старажытнагрэчаскі скульптар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Працаваў у Афінах. Вучань Фідыя, ад якога пераняў прынцып адзінай пластычнай трактоўкі цела і вопраткі («Афрадыта ў садах», копія). Захаваліся копіі статуі Гермеса Прапілейскага, скульпт. група «Прокна і Ітыс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІ́СТЫ,
першыя старажытнарымскія гісторыкі. Гіст. падзеі размяшчалі па гадах праўлення консулаў. Творы аналістаў (аналы) апавядалі пераважна пра паліт. і ваен. падзеі, былі прасякнуты патрыятызмам. Найб. вядомыя аналісты: Квінт Фабій Піктар (3 ст. да н.э.), Катон Старэйшы (2 ст. да н.э.). Урыўкі з твораў аналістаў выкарыстаны ў працах больш позніх гісторыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),
цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г.Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСТЫ́ЛЬ (ад грэч. hypostylos які падтрымліваецца калонамі),
у архітэктуры Стараж. Усходу (Егіпет, Іран) вялікая зала храма або палаца са шматлікімі, шчыльна пастаўленымі калонамі (напр., храм Амона-Ра ў комплексе Карнак, 14—12 ст. да н.э.).
Да арт.Гіпастыль. Залы храма Амона-Ра ў комплексе Карнак. 14—12 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА,
фіна-угорскае племя, якое ў 1-м тыс.н.э. жыло ў Волга-Окскім міжрэччы. Упершыню ўпамінаюцца ў 6 ст. гісторыкам Іарданам. Летапіс «Аповесць мінулых гадоў» размяшчае М. ў раёне азёр Нера і Клешчына. Асн. заняткі: жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства, хатнія рамёствы. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. асіміляваны ўсх. славянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖЖА,
комплекс паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Падлужжа Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, верхнедняпроўскай культуры (5—3-е тыс. да н.э.) і сосніцкай культуры (1,5—1-е тыс. да н.э). Знойдзены наканечнікі коп’яў, разцы, ножападобныя пласціны, скрэблы, нуклеусы, адшчэпы, фрагменты ляпнога посуду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГАРЭІ́ЗМ,
філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст.н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),
цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.
Літ.:
Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;
Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКХАНА́ЛІІ,
у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГАНІ́ДЫ,
дынастыя цароў Македоніі ў 306—168 да н.э. Заснавальнік Антыгон I Аднавокі
[306—301] — палкаводзец Аляксандра Македонскага; абвясціў царом сябе і свайго сына Дэметрыя I Паліяркета [306—286]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Антыгон II Гонат [283—239],
Дэметрый II [239—229], Антыгон III Досан [229—221], Філіп V [221—179]. Апошні з Антыганідаў Персей скінуты рымлянамі і ўзяты ў палон у 168 да н.э.