прыстасаванне дляэлектраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст.брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЕАПРАЦО́ЎКА,
наданне прыроднаму каменю патрэбнай формы і пэўнага выгляду. Уключае распілоўку блокаў на загатоўкі, акантоўку іх па памерах, прафілёўку і фактурную апрацоўку вонкавай паверхні. Працэсы К. падзяляюцца на мех. (абразіўная і ўдарная апрацоўка каменю) і немех. (тэрмічная, ультрагукавая, гідраўл., электрагідраўл., апрацоўка токамі ВЧ, променем лазера). Вырабы К. (калоны, блокі, пліты, карнізы і інш.) пашыраны ў прамысл., трансп. і грамадз. буд-ве.
Распілоўку робяць на дыскавых, рамных або канатных станках. Дыскавыя (з дыяметрам дыска да 4 м) выкарыстоўваюць для надання каменю патрэбнай формы, рамныя — для распілоўвання каменю (могуць рабіць адначасова да 60 прапілаў) стальнымі стужкамі (з падачай у прапіл кварцавага пяску, карунду і інш.) або піламі, арміраванымі цвёрдымі сплавамі, канатныя — для выпілоўвання каменю з масіву і яго распілоўкі (гл.Каменярэзныя машыны).Абрэзка загатовак да зададзеных памераў (акантоўка) робіцца на універсальных станках з карбарундавымі дыскамі або з дыскамі, на якіх замацаваны алмазы. Прафілёўка надае вырабам патрэбную форму. Апрацоўку вонкавай паверхні робяць шліфаваннем (з выкарыстаннем розных шліфавальных станкоў, паточных шліфавальных ліній і інструментаў) і ўдарным спосабам (траянкай, бучардай і інш.). Пры К. выкарыстоўваюцца таксама пнеўматычныя і эл. малаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць узаемадзейных камп’ютэраў, злучаных паміж сабой з дапамогай лініі сувязі (кабельных або тэлеф.) ці радыёканалаў для абмену інфармацыяй. Для забеспячэння функцыянавання К.с. выдзяляецца спец. камп’ютэр (сервер), у запамінальных прыстасаваннях якога размешчаны праграмы супольнага карыстання, базы даных і інш. Бываюць лакальныя і размеркаваныя (рэгіянальныя, глабальныя., напр.Інтэрнет).
Лакальныя аб’ядноўваюць камп’ютэры, якія знаходзяцца ў адным ці некалькіх блізка размешчаных збудаваннях і далучаюцца да ўнутр. кабельнай сеткі непасрэдна ці праз камутатары, канцэнтратары і інш. Размеркаваныя звычайна карыстаюцца паслугамі тэлекамунікацыйных ліній сувязі (напр., тэлефоннай). К.с. выкарыстоўваюцца для рашэння складаных задач навукі, тэхнікі, эканомікі, кіравання, адпрацоўкі інфармацыі і інш., якія патрабуюць размеркаваных баз даных і магутных выліч. рэсурсаў. На Беларусі (1998) найб. магутныя лакальныя К.с. створаны ў ін-тах фізікі, матэматыкі, тэхн. кібернетыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, заалогіі, эксперым. батанікі, фотабіялогіі, сацыялогіі, Цэнтр.навук. б-кі Нац.АН. Яны далучаны да рэгіянальнай сеткі БАСНЕТ (англ. BASNET, скарочанае ад Belorussian Academy of Sciences NetWork — сетка Бел.АН; аб’ядноўвае ЭВМ устаноў навукі, адукацыі, культуры і інш.) і да глабальнай сеткі Інтэрнет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага длягеал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬ,
адзін з асн. вегетатыўных органаў лістасцябловых раслін, служыць для прымацоўвання да субстрату і ўсмоктвання з яго вады і пажыўных рэчываў. Сапраўдныя К. першапачаткова з’явіліся ў дзеразападобных і папарацепадобных, найб. складаная будова — у насенных раслін. Адрозніваюць гал. К. (развіваецца з зародкавага), бакавыя (узнікаюць на галоўным К.) і прыдаткавыя (утвараюцца на сцёблах або лісці). Сукупнасць К. складае каранёвую сістэму — стрыжнёвую (у двухдольных раслін) і валасніковістую (у аднадольных). Расце К. толькі верхавінкай, ахаванай чэхлікам; па-за зонай росту знаходзіцца зона ўсмоктвання з каранёвымі валаскамі. Пажыўныя рэчывы (вада, мінер. солі, арган. малекулы) перамяшчаюцца па сасудах К. да лістоў і сцёблаў у выніку дзеяння каранёвага ціску і транспірацыі. У К. сінтэзуюцца алкалоіды, гармоны росту і інш. фізіялагічна актыўныя злучэнні. К. выконвае шмат дадатковых функцый: назапашвае пажыўныя рэчывы, утварае прыдаткавыя пупышкі для надземных парасткаў, служыць для апоры (напр., хадульныя, дошкападобныя), ёсць К.-прычэпкі (ліяны), паветраныя (эпіфіты), зялёныя, здольныя да асіміляцыі (некат. архідэі), дыхальныя (мангравыя) і інш.
Да арт.Корань: а — віды каранёў: 1 — галоўны; 2 — бакавыя; 3 — прыдаткавыя; 4 — сцябло; б — каранёвыя сістэмы: 5 — стрыжнёвая; 6 — валасніковістая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш.Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г.п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў дляакупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ змена амплітуды, частаты ці інш. параметраў ваганняў па зададзеным законе, павольная ў параўнанні з перыядам гэтых ваганняў. У тэхн. прыладах і сістэмах мадуляцыя эл.-магн. ваганняў радыё- і аптычнага дыяпазонаў, а таксама акустычных хваль выкарыстоўваецца для трансфармацыі частотнага спектра зыходнага вагання з мэтай павышэння эфектыўнасці перадачы інфармацыі, для частотнага раздзялення розных сістэм і прылад, для забеспячэння іх адначасовай работы на розных нясучых частотах, змены часавых параметраў сігналаў і інш.
Найб. пашыраны амплітудная мадуляцыя, фазавая мадуляцыя, частотная мадуляцыя, розныя віды імпульснай мадуляцыі, а таксама іх камбінацыі, напр., амплітудна-фазавая. У залежнасці ад віду мадуляцыі амплітуда, частата ці фаза высокачастотных ваганняў («носьбіт» інфармацыі), а таксама палярызацыя (у выпадку святла; гл.Мадуляцыя святла) змяняецца (мадулюецца) у адпаведнасці з нізкачастотным сігналам, што перадаецца. Выкарыстанне канкрэтнага віду М.в. залежыць ад параметраў ліній сувязі, патрабаванняў да якасці перададзенай інфармацыі, характарыстык прыёмнай апаратуры і інш. Працэс, адваротны М.в., наз. дэмадуляцыяй і ажыццяўляецца ў прыёмнай апаратуры (гл.Дэтэктыраванне).
Амплітудная (б) і частотная (в) мадуляцыя ваганняў пры пілападобнай мадулюючай функцыі (а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЯТНІК,
цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.
Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл.Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́І І ВЫ́СТАВАЧНЫЯ ЗА́ЛЫў архітэктуры,
будынкі, прызначаныя для работы ўстаноў, якія ажыццяўляюць камплектаванне, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.
У будынках сучасных музеяў асн. функцыянальнымі элементамі з’яўляюцца выставачныя залы і сховішчы. Яны дапаўняюцца адм. памяшканнямі, б-кай, лекцыйнай залай, пакоямі для заняткаў, рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, лабараторыямі Шматграннасць дзейнасці музея выяўляецца ў складанай аб’ёмна-планіровачнай структуры будынка, якая забяспечвае магчымасць паслядоўнага азнаямлення з экспанатамі, а таксама выбарачнай змены маршруту, экспазіцый, наладжвання часовых выставак і інш. Архітэктура такіх будынкаў як элемент эмацыянальнага ўздзеяння найчасцей стварае маст. вобраз, адпаведны яго тэматыцы.
На Беларусі вылучаюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Купалы Янкі літаратурнага музея ў Мінску, музея прыроды нац. парку Белавежская пушча ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Будынкі выставачных залаў прызначаны для арганізацыі перыяд. выставак твораў мастацтва, дасягненняў вытв-сці, навукі і тэхнікі. На Беларусі функцыянуюць павільёны Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Найбольшая выставачная зала твораў выяўл. мастацтва — рэсп.Мастацкая галерэя ў Мінску.