катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).
На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.
савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус.муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас.т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).
Літ.:
Бэлза И. Р.М.Глиэр. М., 1962;
Р.М.Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГО́ЛІН (Зіновій Эмануілавіч) (н. 15.2.1960, Мінск),
бел. мастак тэатра. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). Працуе ў т-рах Беларусі і Расіі. Ў рознай творчай манеры аформіў спектаклі: у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І.Кальмана (1989); у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Жудасныя бацькі» Ж.Както (1985), «Курыца» М.Каляды (1992) і «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча (1993); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Рэцэпт Макропуласа» К.Чапека (1995); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — «Візіт дамы» С.Картэса (1995); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «Хрыстос і Антыхрыст» Дз.Меражкоўскага (1991); у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі (у 1988—98 гал. мастак) — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С.Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1994), сцэнаграфія якіх выканана пераважна ў жорсткай алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем метал. канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. У творчасці апошніх гадоў — уплыў ідэй канцэптуалізму і функцыян. сцэнаграфіі. Лаўрэат «Пражскай квадрыенале-95» (сярэбраны медаль).
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Мальцаў У. Медыяутопіі Зіновія Марголіна // Мастацгва. 1996. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),
дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.
Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1950). Ганаровы чл.-кар.АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж.маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж.нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс.га (1994), у т. л. абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс.га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в. Камянюкі Камянецкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ КІРАВА́ННЯпры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
дзяржаўная ўстанова па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў. Засн. ў 1991 у Мінску пры СМ Беларусі, з 1994 — пры Кабінеце Міністраў, з 1995 — пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1994/95 навуч.г. на базе вышэйшай адукацыі аддзяленні: павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў органаў дзярж. кіравання і мясц. Саветаў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў галін нар. гаспадаркі, юрыдычнае; на базе сярэдняй, сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ф-т падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання, міжнар.эканам. адносін, знешнеэканам. дзейнасці і права. У складзе Акадэміі працуюць н.-д. цэнтры па праблемах эканомікі, удасканалення кіравання, дзярж. кадравай палітыкі, службы ў дзярж. апараце, радыяцыйнай бяспекі, энергетыкі і радыеэкалагічнай адукацыі, а таксама Міжнар. цэнтр дзелавога супрацоўніцтва і падрыхтоўкі менеджэраў. Навучанне дзённае, вочна-завочнае, завочнае; платнае. З 1992 аспірантура і савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Дактарантура з 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ (Віктар Паўлавіч) (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),
рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар.арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж.сімф. аркестры СССР, Дзярж.акад.рус.нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж.акад.сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.Вагнера, фантазіі на тэмы бел.нар. песень В.Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.Будніка, 8-й сімфоніі Дз.Смольскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Андрэй Дзмітрыевіч) (22.7.1903, Масква — 1979),
рускі графік. Нар. мастак РСФСР (1973). Вучыўся ў Маскве ў прыватных студыях, у Дзярж. вольных маст. майстэрнях і Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. ін-це (1918—27) у І.Машкова, А.Шаўчэнкі, У.Фаворскага. Выкладаў у Маск. паліграфічным ін-це (1930—34, 1948—79). Адзін з заснавальнікаў т-ва станкавістаў (1925). Для графікі Ганчарова (у асн. ксілаграфіі) характэрны цесная ўзаемасувязь усіх элементаў маст. афармлення кнігі, напружаная эмацыянальнасць зрокавага вобраза ілюстрацый, сакавітасць чорна-белых тонаў (іл. да «Прыгоды Перыгрына Пікля» Т.Смолета, 1934—35, 1955, твораў У.Шэкспіра, 1953—64; раманаў і аповесцей Ф.М.Дастаеўскага, 1969—71, і інш.). Працаваў таксама ў галіне станковага («С.Корань у ролі Меркуцыо», 1947), манум., тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш.заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытанні дзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш.цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш.цэнтр. органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.