УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял. кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й пал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.

А.​М.​Кушнярэвіч.

Уселюбскі касцёл.

т. 16, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГІРЫ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

Размешчана на мяжы Кіраўскага і Быхаўскага р-наў Магілёўскай вобл., каля в. Чыгірынка, за 30 км на У ад г. Кіраўск. Створана ў 1960 плацінай на р. Друць (78 км ад вусця). Пл. 21,1 км², даўж. 17 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 8,1 м. Аб’ём вады 55,9 млн. м³. Катлавіна выцягнутая з Пн на Пд. Берагавая лінія даўж. 70 км нязначна парэзана дробнымі залівамі. Берагі ў прыплаціннай ч. абразійныя (37%), правы — высокі і месцамі стромкі, левы — нізкі і спадзісты. Дно — забалочаная пойма р. Друць — пераважна выслана торфам і заіленым пяском. 3 астравы (найб. пл. 0,37 км²). Сярэдні шматгадовы сцёк 817 млн. м³. Рэгуляванне сцёку сутачнае. Ч.в. моцнапраточнае, аб’ём воднай масы аднаўляецца на працягу 27 сут. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 80—85 см. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня да 55 см) трымаецца да пач. красавіка. Зарастае пераважна ў паўн. ч. (трыснёг звычайны, чарот азёрны, маннік вадзяны, драсён земнаводны і інш.). Водзяцца лешч, шчупак, плотка, акунь. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Чыгірынская ГЭС), рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту. Зона адпачынку Чыгірынка, лодачная станцыя, паляўніча-рыбалоўная база.

А.​А.​Макарэвіч.

Чыгірынскае вадасховішча.

т. 17, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛУТА́,

вадасховішча ў Беларусі, у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. За 26 км на Пн ад г. Лунінец, за 3 км на ПнЗ ад в. Велута. Створана ў 1976. Пл. 7,6 км², даўж. 3,4 км, шыр. 2,8 км, сярэдняя глыб. 3,4 м. Аб’ём вады 31 млн. м³. Берагі спадзістыя, пясчаныя, параслі хмызняком. Наліўное, напаўняецца са Стрыжэўскага канала і р. Цна пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1865 у Брэсце. Храм цэнтрычнай 5-купальнай кампазіцыі: кубападобны асн. аб’ём, прытвор і паўкруглая апсіда. У кампазіцыі і дэкар. пластыцы асн. аб’ёму выкарыстаны прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філянговы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (кілепадобныя какошнікі, 8-гранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Брэсцкая Сімяонаўская царква.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.​М.​Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГРА́ДСКАГА ФО́РМУЛА,

звязвае інтэграл па некаторым аб’ёме з інтэгралам па замкнёнай паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём. У вектарнай форме мае выгляд: ∫ (V) div a→   dV = ∮ (S) a→ ∙ dS→ , дзе a→ = a→(M) — вектарнае поле, зададзенае ў кожным пункце M аб’ёму V, diva→ — дывергенцыя a→, ∮ (S) a→ ∙ dS→ — паток a→ праз замкнёную паверхню S. Прапанавана М.В.Астраградскім (1828—31) і пашырана на n-мерную прастору (1834—38).

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦЮКІ́,

вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́КСХАЛ»

(Vauxhall),

легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.

Да арт. «Воксхал». Легкавы аўтамабіль «Воксхал-Вектра».

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 25 км на ПнУ ад Мінска, на тэр. зоны адпачынку Раўбічы. Створана на р. Усяжа ў месцы ўпадзення ў яе р. Дубраўка ў 1983. Пл. 3,5 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 14 м, аб’ём вады 22,4 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, адпачынку, рыбаводства.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ДЧА,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)