МАКРЭ́ДЗІ ((Macready) Уільям Чарлз) (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКО́ВІЧ (Марына Фядосьеўна) (1903, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.жн. 1943),

адна з арганізатараў Мінскага патрыятычнага падполля, кіраўнік Каладзішчанскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыла акадэмію камуніст. выхавання імя Крупскай (1932). З 1924 на камсам. рабоце ў Глускім, Жлобінскім, Бабруйскім р-нах, працавала ў Ін-це сав. права, Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, БПІ. У час ням.-фаш. акупацыі стварыла падп. групу з б. студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага юрыд. ін-та, узначальвала падполле ў пас. Калодзішчы Мінскага р-на. У час падрыхтоўкі дыверсіі схоплена акупантамі і закатавана.

М.​Ф.​Малаковіч.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛА́НКА»,

серыя сав. штучных спадарожнікаў Зямлі для рэтрансляцыі тэлевізійных праграм, далёкай тэлегр., тэлеф. і фотатэлегр. сувязі. Уваходзіць у склад сістэмы касм. сувязі «Арбіта». У 1965—92 запушчана каля 100 «М.». Арбіты (акрамя «М-1С») эліптычныя, сінхронныя, з вял. эксцэнтрысітэтам і апагеем над Паўн. паўшар’ем; выш. ў апагеі каля 40 тыс. км, у перыгеі — 460—650 км, перыяд абарачэння каля 12 гадз. Пры такіх арбітах працягласць сеансаў сувязі праз 1 ШСЗ 8—10 гадз у суткі, пры выкарыстанні 3 ШСЗ дасягаецца кругласутачная сувязь.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. «Маланка»: арбіта ШСЗ «Маланка-1» з апагеем над Паўночным паўшар’ем Зямлі.

т. 10, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НІН (Яўген Васілевіч) (н. 8.11. 1930, Масква),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, клас Г.Нейгаўза), з 1957 выкладае ў ёй (з 1974 праф.). З 1958 саліст Маскоўскай філармоніі. Яго творчай індывідуальнасці найб. блізкая музыка рамант. плана. Выкананне адметнае паэт. адухоўленасцю, мяккасцю, лірызмам. У рэпертуары творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, І.​Брамса, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, Дз.​Шастаковіча, Р.​Шчадрына і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1949) і імя М.​Лонг—Ж.​Цібо (Парыж, 1953; Вял. прыз).

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯНКО́Ў (Георгій Максімілянавіч) (8.1.1902, г. Арэнбург, Расія—14.1.1988),

савецкі дзяржаўны і паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Удзельнік грамадз. вайны. Чл. ЦК (1939—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1946—57, канд. з 1941), сакратар ЦК (1939—46 і 1948—53) КПСС. У Вял. Айч. вайну чл. Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР (1941—45). у 1946—53 і 1955—57 нам. старшыні, у 1953—55 старшыня СМ СССР. У 1957 разам з Л.М.Кагановічам, В.М.Молатавым і інш. выступіў супраць паліт. лініі М.С.Хрушчова, быў выведзены з Прэзідыума ЦК і ЦК КПСС. У 1957—61 на гасп. рабоце.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),

сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГЕ́ЛАЎ (Сцяпан Прохаравіч) (28.3. 1902, в. Расохавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.6.1938),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі. Канд. эканам. н. (1934), праф. (1930). Скончыў БСГА (1927). У 1933—35 у Ін-це нар. гаспадаркі (заг. секцыі, заг. кафедры), у 1930—37 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (вучоны сакратар). Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957. Працы па размяшчэнні прам-сці, сельскай гаспадарцы, па народанасельніцтве Беларусі. Удзельнічаў у складанні плана 2-й пяцігодкі, у рэдагаванні Вял. Сав. Атласа, у эканам. абследаванні раёнаў Беларусі.

Тв.:

Да пытання аб рэсурсах Палесся БССР. Мн., 1933;

Эканамічная геаграфія БССР. Мн., 1936 (у сааўт.).

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (1909 — люты 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З першых дзён акупацыі Мінска адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнік падп. групы з работнікаў канторы Галоўнафтазбыту, дзе ён працаваў перад вайной. Прымаў па радыё і распаўсюджваў зводкі Саўінфармбюро, на яго кватэры падпольшчыкі праводзілі нарады, хавалі шрыфты, падп. л-ру. З мая 1942 заг. аддзела агітацыі і прапаганды Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, у жн.вер. кіраваў падрыхтоўкай матэрыялаў і выпускам № 2—4 падп. газ. «Звязда». 25.9.1942 схоплены фашыстамі, загінуў у Трасцянецкім лагеры смерці.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),

таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед. ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.​Ткачова.

Ніязі.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАГАРАДО́ЦКІ БОЙ 1943,

бой 425-га партыз. палка па разгроме 1-га ням. батальёна 278-га грэнадзёрскага палка 95-й дывізіі 14 снеж. ў в. Новы Гарадок Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны перакрылі ўсе падыходы да вёскі і ў ноч на 14 снеж. пачалі наступленне, знішчылі штаб праціўніка, гаражы з аўтамабілямі, склады, захапілі штабныя дакументы. Адначасова, каб адцягнуць увагу праціўніка, узвод партызан атакаваў суседні гарнізон у в. Лубянка. У выніку бою ўвесь фаш. батальён быў знішчаны, партызаны захапілі шмат стралк. зброі, боепрыпасы, амуніцыю і прадукты харчавання ворага.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)