ГЕЛ-МАН (Gell-Mann) Мюрэй (н. 15.9.1929, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1951). У 1952—54 у Чыкагскім ун-це, з 1954 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1956 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Увёў паняцце дзіўнасці (1953) і адкрыў закон яе захавання (незалежна ад К.​Нішыджыма). Разам з Р.​Фейнманам распрацаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958), прапанаваў сістэматыку элементарных часціц (1961), выказаў гіпотэзы аб кварках (1964) і глюонах (1973). Нобелеўская прэмія 1969.

М.Гел-Ман.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НДЭРСАН, Хендэрсан (Henderson) Артур (13.9.1863, г. Глазга, Вялікабрытанія — 20.10.1935), англійскі паліт. дзеяч. У 1903 абраны ў Палату абшчын. Адзін з лідэраў лейбарысцкай партыі (у 1908—10 і 1914—17 яе старшыня, у 1911—34 сакратар). У часы 1-й сусв. вайны ў 1915—17 у складзе кааліцыйнага ўрада, у 1924 міністр унутр. спраў у 1-м лейбарысцкім кабінеце Р.​Макдональда, у 1929—31 міністр замежных спраў у 2-м кабінеце Макдональда. У 1932—33 старшыня міжнар. Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. Нобелеўская прэмія міру 1934.

А.Гендэрсан.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁПЕРТ-МА́ЕР (Goeppert-Mayer) Марыя (28.6.1906, г. Катавіцы, Польшча — 20.2.1972),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Амер. АН і мастацтваў (1956). Скончыла Гётынгенскі ун-т (1930). З 1931 у розных ун-тах ЗША, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў імя Э.​Фермі, з 1960 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, квантавай і статыстычнай механіцы, тэорыі крышталічнай рашоткі і фіз. хіміі. Прадказала двухфатоннае паглынанне святла (1931) і падвойны бэта-распад (1935). Незалежна ад Г.​Енсена прапанавала абалонкавую мадэль атамнага ядра. Нобелеўская прэмія 1963.

М.Гёперт-Маер.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЭ́ШАЎ (Glaschow) Шэлдан Лі (н. 5.12.1932, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Бацькі Глэшава паходзяць з Беларусі. Скончыў Корнелскі (1954) і Гарвардскі (1955) ун-ты. З 1966 праф. Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і тэорыі элементарных часціц. Выказаў гіпотэзу пра існаванне новага квантавага ліку — чароўнасці (1964). Мадыфікаваў тэорыю слабага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння Вайнберга—Салама і ўключыў у разгляд зачараваныя кваркі (1970). Прапанаваў тэорыю, якая аб’ядноўвае слабыя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні (гл. «Вялікае аб’яднанне»). Нобелеўская прэмія 1979.

Ш.Глэшаў.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЖУА́ (Bourgeois) Леон Віктор Агюст (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),

дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР-Я́ЎРЭГ (Wagner-Jauregg) Юліус (7.3.1857, г. Вельс, Аўстрыя — 27.9.1940),

аўстрыйскі псіхіятр. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Венскі ун-т (1880). З 1881 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі Венскага ун-та, з 1883 дырэктар клінікі нерв. і псіхічных хвароб, з 1889 праф. ун-та ў г. Грац, у 1893—1928 у Венскім ун-це. Навук. працы па інфекц. псіхозах, праблемах спадчыннасці і суд. псіхіятрыі. Абгрунтаваў і ўкараніў піратэрапію ў лячэнні прагрэс. паралічу (1918). Сфармуляваў навук. прынцыпы раздражняльнай тэрапіі. Нобелеўская прэмія 1927.

Ю.Вагнер-Яўрэг.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫЁК (Giauque) Уільям Фрэнсіс (12.5.1895, г. Ніягара-Фолс, Канада — 29.3.1982),

амерыканскі фізікахімік. Чл.

Нац. АН ЗША (1936) і Амер. акадэміі мастацтва і навук (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Берклі (1920), дзе і працаваў (з 1934 праф.). Навук. працы па вывучэнні тэрмадынамічных уласцівасцей рэчываў (кандэнсаваных газаў) пры звышнізкіх т-рах. Распрацаваў метад адыябатычнага размагнічвання для атрымання тэмператур ніжэй за 1 К (1927, метад магнітнага ахаладжэння) і дасягнуў т-ры 0,25 К (1933). Даказаў існаванне цяжкіх ізатопаў кіслароду ​17O і ​18O (1929). Нобелеўская прэмія 1949.

У.Ф.Джыёк.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СТАН (Aston) Фрэнсіс Уільям (1.9.1877, г. Харбарн, Вялікабрытанія — 20.11.1945),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1921), замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1898). Выкладаў у Бірмінгемскім і Кембрыджскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, радыехіміі. Сканструяваў першы масспектрометр і з яго дапамогай адкрыў 213 устойлівых ізатопаў хім. элементаў, вызначыў іх адносную пашыранасць. У 1925 стварыў новы мас-спектрометр, на якім дакладна вызначыў масу і выявіў дэфект масаў шэрагу ізатопаў; упершыню пабудаваў крывую ўпаковачных каэфіцыентаў, што характарызуе энергію сувязі атамных ядраў. Нобелеўская прэмія 1922.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НФІНСЕН (Anfinsen) Крысціян Бемер (н. 26.3.1916, г. Манесен, шт. Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1963), Дацкага каралеўскага т-ва навук (1964). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1939). У 1948—50 і 1962—63 выкладаў у Гарвардскім ун-це, у 1950—62 і з 1963 у Нац. ін-це здароўя ў Бетэсдзе (каля Вашынгтона). Навук. працы па біяхіміі бялкоў і ферментаў. Прапанаваў новую трактоўку працэсу біял. эвалюцыі (1959). Нобелеўская прэмія 1972 (з С.​Мурам і У.​Х.​Стайнам).

Тв.:

Молекулярные основы эволюции: Пер. с англ. М., 1962.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

Ф.​Габер.

т. 4, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)