ЛІ́МФА (ад лац. lympha чыстая вада, вільгаць),

вадкасць, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вял. колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90% лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш. Удз. в. — 1,017—1,026; pH 7,4—9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10—15 хвілін). Аб’ём Л. ў чалавека 1,5—2 л.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНД ((Lind) Ені) (Жэні; 6.10.1820, Стакгольм — 2.11.1887),

шведская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася спевам у школе пры Каралеўскім т-ры (Стакгольм), з 1838 у трупе гэтага т-ра. З 1844 у Прыдворным т-ры ў Берліне, інш. т-рах Еўропы. З 1856 жыла ў Вялікабрытаніі. Валодала голасам надзвычай вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру і крыштальнай чысціні (яе называлі «шведскі салавей»). Сярод партый, у т. л. драм. сапрана: Норма, Аміна («Норма», «Самнамбула» В.​Беліні), Аліса («Роберт-Д’ябал» Дж.​Меербера), Амалія («Разбойнікі» Дж.​Вердзі), Адзіна («Любоўны напітак» Г.​Даніцэці) і інш. Яе творчасць — значны этап у станаўленні швед. нац. рамантызму.

Е.Лінд.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦЫ,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас. войск у Клясціцкіх баях 1812.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),

англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАК (Мікалай Мікалаевіч) (12.7. 1905, г. Іванава Брэсцкай вобл. — 14.2. 1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928). Удзельнік грамадз. вайны. У 1921—24 працаваў на буд-ве Волхаўскай ГЭС. З 1925 у Чырв. Арміі. З 1937 выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял. Айч. вайну з 1942 нач. снайперскай школы, з 1944 камандзір стралк. палка на 3-м Бел. фронце. Полк на чале з палк. К. вызначыўся 15—17.8.1944 у баях за выхад на мяжу з Усх. Прусіяй, дзе знішчыў шмат баявой тэхнікі і жывой сілы ворага. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.​Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.​С.​Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял. Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ЗЕ (Крус) Апалон Якаўлевіч

(15.12.1892, г. Пецярбург — 6.5.1967),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1949). Беларус. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). З жн. 1912 у арміі, з ліст. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1936 камандзір палка, выкладчык Ваен. акадэміі, нач. курсаў удасканалення камсаставу. У Вял. Айч. вайну на Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 3-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай аперацыі, баёў у Венгрыі і Славакіі. У 1945—58 у Мін-ве абароны СССР, нам. нач. Ваен. акадэміі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЛІКАЎ (Пётр Георгіевіч) (вер. 1910, с. Крэпасць Узень Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Брэсцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т у Маскве (1934), курсы партактыву пры ЦК ВКП(б) (1937). З кастр. 1939 на парт. рабоце на Беларусі, са студз. 1941 сакратар парт. к-та Брэсцкага чыг. вузла, чл. Брэсцкага гаркома КЛ(б)Б. У жн. 1941 у акупіраваным Брэсце Ж. (падп. псеўд. Пятроў) — ініцыятар стварэння гар. кіруючага парт. цэнтра, які аб’ядноўваў 7 падп. арг-цый (125 чал.). 10.10.1943 акупанты схапілі яго і закатавалі ў турме.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́НІН (Сяргей Георгіевіч) (31.8.1906, с. Мядзведзіцкае Кімрскага р-на Цвярской вобл., Расія — 27.1.1977),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Магілёўскай і Брэсцкай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1928. З чэрв. 1941 на Зах. фронце, нам. камандзіра танк. палка. З ліп. 1941 у партызанах: арганізатар атрадаў у Круглянскім і Шклоўскім р-нах, камандзір групы атрада «Сяргея», адначасова ў кастр. 1942 — жн. 1943 камандзір 8-й Круглянскай партыз. брыгады, у жн.снеж. 1943 — Круглянскай ваенна-аператыўнай групы, потым — 8-й партыз. брыгады. Аўтар кн. «Ад Дняпра да Буга» (1974).

С.Г.Жунін.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІН (Павел Андрэевіч) (18.3.1913, с. Вараб’ёўка Варонежскай вобл., Расія — 6.2.1987),

расійскі ваенны гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1968), ген.-лейт. (1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1946). У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у бітве пад Масквой, вызваленні Беларусі. З 1958 нам. гал. рэдактара «Военно-исторического журнала», з 1964 прарэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, з 1966 нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР. Асн. працы: «Гібель напалеонаўскай арміі ў Расіі» (1968), «Фельдмаршал М.​І.​Кугузаў» (3-е выд., 1987), «Айчынная вайна 1812 г.» (3-е выд., 1988) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1982.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)