ЛУГА́НІС (Luganis) Грэгары (н. ў студз. 1960, г. Сан-Дыега, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скачкі ў ваду). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1983). Чэмпіён XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) і XXIV (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXIII (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША) Алімп. гульняў. Шасціразовы чэмпіён свету.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́Л-СТРЫТ (Wall Street літар. валавая вуліца),

вуліца ў г. Нью-Йорк, ЗША (на в-ве Манхатан), дзе размешчаны фондавая біржа, праўленні найбуйнейшых банкаў; сімвал фін. капіталу ЗША. Знаходзіцца на месцы б. ахоўнага вала, створанага ў 2-й пал. 17 ст. вакол старога Нью-Йорка.

т. 16, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.​Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас. — вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб абмежаванні марскіх узбраенняў.

Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс. т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш. Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́КСАН (Hackson) Джэсі Луіс (8.10.1941, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),

негрыцянскі паліт. і грамадскі дзеяч ЗША, прапаведнік. Скончыў Чыкагскую духоўную семінарыю (1968). У 1960-я г. ўдзельнік руху за грамадз. правы неграў, паплечнік М.Л.Кінга. У 1971—83 прэзідэнт заснаванай ім арг-цыі «Аб’яднаны народ на службе чалавецтва», мэтай якой было садзейнічаць паляпшэнню эканам. становішча неграў. Сфармуляваў праграму т.зв. вясёлкавай кааліцыі — саюза неграў, лацінаамерыканцаў і індзейцаў, які забяспечваў бы ім магчымасць павышэння свайго сац. статуса ў грамадстве і пашырэння ўдзелу ў паліт. дзейнасці. Першы негрыцянскі палітык, які выстаўляў сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта ЗША на выбарах 1984 і 1988.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЧ (Bunche) Ральф Джонсан (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам. Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮК (Duke) Чарлз (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

Ч.Дзюк.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРВІ́ЛА Паўліна (н. 1961, Мадрыд),

амерыканскі этнамузыколаг і мастачка бел. паходжання. Д-р у галіне музыказнаўства, прафесар. Дачка І.Сурвілы. Жыла ў Іспаніі, Францыі, з канца 1960-х г. у Канадзе, цяпер у ЗША. Служыла музыкантам у канадскім войску. Скончыла ун-т у ЗША (штат Мічыган; 1992). Выкладае ва ун-це Паўн. Караліны. Даследуе бел. музыку Мінска, Палесся, Беласточчыны і інш. мясцін. Займаецца жывапісам (найб. значная маст. выстаўка ў 1996 у штаце Агайо, ЗША), малюе на бел. сюжэты. Аўтар шэрагу публікацый у амер. друку пра бел. традыц. і рок-музыку.

А.​С.​Ляднёва, Г.​Г.​Сяргеева.

т. 15, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УАЙТ (White) Эдуард (1930, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША — 27.1.1967),

касманаўт ЗША. Магістр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952), Мічыганскі ун-т (1959). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 3—7.6.1965 з Дж.​Макдывітам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі «Джэміні-4» (першы з амер. касманаўтаў выйшаў у адкрыты космас). Загінуў з В.Грысамам і Р.​Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 4,08 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 23 мін. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі». Яго імем названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ЛД (Wald) Джордж (18.11.1906, Нью-Йорк, ЗША — 1997),

амерыканскі вучоны ў галіне біяхіміі. Чл. Нац. АН ЗША (1950), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Вашынгтонскі каледж Нью-Йоркскага ун-та (1927), Калумбійскі ун-т (1932, д-р філасофіі). З 1932 чл. Нац. даследчага савета ЗША, з 1934 у Гарвардскім ун-це (у 1948—68 праф. біялогіі). Навук. працы па біяхіміі, фізіялогіі і эвалюцыі зроку, па пытаннях узнікнення жыцця і біял. эвалюцыі. Выявіў шлях распаду (прыроду выцвітання) радапсіну, адкрыў вітаміны рэцінол (A1) дэгідрарэцінол (A2) у рэцэптарах сеткаватай абалонкі вока. Нобелеўская прэмія 1967 (з Р.А.Гранітам і Х.К.Хартлайнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Дж.Уолд.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)