АКРАТЭ́МА (ад акра... + тэма),

найбуйнейшае падраздзяленне агульнай стратыграфічнай шкалы, што аб’ядноўвае геал. ўтварэнні, якія сфарміраваліся на Зямлі за найб. працяглы прамежак часу — акрон. Тэрмін прапанаваў рас. геолаг У.​В.​Менер у 1977, уключаны ў «Стратыграфічны кодэкс» у 1992.

Вылучаюць 3 А.: архейскую, пратэразойскую; 3-я А. адпавядае фанеразою (назвы яшчэ не мае). Архейскую А. падзяляюць на ніжне- і верхнеархейскую эонатэмы, пратэразойскую А. адпаведна на ніжне- і верхнепратэразойскую. Утварэнні названых А. пашыраны і ў зямной кары Беларусі. Гл. таксама Архей, Дакембрый, Пратэразой.

Літ.:

Стратиграфический кодекс. СПб., 1992;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

С.​А.​Кручак.

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРО́Н (ад грэч. akros крайні, самы аддалены, высокі),

падраздзяленне вышэйшага рангу геахраналагічнай шкалы; геахраналагічны эквівалент акратэмы, што адпавядае найбуйнейшаму этапу геал. гісторыі Зямлі. Тэрмін «А.» прапанаваў рас. геолаг У.​В.​Менер у 1977. Вылучаюць 3 А.: архейскі і пратэразойскі, працягласцю да 2 млрд. гадоў кожны; 3-і (найб. позні) адпавядае па працягласці часу фанеразою (назву яшчэ не атрымаў).

А. падзяляюць на эоны. У архейскім А. вылучаюць ранне- і познаархейскі эоны, у пратэразойскім адпаведна ранне- і познапратэразойскі. Утварэнні названых А. пашыраны і на тэр. Беларусі. Гл. таксама Архей, Дакембрый, Пратэразой.

Літ.:

Стратиграфический кодекс. СПб., 1992.

С.​А.​Кручак.

т. 18, кн. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЛЯРО́ВІЧ (таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.​Ф.​Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),

палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар Селеўк I Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,

механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НТСЦ (NTSC; National Television Sistem Committee Нац. камітэт па тэлевізійных сістэмах, ЗША),

адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў ЗША (1953). Сігнал колернасці перадаецца з дапамогай паднясучай, якая знаходзіцца ў спектры сігналу яркасці. Паднясучая ў кожным радку тэлевізійнага відарыса мадулюецца адначасова двума колера-рознаснымі сігналамі з выкарыстаннем квадратурнай (амплітудна-фазавай) баланснай мадуляцыі. Прынята ў 47 краінах Амерыкі, а таксама ў Японіі і Паўд. Карэі і мае 3 версіі (1990). Гл. таксама ПАЛ, СЕКАМ.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫКАТА́Ж (франц. tricotage ад tricoter вязаць),

гатовыя вырабы або палатно, што вырабляюць вязаннем на трыкатажных машынах. Паводле структуры Т. падзяляюць на папярочнавязаны (кулірны) і асновавязаны, адзінарны і падвойны (больш шчыльны і цяжкі), гладкі і з малюнкамі; паводле прызначэння — на бялізнавы, верхні, панчошна-шкарпэтачны, пальчаткавы і інш. Кроеныя бялізнавыя вырабы, а таксама верхняе адзенне шыюць з трыкат. палатна; панчохі, шкарпэткі, пальчаткі, хусткі і інш. вырабы звычайна атрымліваюць на машынах у гатовым выглядзе. Гл. таксама Трыкатажная прамысловасць.

т. 15, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАГ (нідэрл. vlag),

умацаванае на дрэўку ці шнуры палотнішча з надпісамі, упрыгожаннямі, эмблемамі, якое з’яўляецца афіц. знакам (сімвалам) дзяржавы, арганізацый, устаноў, у т. л. міжнар., а таксама караблёў, службовых асоб і інш. Тэрмін «Ф.» шырока ўжываецца ў словазлучэннях у пераносным значэнні і азначае: прызнаць сябе пераможаным, не дасягнуць мэты (напр., выкінуць белы флаг); выступіць пад якім-н. флагам — у імя якой-н. ідэі, справы. Гл. таксама Вымпел, Сцяг, Сцяг воінскі, Сцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),

раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;

Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1989—90.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)