АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

Ашарыт.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НШУЦ ((Anschütz) Генрых) (8.2.1785—29.12.1865),

аўстрыйскі акцёр. Адзін з заснавальнікаў сцэнічнага рэалізму ў аўстр. т-ры. Працаваў у т-рах Германіі (Нюрнберг, Лейпцыг і інш.), з 1821 у «Бургтэатры» (Вена). Акцёр моцнага тэмпераменту, высокай культуры сцэнічнага слова. З аднолькавым поспехам выконваў камедыйныя і трагедыйныя ролі: Лір, Фальстаф («Кароль Лір», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Антон («Марыя Магдаліна» К.​Ф.​Гебеля) і інш.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБРЭХТ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Albrecht der Bär; каля 1100—18.11.1170),

першы маркграф Брандэнбурга (з 1157). Вёў беспаспяховую барацьбу за Саксонію, з 1134 пачаў заваяванне слав. плямёнаў гавалян і люцічаў, адзін з кіраўнікоў крыжовага паходу супраць славян 1147. У 1150 захапіў гал. цэнтр гавалян Бранібор (пазней Брандэнбург). Пры гэтым знішчалася мясц. насельніцтва, насаджалася хрысціянства, на захопленыя землі перасяляліся каланісты з Германіі і Нідэрландаў.

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ТМАН-ГО́ЛЬВЕГ ((Bethmann Hollweg) Тэабальд фон) (29.11.1856, Гогенфінаў, Германія — 2.1.1921),

дзяржаўны дзеяч Германіі. У 1905—07 міністр унутр. спраў Прусіі, у 1907—09 імперскі міністр унутр. спраў і нам. рэйхсканцлера. У 1909—17 рэйхсканцлер-прэм’ер-міністр Прусіі. Абапіраўся на кансерватараў і Каталіцкую партыю цэнтра («Чорна-блакітны блок»). Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і развязвання 1-й сусв. вайны. З 1917 у адстаўцы.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ТЭ ((Bethe) Ганс Альбрэхт) (н. 2.7.1906, г. Страсбур, Францыя),

фізік-тэарэтык. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1928). У 1928—35 ва ун-тах Германіі і Англіі, з 1935 у ЗША. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела і астрафізіцы. Вызначыў найб. імаверныя цыклы тэрмаядз. рэакцый, якія з’яўляюцца крыніцамі ўнутрызоркавай энергіі. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1967.

Г.А.Бетэ.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДА́ЙМЛЕР-БЕНЦ»

(Daimler-Benz AG),

прамысловая аўтамабільная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1926. Знаходзіцца ў г. Штутгарт. У 1984 карпарацыя набыла 2-ю па велічыні ў краіне авіяракетную кампанію «Дарнье», у 1986 — буйную электратэхн. фірму «АЭГ». Выпускае аўтамабілі, у т. л. вядомую марку «Мерседэс», авіяракетную і электратэхн. прадукцыю, мед. тэхніку і інш. Па стане на 1993 на прадпрыемствах карпарацыі працавала 367 тыс. чал.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬЗЕНКІ́РХЕН (Gelsenkirchen),

горад у Германіі, у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. раёне. 295 тыс. ж. (1994). Рачны порт на р. Эмшэр і канале Рэйн—Герне. Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны індустр. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. цяжкае, аўтамаб.), нафтаперапр., чорная і каляровая металургія; азотная, шкляная, швейная, піваварная. У наваколлі — здабыча каменнага вугалю (шахты з 1858) і коксахім. прам-сць.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДРУ́ЦКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1893 на беразе Дняпра каля в. Задруцце Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Ухаваны ў 13 ст. У гліняным гаршку знаходзілася 89 цэлых і 3 фрагменты сярэбраных грыўняў-зліткаў 13 ст. агульнай масай 14,5 кг. Імператарская археал. камісія (Пецярбург) размеркавала знаходку паміж музеямі Расіі, Германіі, ЗША і распрадала прыватным асобам. 13 зліткаў у 1929 перададзены Эрмітажу.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Іван Рыгоравіч) (22.10.1916, в. Хоцімск Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 15.7.1952),

поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1941. Снайпер сяржант З. вызначыўся пры вызваленні Польшчы каля в. Юзэфаў Радамскага ваяв. і ў час прарыву абароны праціўніка на р. Одэр каля г. Лебус на тэр. Германіі, знішчыў 56 гітлераўцаў і захапіў 2 пушкі. Пасля вайны працаваў у калгасе на радзіме.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДАТУ́РА (ням. Kommandantur),

1) орган кіравання ваен. каменданта гарнізона, крэпасці, станцыі, порта і да т.п., а таксама памяшканне, якое ён займае.

2) У СССР падраздзяленне пагранічных войск, якое прызначалася для аховы пэўнага ўчастка дзярж. граніцы і складалася з некалькіх пагранзастаў; уваходзіла ў склад пагранатрада. К. ствараюцца і ў інш. выпадках, напр., у 1945—49 існавалі як органы сав. ваен. адміністрацыі ва Усх. Германіі.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)