герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст.Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял.дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел.Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.
З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1994;
Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд.Мн., 1993;
«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.
А.К.Цітоў.
Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАКЛІ́МАТЫ (ад палеа... + клімат),
кліматы мінулых геал. эпох. Рэканструкцыю іх ажыццяўляюць паводле розных ускосных прыкмет: рэчыўнага складу і тэкстурных асаблівасцей асадкавых горных парод, выкапнёвых рэшткаў флоры і фауны, адбіткаў гадавых кольцаў дрэў, суадносін хім. элементаў і ізатопаў кіслароду ў ракавінах выкапнёвых арганізмаў, рэжыму ўвільгатнення, становішча геагр. шырот у мінулым і інш.
Змены кліматычных паказчыкаў у значнай ступені залежаць ад трансгрэсіі мораў, размеркавання сушы і мора, працэсаў гораўтварэння, размяшчэння тэрыторыі ў пэўных шыротах (у сувязі з рухам кантынентальных пліт), змены ледавіковага покрыва, вышыні над узроўнем мора, напрамку акіянічных цячэнняў, складу атмасферы, характару занальнасці і інш. Вывад аб характары П. грунтуецца на параўнанні кліматычных паказчыкаў мінулага з іх сучаснымі аналагамі. Найб. надзейныя вынікі даюць рэканструкцыі, заснаваныя на комплексным метадзе даследавання, Вывучае П. палеакліматалогія.
Для тэр. Беларусі на працягу большай ч.геал. часу было характэрна панаванне гарачага субтрапічнага клімату. У археі клімат быў гарачы і засушлівы. У познім рыфеі, калі частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займаў мелкаводны марскі басейн, клімат быў цёплы і сухі. У пач. венду наступіла моцнае пахаладанне і ўся яе тэрыторыя была ўкрыта магутнымі льдамі покрыўнага зледзянення, пасля якога зноў пацяплела. Цёплы і вільготны клімат быў у палеазойскай эры, сухі — на працягу большай ч. дэвону і пермі, пераважна вільготны — у кембрыі, ардовіку, сілуры і карбоне, цёплы (у 1-й палавіне сухі, у 2-й — вільготны) — у мезазойскай эры. У кайназойскай эры паступовае пахаладанне прывяло да магутных зледзяненняў у антрапагене. У пач. і сярэдзіне палеагену Пд Беларусі быў у зоне субтрапічнага клімату, на Пн клімат быў блізкі да ўмеранага; у сярэдзіне перыяду пачалося пахаладанне, якое працягвалася і ў неагене. У антрапагенавым перыядзе характэрна чаргаванне значных пахаладанняў і перыядаў развіцця ледавіковых покрываў (гл.Ледавікі) з міжледавікоўем, калі клімат станавіўся блізкім да сучаснага або больш цёплым. Найб. вывучаны П. антрапагенавага перыяду. Мінім. па сваіх памерах апошняе (паазерскае) зледзяненне адзначалася найб. пашырэннем холаду, узнікненнем шматгадовай мерзлаты, макс. замярзаннем акіянаў. Пасля яго раставання, каля 10 тыс.г. назад, пачаўся пасляледавіковы (галацэнавы) час з макс. пацяпленнем у атлантычны перыяд (5—8 тыс.г. назад), калі сярэднегадавыя т-ры паветра былі на 1,5—2 °C вышэй за сучасныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ІРЛА́НДЫЯ (Northern Ireland),
Ольстэр, адм.-паліт. частка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. Займае паўн.-ўсх. частку в-ва Ірландыя. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 1663,3 тыс.чал. (1996), каля 60% — ольстэрцы (пратэстанты, нашчадкі выхадцаў з Англіі і Шатландыі), каля 35% — ірландцы (католікі, карэнныя жыхары). Пратэстантаў больш на У і ў гарадах, католікі пераважаюць у сельскай мясцовасці на З. Адм. і эканам. цэнтр, гал. порт — г.Белфаст. Паверхня хвалістая, на ўскраінах невысокія горы (да 852 м). Клімат умераны акіянічны. Сярэдняя т-раліп. каля 15 °C, студз. каля 6 °C, выпадае каля 1000 мм ападкаў за год. Гал. рака Бан, вял. возера Лох-Ней. У прам-сці найб. развіты суднабудаванне, асабліва буд-ва танкераў; тэкст. (ільняная і з сінт. валокнаў), харч., эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., паліграф., папяровая, мэблевая, швейная, абутковая галіны. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля (дае каля 90% даходаў фермераў) — развядзенне і адкорм буйн. раг. жывёлы, свіней, авечак. Птушкагадоўля. Вырошчваюць бульбу і сеяныя травы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Гісторыя. Да пач. 20 ст. гісторыя П.І. непарыўна звязана з гісторыяй Ірландыі і Ольстэра. Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 П.І. засталася ў складзе Вялікабрытаніі (утворана з 6 графстваў Ольстэра з пераважна пратэстанцкім насельніцтвам — нашчадкамі англ. і шатл. каланістаў 17 ст.). У 1921—72 мела аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Працяглая паліт., эканам., сац. і культ.-асв. дыскрымінацыя каталіцкай меншасці пасля дэманстрацый пратэсту католікаў у Ландандэры і Белфасце ў 1968—69 і рэакцыі на гэта мясц. паліцыі і пратэстанцкіх экстрэмістаў прывялі да адкрытага нац., рэліг. і эканам. канфлікту ў П.І. (вулічныя баі, акцыі сабатажу). У 1969 брыт. ўрад увёў сюды рэгулярныя войскі, у 1972 — прамое кіраванне рэгіёнам з Лондана. У гэтых умовах актывізаваліся тэрарыст. каталіцкія (гл.Ірландская рэспубліканская армія) і пратэстанцкія групоўкі, у 1969—92 загінула больш за 3 тыс.чал. У 1990-я г. пры пасрэдніцтве Вялікабрытаніі і Ірландыі з’явіліся рэальныя шанцы для мірнага вырашэння канфлікту, асабліва пасля падпісання 10.4.1998 у замку Стормант (прыгарад Белфаста) шматбаковага пагаднення аб урэгуляванні ў П.І. (ухвалена на рэферэндумах у П.І. і Ірландыі ў маі 1998). Дзейнічае шэраг каталіцкіх (Шын-фейн, С.-д. партыя працы) і пратэстанцкіх (Партыя юніяністаў Ольстэра, Дэмакр. юніянісцкая партыя і інш.) партый.
Літ.:
Орлова М.Е. Северная Ирландия: опыт преобразований в расколотом обществе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА (Уладзімір Іванавіч) (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел. гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎу Маскве.
Склаўся на базе 5 асн.гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК (ад італьян. banco крама мянялы),
фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш.банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацый — камерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.
Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.
Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн.руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас. імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн.руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн.руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.
З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн.руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н.банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).
На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш.нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́Н (Berlin),
горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя абвярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;