НДЖАМЕ́НА (N’Djamena),

горад, сталіца Чада, на правым беразе р. Шары, каля ўпадзення ў яе р. Лагоне. Адм. ц. прэфектуры Шары-Багірмі. 826 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (мясахаладабойня, вытв-сць алею, мукі, піва і інш.), абутковая, тэкст., будматэрыялаў. Гандаль жывёлай, бавоўнай. Нац. ун-т. Нац. музей.

Засн. ў 1900 французамі пад назвай Форт-Ламі як ваен. апорны пункт (ад імя кіраўніка экспедыцыі маёра А.Ф.​Ж.​Ламі). Да 1958 адм. цэнтр франц. калоніі Чад. У 1958—60 сталіца аўтаноміі ў складзе франц. Супольнасці, з 1960 — незалежнай Рэспублікі Чад. У 1973 перайменавана ў Н.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ Любоў Паўлаўна (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),

руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.​Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.

Літ.:

Куликова К.Ф. Л.​П.​Никулина-Косицкая. Л., 1970.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФО́СКА,

складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.

Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАТНЫ (Novotný) Антанін (10.12.1904, Летняні, каля г. Прага — 28.1.1975),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Чл. Камуніст. партыі Чэхаславакіі (КПЧ) з 1921, яе ЦК (1946—68). З 1928 удзельнік рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну вязень канцэнтрацыйнага лагера Маўтгаўзен. 1-ы сакратар Пражскага абкома (1945—53). пасля смерці К.Готвальда 1-ы сакратар ЦК КПЧ (1953—68), да пач. 1960-х г. працягваў палітыку свайго папярэдніка. Прэзідэнт Чэхаславакіі (1957—68). На студзеньскім (1968) пленуме ЦК КПЧ абвінавачаны ў правядзенні памылковай ідэалаг., эканам. і нац. палітыкі, адхілены ад кіраўніцтва партыяй, а пазней ад усіх інш. пасад. Адстаўка Н. паспрыяла пачатку «Пражскай вясны».

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАВА Ірына Васілеўна (н. 19.1.1952, г. Канск Краснаярскага краю, Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1994), праф. (1997). Скончыла БДУ (1976). З 1982 у Бел. эканам. ун-це, з 1995 у БДУ. Навук. працы па праблемах дзярж. рэгулявання і яго трансфармацыі ў прамыслова развітых краінах і краінах з пераходнай эканомікай; рэгіянальнай інтэграцыі, эвалюцыі рыначных сістэм; рэфармавання эканомікі Беларусі і яе інтэграцыі ў сусв. эканоміку.

Тв.:

Рынок и государство: проблемы макрорегулирования. Мн., 1994;

Системная методология в экономических исследованиях. Мн., 1996;

Глобализация и рынок: Поиски стратегии нац. выживания в XXI в. // Государственная поддержка предпринимательства в современных условиях: Материалы Респ. науч.-практ. конф. Мн., 1999.

т. 11, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДЭНШЭ́ЛЬД (Nordenskiöld) Нільс Адольф Эрык (18.11.1832, Хельсінкі — 12.8.1901),

шведскі географ і геолаг, даследчык Арктыкі. Чл. Стакгольмскай АН (1858). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1879). Скончыў Хельсінкскі ун-т. У 1856 і 1861 удзельнічаў у экспедыцыях на Шпіцберген пад кіраўніцтвам О.​М.​Торэля. У 1864—73 кіраваў экспедыцыяй на гэты архіпелаг, у 1870—83 — у Грэнландыю, дзе даследаваў яе ледавіты шчыт. У 1878—79 на судне «Вега» праплыў Паўн.-Усх. праходам з Атлантычнага ў Ціхі ак. з зімоўкай на Чукоцкім п-ве. Імем Н. наз. архіпелаг у Карскім м., заліў і мыс на Новай Зямлі, мыс і ледавік у Грэнландыі, рака ў Канадзе і інш.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лейпцыгу,

нямецкая нац. бібліятэка. Засн. ў 1912. У 1950 у яе склад уключаны Ням. музей кнігі і пісьменства (засн. ў 1884) з каштоўнымі зборамі рукапісаў, інкунабул і старадрукаў, у 1959 — зборы Т-ва ням. кнігавыдаўцоў у Лейпцыгу (засн. ў 1825), у 1964 — Ням. музей вытв-сці паперы (засн. ў 1957). Збірае і захоўвае творы нямецкамоўнага сусв. пісьменства, даследаванні па германістыцы. З’яўляецца нац. бібліягр. цэнтрам (з 1931 выдае бягучую «Нямецкую нацыянальную бібліяграфію»). У 1991 разам з Ням. б-кай у Франкфурце-на-Майне і Муз. архівам у Берліне ўвайшла ў склад створанай у 1990 федэральнай установы «Нямецкая бібліятэка».

П.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл ад функцыі, зададзенай на якой-н. паверхні. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні фіз. задач.

Да П.і. зводзіцца, напр., задача вылічэння масы, размеркаванай па зададзенай паверхні з пераменнай паверхневай шчыльнасцю (П.і. 1-га роду), што вядзе да вылічэння двайных інтэгралаў (гл. Кратны інтэграл). Некаторыя задачы фізікі, напр., задача вызначэння патоку вадкасці праз зададзеную паверхню, зводзяцца да вылічэння П.і., дзе паверхня мяркуецца арыентаванай (мае зададзены дадатны напрамак нармалі да яе). Такія інтэгралы наз. П.і. 2-га роду і звязаны з трайнымі інтэграламі па аб’ёме, які абмежаваны зададзенай паверхняй (гл. Астраградскага формула), а таксама з крывалінейнымі інтэграламі ўздоўж замкнутага контуру, які абмяжоўвае зададзеную паверхню (гл. Стокса формула).

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯ паверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.

Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = 𝑓(u)cosφ, y = 𝑓(u)sinφ, z = u, дзе 𝑓(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.

Да арт. Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДКА, падгалосак,

верхні саліруючы голас, які ў нар. шматгалоссі кантрапунктуе асн. напеву ніжняга голасу, што вядзе ўвесь хор («басуе», «туруе»), Выконваецца адным найб. майстэрскім спеваком (што можа «падняць песню»). Бел. шматгалосы спеў з П. роднасны спеву Укр. Палесся (з майстэрствам «выводзіць») і тыпалагічна блізкі спеву рус. данскіх казакоў (з майстэрствам «дышканціць»), На Беларусі найб. пашыраны на Палессі, сустракаецца таксама на Магілёўшчыне і паўд. Міншчыне.

Літ.:

Можейко З. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;

Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)