АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі,

спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́РЫ,

рыбы атрада карпападобных. 2 віды: амур белы (Ctenopharyngodon idella) і амур чорны (кітайская плотка; Mylopharyngodon piceus). Радзіма — Усх. Азія ад р. Амур да Паўд. Кітая. На Беларусь амур белы завезены ў 1963, чорны — у 1977. Ва ўмовах Беларусі не нерастуюць; вытворнікі і лічынкі завозяцца. Амур белы штучна разводзіцца ў Белаазерскай садковай рыбнай гаспадарцы і гадуецца ў сажалках і некаторых азёрах.

Даўж. цела да 120 см, маса да 32 кг. Луска буйная. Палавая спеласць у 7—9 гадоў пры даўж. каля 70 см. Нераст у чэрв. — ліпені. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, малюскамі, хутка растуць. Перспектыўныя для зарыблення каналаў меліярац. сістэм, водапрыёмнікаў, вадаёмаў, якія хутка зарастаюць.

Амуры: белы (уверсе); чорны.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́К (Леанід Іванавіч) (н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-р філал. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́НІЯ (Begonia),

род кветкавых раслін сям. бягоніевых. Каля 900 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На Беларусі шмат відаў вырошчваюць у аранжарэях, цяпліцах, пакаёвай культуры (напр., бягонія каралеўская — B. rex, Крэднера — B. credneri, металічная — B. metallica, Мэсона — B. masconiana, срэбраплямістая — B. argenteo-quttata і інш.) і адкрытым грунце (напр., бягонія гібрыдная — B. tuberhybrida, заўсёдыквітучая — B. semperflorens і інш.).

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым карэнішчам або клубнем, рэдка кусты або ліяны. Лісце звычайна простае, асіметрычнае, на чаранках. Кветкі розных памераў і афарбоўкі, звычайна яркія, аднаполыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — сухая каробачка з дробным насеннем. Дэкар. расліны (адрозніваюць кустовыя, клубневыя і лісцевыя бягоніі).

Бягонія каралеўская.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́НКА, ваўнянка белая (Lactarius pubescens),

шапкавы пласціністы грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі пераважна ў маладых, часта забалочаных бярозавых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жніўні—верасні.

Шапка да 6 см у дыяметры, тонкаапушаная, з загнутым уніз валакністым краем, белая, сухая або злёгку слізкая, з цягам часу становіцца шырокалейкападобная, сухая, белая або крэмаватая. Пласцінкі спачатку белыя, пасля крэмава-ружовыя. Ножка да 4 см выш., белая або з ружавата-крэмавым адценнем, гладкая, пустая. Мякаць белая, пад скуркай ружаватая, са слабым пахам герані, мае горкі млечны сок. Ядомы грыб. Ужываецца толькі солены (пасля вымачкі і адварвання). Вонкавым выглядам нагадвае сапраўдную ваўнянку.

Бялянкі.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ (Anura, Ecaudata),

атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.

Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,

група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям. весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.

Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Вадзяныя клапы: 1 — вясляр асаблівы; 2 — гладыш; 3 — плаўт звычайны; 4 — ранатра; 5 — прыбярэжнік звычайны; 6 — вадамерка; 7 — вадзяны скарпіён.

т. 3, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія навуч. ўстановы паўвайсковага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 ст. для дзяцей дваран, пераважна афіцэраў. Утвораны ў 1863—65 на базе кадэцкіх карпусоў. У некаторыя ваенныя гімназіі прымалі юнакоў і недваранскага паходжання. Тэрмін навучання 6, з 1873 — 7 гадоў. Мелі агульнаадук. праграму, але захоўвалі традыц. для кадэцкіх карпусоў паўвайсковы ўклад і вайсковую форму. Выкладаліся Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, чыстапісанне і маляванне. У параўнанні з кадэцкімі карпусамі ў ваенных гімназіях была павялічана колькасць цывільных выкладчыкаў. У Рас. імперыі дзейнічала 18 такіх гімназій, у т. л. Полацкая. У 1882 ваенныя гімназіі зноў рэарганізаваны ў кадэцкія карпусы (існавалі да 1918).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,

эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш. бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».

Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НКА (Aruncus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, пераважна ў горных раёнах. Рэлікты трацічнай тургайскай флоры. На Беларусі ў зах. і цэнтр. раёнах трапляецца валжанка звычайная, або двухдомная (A. vulgaris). Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах. Рэдкі знікаючы від, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі, уведзены ў культуру.

Двухдомныя шматгадовыя травяністыя расліны або кусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м і тоўстым дравяністым карэнішчам. Лісце двойчы-, тройчыперыстае, пілавата-зубчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, белыя або крэмавыя, у коласападобных гронках, сабраных у буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — шматлістоўка. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.

Валжанка звычайная.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)