Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для штучнага асвятлення розных аб’ектаў. Канструкцыйна складаюцца з асвятляльнай арматуры і крыніцы штучнага святла. Некаторыя тыпы ўключаюць аптычныя сістэмы (напр., люстэркі, кандэнсары).
Адрозніваюць асвятляльныя прылады далёкага (пражэктар) і блізкага (свяцільня, праекцыйны апарат) дзеяння. Пражэктары або свяцільні некаторых тыпаў аб’ядноўваюць у асвятляльныя ўстаноўкі, якія ўключаюць размеркавальныя шчыты, пуска-рэгулявальную і інш. апаратуру. Асвятляльныя прылады выкарыстоўваюцца для асвятлення памяшканняў, трансп. сродкаў, адкрытых пляцовак і інш.
Да арт.Асвятляльныя прылады. Свяцільні з кампактнымі люмінесцэнтнымі лямпамі: 1, 2 — для пакояў; 3—5 — для жылых гаспадарчых і дапаможных памяшканняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш.с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЫ́ЛЬНЫ СТАН,
машына для апрацоўкі металаў валачэннем. Складаецца з адной або некалькіх валокаў (маюць канал, які звужаецца ў напрамку валачэння) і прыстасавання для працягвання праз іх загатовак.
Адрозніваюць лінейныя валачыльныя станы з прамалінейным рухам металу, які працягваецца (маюць ланцуговыя, рэечныя, гідраўлічныя і інш. прыводы), і барабанныя з намотваннем металу на барабан. Для атрымання труб, профіляў і пруткоў выкарыстоўваюць абодва тыпы валачыльных станаў аднаразовага валачэння (праз адну валоку), для атрымання дроту — толькі барабанныя адна- і шматразовыя (з валачэннем праз шэраг паслядоўных валокаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАН,
прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася ў старажытнасці для разбурэння крапасных сцен, высадкі на сцены крэпасці ўзбр. воінаў і пры абардажы караблёў. Упершыню ўжыты ў час Пунічных войнаў (3—2 ст. да н.э.). Крапасны воран меў форму масіўнага крука, які прыводзілі ў рух некалькі воінаў, або форму калодзежнага «жураўля» са скрыняй для воінаў. Абардажны воран уяўляў сабою перакідны мост (бервяно) з метал. крукам на канцы, які ўтыкаўся ў палубу або борт карабля. Выкарыстоўваўся ў эпоху вёславага і паруснага флоту.
Ворандля высадкі воінаў на сцены крэпасці (злева) і для разбурэння сцен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВА́ЛАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для завалкі (загрузкі) у сталеплавільныя агрэгаты (печы) цвёрдай шыхты (стальны лом, чыгун, руда, флюсы). Бываюць падлогавыя рэйкавыя (выкарыстоўваюцца ў мартэнаўскіх цэхах з печамі ёмістасцю 150 т і болей), бязрэйкавыя (для печаў ёмістасцю 5—20 т) і падвесныя (для печаў 20—150 т). Падлогавыя З.м. — цялежкі з хобатам, які ўводзіць у завалачнае акно печы мульду з шыхтай; падвесныя — маставы кран з галоўнай (загрузачнай) і дапаможнай (кранавай, для рамонтных работ) цялежкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКАВЫ ПЫЛО́К,
сукупнасць пылковых зерняў (пылінак), якія ўтвараюцца ў гнёздах пыльніка (мікраспарангіях) і служаць для палавога ўзнаўлення. Складаецца з асобных пылінак, што могуць заставацца ў мацярынскай абалонцы. Яны злучаны ў тэтрады і больш буйныя групы па 8, 12, 16, 32. Спосабы злучэнняў К.п. ў розных сямействаў адрозніваюцца і з’яўляюцца сістэм. адзнакай. У ветраапыляльных раслін К.п. сухі, з гладкай паверхняй, са спец. прыстасаваннямі для пераносу ветрам, у энтамафільных — буйны, клейкі, з яркім колерам і пахам для прываблівання насякомых. Назапашваецца пчоламі ў выглядзе пяргі і інш. насякомымі для кармлення лічынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУ́Г,
1) гнуткі выраб, які складаецца з асобных шарнірна злучаных жорсткіх звёнаў. Бываюць Л. грузавыя (для падвешвання і пад’ёму грузаў), цягавыя (для перамяшчэння грузаў) і прыводныя (для перадачы руху; гл.Ланцуговая перадача). Выкарыстоўваюцца таксама проціслізготныя Л., якія надзяваюць на вядучыя колы аўтамабіля для павышэння яго праходнасці па зледзянелых дарогах ці бездарожжы.
2) Л. у электратэхніцы — гл.Магнітны ланцуг, Электрычны ланцуг.
Ланцугі: 1, 2 — грузавыя (круглазвённы зварны і пласціністы з расклёпкай); 3, 4 — цягавыя (пласціністы ўтулачна-ролікавы і карданны з літымі звёнамі); 5, 6 — прывадныя (ролікавы двухрадны і пласціністы зубчасты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,
астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл.Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.
Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.