў. Р. — таксама асадкавыя крамяністыя пароды з характэрным ракавістым зломам, з дамешкам гліны, гідраксідаў жалеза, якія ўтвараюць канкрэцыі, сцяжэнні, прапласткі ў карбанатных і гліністых адкладах.
т. 13, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РВІС-ПЕРЫ́ЯД,
перыяд ад ацёлу каровы да наступнага яе апладнення (ад заканчэння адной і да пачатку наст. цельнасці). Паказчык плоднасці жывёл і арганізацыі ўзнаўлення статка. Аптымальная працягласць С.-п. ў малочных парод 2—2,5 месяца, што дазваляе штогод атрымліваць прыплод ад кожнай каровы. Павелічэнне С.-п. можа прывесці да перагулу і ялавасці.
т. 14, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯРЭ́ЗНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выразання (выпілоўвання) з масіву горных парод у кар’ерах і шахтах штучнага сценавога каменю, буйных сценавых блокаў, а таксама блокаў-загатовак, якія выкарыстоўваюцца для распілоўкі на абліцовачныя пліты і арх.-буд. вырабы. Рэжучыя органы — дыскавыя, канатныя або ланцуговыя пілы, кальцавыя фрэзы, ланцуговыя і штангавыя бары (рамы, у ручаях якіх рухаюцца рэжучыя ланцугі з цвердасплаўнымі зубкамі).
К.м. з дыскавымі піламі выразаюць камяні з вапняку і ракушачніку, з кальцавымі фрэзамі — з усіх горных парод, пашыраных у буд-ве, з барамі вядуць адкрытую і падземную распрацоўку вапняку і вапняку-ракушачніку. Выкарыстоўваюцца агрэгаты з некалькіх аперацыйных К.м., аб’яднаных агульным кіраваннем, і канатныя пілы для выпілоўвання буйных маналітаў са шчыльных вапнякоў і мармуру. Рабочы орган іх — стальны канат, пад які (у прапіл) бесперапынна падаецца сумесь зерняў абразіву (кварцавага пяску, карбарунду) і вады. Камень з масіву выразаюць 3 аперацыямі: папярочным, гарыз. і верт. (тыльным) прапілам. У многіх К.м. 2-я і 3-я аперацыі сумяшчаюцца пры падоўжным прасоўванні машыны ўздоўж уступа.
т. 7, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)