КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),
англійскі пісьменнік. Д-рмед.н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр.кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЫ,
прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).
Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,
сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс.чал.) і малых (па 6—7 тыс.чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн.чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.
Літ.:
Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,
помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.
Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.
У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,
грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш. краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІХ ВЯТРО́Ў ЦЯЧЭ́ННЕ,
паверхневае цячэнне ў Паўд. паўшар’і. Напрамак цячэння з З на У паміж 40° і 55°паўд. ш., абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваюцца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тыс.км, шыр. каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах зах. вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўд. палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўд.ч. Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. ад халодных антарктычных вод. Скорасць 0,4—0,9 км/гадз. Т-ра вады паверхневага слоя 12—15 °C у паўн.ч. цячэння і 1—2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35‰ да 34‰ Зону З.В.ц. з-за частых і моцных штормаў наз. «равучымі саракавымі» шыротамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ТЫ, іонаабменнікі,
цвёрдыя, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках рэчывы, здольныя да іоннага абмену.
Маюць іанагенныя (дысацыіруючыя на іоны) групы, якія замацаваны на палімернай матрыцы. Паводле тыпу іанагенных груп адрозніваюць катыяніты (полікіслоты), аніяніты (поліасновы) і амфатэры (поліамфаліты). Паводле хім. прыроды матрыцы падзяляюць на арган., неарган. і мінеральна-арган., па паходжанні — на прыродныя і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт.арган. І. (гл.Іонаабменныя смолы), з неарган. — алюмасілікаты. Асн. ўласцівасці — абменная ёмістасць (колькасць мг-экв іонаў, якія паглынаюцца адзінкай масы ці аб’ёму І.) і селектыўнасць (характарызуецца каэф. селектыўнасці, які паказвае ступень абагачэння І. пэўным іонам у параўнанні з растворам). Выпускаюць у выглядзе гранул, парашкоў, валакністых матэрыялаў, мембран. Выкарыстоўваюць для дэмінералізацыі і змякчэння вады, выдалення ўрану і медзі з руд, раздзялення рэдказямельных элементаў, у вытв-сці антыбіётыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),
у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст.с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).
Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСАР,
прыстасаванне, якое дае магчымасць пабудаваць лінію аднаго віду (напр., прамую) з лініі другога віду (напр., акружнасці). Прынцып работы засн. на геам.інверсіі; асн. частка І. — шарнірны механізм.
Першы І., які набліжана пераўтвараў кругавы рух у прамалінейны вынайшаў Дж.Уат (паралелаграм Уата, 1784) і выкарыстоўваў яго ў паравой машыне для спалучэння паступальнага руху поршня з вярчальным рухам махавіка. Шэраг падобных механізмаў сканструяваў П.Л.Чабышоў на аснове створанай ім тэорыі функцый, якія найменш адхіляюцца ад нуля (1858). Дакладныя спрамляльныя механізмы (напр., інверсар Паселье; 1864) выкарыстоўваюцца для пераўтварэння ліній з аднаго віду ў другі, у тэхніцы — для пераўтварэння кругавога руху ў зваротна-паступальны (гл. таксама Крывашыпны механізм, Кулісны механізм).
Інверсары: а — Паселье (здабытак адлегласцей OA∙OC= const пры любых перамяшчэннях пункта A адносна цэнтра інверсіі O); б — падвойны паралелаграм Уата ў паравой машыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (21.11.1867, Масква — 29.11.1952),
рускі хімік, ваен. інжынер, арганізатар хім. прам-сці ў СССР. Акад.АНСССР (1925), ген.-лейт. (1914). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1892), дзе і працаваў да 1918 (з 1899 праф.). З 1930 у ЗША. Навук. працы па каталітычным арган. сінтэзе, па неарган. хіміі і нафтахіміі. Атрымаў сінт. ізапрэн (1897). Даследаваў тэрмакаталітычныя рэакцыі пераўтварэння спіртоў, на аснове якіх распрацаваў новыя метады сінтэзу альдэгідаў, эфіраў, алефінаў (1901—05). Выкарыстаў высокі ціск у гетэрагенным каталізе і для правядзення неарган. рэакцый. Сканструяваў прыбор — «бомба І.» (1904), які стаў правобразам аўтаклаваў і рэактараў, што выкарыстоўваюць у хім. практыцы. Аўтар манаграфіі «Каталітычныя рэакцыі пры высокіх тэмпературах і ціску» (1936). Прэмія імя У.І.Леніна 1927.
Літ.:
Локтев С.М. Академик Ипатьев — химик нового века. М., 1991.