КО́КАН (франц. cocon),

ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЕРЫ НАПА́ЛУ — колеры свячэння металу, якія залежаць ад т-ры нагрэву. Для сталі характэрны колеры: цёмна-карычневы (550), карычнева-чырвоны (630), цёмна-чырвоны (680), цёмна-вішнёвы (740), вішнёвы (770), ярка- або светла-вішнёвы (800), светла-чырвоны (850), ярка-чырвоны (900), жоўта-чырвоны (950), жоўты (1000), ярка- або светла-жоўты (1100), жоўта-белы (1200), белы (1300). Да з’яўлення пірометраў і аўтам. вымяральных прылад па колерах на працягу вякоў вызначалі т-ру нагрэву металаў.

т. 8, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПТЫ,

этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн. чал.), а таксама ў інш. краінах Б.​Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн. чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл. Копцкае мастацтва).

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЛЕВІЧ ((Kraljević) Міраслаў) (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),

харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЛІНЕ́ЙНЫ ІНТЭГРА́Л,

інтэграл, узяты ўздоўж крывой на плоскасці ці ў прасторы. Адрозніваюць К.і. 1-га і 2-га роду, якія зводзяцца да вызначаных інтэгралаў, у некаторых выпадках да двайных (гл. Грына формулы) ці паверхневых інтэгралаў (гл. Стокса формула). Упершыню сустракаюцца ў А.К.Клеро (1743) у агульным выглядзе ўведзены А.Кашы (1825). К.і. ўзнікаюць у задачах адшукання масы крывой пераменнай шчыльнасці (К.і. 1-га роду), работы ў сілавым полі (К.і. 2-га роду) і інш.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУШЧЭ́ННЕ,

адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СІЦК,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Стыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад горада і 44 км ад чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 726 ж., 296 двароў (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка і паселішча эпохі неаліту і ранняга жал. веку.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТО́ (франц. loto ад італьян. lotto),

гульня на асобых картках з радамі лічбаў на іх, якія закрываюць гульцы па меры таго, як адзін з удзельнікаў гульні выцягвае спец. драўляныя фішкі і называе нумары, пазначаныя на іх. Выйграе той, хто раней закрые рады лічбаў на сваёй картцы. Л. з’явілася ў г. Генуя (Італія) у 16 ст. Існуюць розныя віды Л., у т. л. для дзяцей, калі на картках замест лічбаў паказаны розныя жывёлы, расліны ці інш.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ,

пасёлак у Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Заснаваны ў 1966. Цэнтр сельсавета і аграфірмы-калгаса «Рагазянскі». За 12 км на У ад горада і чыг. ст. Жабінка, 27 км ад Брэста. 1213 ж., 621 двор (1999). Торфабрыкетны з-д. Санаторый «Буг». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік прыроды рэсп. значэння — дуб-волат у парку «Ацячызна».

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА ў музыцы,

1) у мензуральнай натацыі знакі, што абазначаюць дзве і болей ноты, якія выконваюцца звязна, звычайна на адзін склад. 2) Абазначэнне аб’яднання 2 суседніх нот аднолькавай вышыні ў адну ноту сумарнай працягласці з дапамогай лігі — дугападобнай рысы, выгнутай уверх або ўніз. Ліга над групай нот рознай вышыні патрабуе іх звязнага выканання і адасаблення ад суседніх гукаў ці іх груп, у вак. музыцы — выканання ўсіх аб’яднаных лігай нот на адзін склад.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)