«ПАНТЭ́РА» («Panther») № 32, кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. ў жн. 1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 201-й ахоўнай дывізіі з мэтай знішчыць расонскую групу партыз. атрадаў. Не дасягнуўшы мэты, карнікі расстралялі каля 100 мясц. жыхароў, захапілі 475 галоў свойскай жывёлы. За лета 1942 аперацыя «П.» была шостай праваленай спробай «уціхамірыць» насельніцтва раёна.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з раствораў полівінілхларыду, полівінілхларыду хлараванага ці супалімераў, у якіх не менш за 85% вінілхларыду. Асн. гандл. назвы валокнаў з полівінілхларыду — равіль, тэвірон, фібравіль, тэрмавіль, з перхлорвінілавай смалы — хларын, павіяцыд, з супалімераў — віньён, тэрмален. Вызначаюцца вельмі нізкай цепла- і электраправоднасцю. Не гараць, хімічна- і атмасфераўстойлівыя, устойлівыя да мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вырабу фільтраваных і негаручых драпіровачных тканін, нятканых матэрыялаў, спецадзення, цепла- і гукаізаляцыйных лямцаў, лячэбнай бялізны.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,

права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖА́ВА,

ручай у Палескім р-не Кіеўскай вобл. Украіны (верхняе цячэнне) і Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. (ніжняе цячэнне), правы прыток р. Жалонь (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20 км. Вадазбор нізінны (пл. 99 км²). Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Дзянісавічы Палескага р-на і на працягу 2,4 км цячэ на тэр. Украіны, вусце за 1 км на ПнУ ад в. Ражава Нараўлянскага р-на. Цячэ ў зоне адсялення.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕ́ЛАЙ РУСІ́ (СПБР),

студэнцкая паліт. арг-цыя на Гродзеншчыне ў 1904—05. Заснавальнікі і кіраўнікі Трускоўскі, М.​Фальскі, А.​Жаба. Выступала за звяржэнне самадзяржаўя і ўстанаўленне выбарнай нар. улады, заклікала моладзь не ісці ў армію, далучацца да нар. «бунту». Выдавала і распаўсюджвала лістоўкі на бел. мове («Царская гаспадарка», «Братцы мужыкі!», «Прызыўныя!» і інш.). Бел. сацыяліст. грамада вяла перагаворы пра аб’яднанне з СПБР, але яно не адбылося.

М.​В.​Біч.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЦІНА БАЛО́ТА Нізіннага тыпу ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. і Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., у вадазборы рэк Пціч і Свіслач. Пл. 9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 8,4 тыс. га. Глыб. торфу да 3 м, сярэдняя 2,2 м. Запасы торфу каля 33 млн. т. Частка балота асушана дрэнажом. Вырошчваюць збожжавыя і прапашныя культуры, сеяныя травы, агародніну. На неасушаных участках хмызнякова-асаковая расліннасць; ёсць пясчаныя астравы, парослыя лесам.

т. 15, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАСЕ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Халасцінскае возера. У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 28 км на ПдУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 13,5 км². Схілы катлавіны амаль не выражаны, месцамі выш. да 2 м. Берагі нізкія, на У забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТРУЛІ́Н, 2-аміна-5-урэідаваляр’янавая кіслата,

амінакіслата, якая не ўваходзіць у састаў бялкоў. Упершыню выяўлены ў 1914 у соку кавуна (лац. назва Citrullis vulgaris — адсюль назва). Прысутнічае ў арганізме чалавека і жывёл, ёсць у раслінах і мікраарганізмах.

Малекулярная маса 175,19, tпл, 222—234 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў этаноле і метаноле. Прамежкавы прадукт біясінтэзу аргініну і ўтварэння мачавіны ў арганізме. У раслін удзельнічае ў фіксацыі азоту.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЫ́ЛАВАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

гамагенная сумесь тэтраэтылсвінцу (54—65% па масе) з галагенвытворнымі вуглевадародаў.

Масляністая вадкасць з характэрным пахам садавіны, не раствараецца ў вадзе. раствараецца ў бензінах, тлушчах, маслах. Мае ў сабе напаўняльнік (авіябензін), антыакісляльнік і фарбавальнае рэчыва. Выкарыстоўваецца для павышэння дэтанацыйнай стойкасці бензінаў (дабаўка 0,5—4 мл да 1 кг бензіну павялічвае актанавы лік на 4—15 адзінак). Высокатаксічная (таму для прадухілення выкарыстання не па прызначэнні этыліраваныя бензіны афарбоўваюць).

т. 18, кн. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.​П.​Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)