ЖО́ДЗІНА,

горад абл. падпарадкавання ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 59,9 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца пад 1688 як в. Жодзіна Слабада Барысаўскага староства Мінскага ваяв., уласнасць Радзівілаў. Пасля 1793 у Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У 1871 праз Ж. прайшла чыгунка Масква—Брэст. У 1897—697 ж, 97 гаспадарак, царква (пабудавана ў 1864), нар. вучылішча, вадзяны млын, кузня, карчма, крама 3 1924 цэнтр сельсавета ў Смалявіцкім р-не. 21.1.1958 пасёлкі Смалявіцкай ДРЭС, з-да дарожных і меліярац. машын і суседнія вёскі Зарэчча і Крушынікі аб’яднаны з Ж. ў гар. пасёлак. У 1958 створаны Бел. аўтамаб. з-д (БелАЗ). З 7.3.1963 горад. У 1962—65 у складае Барысаўскага р-на. У 1970—22,1 тыс. ж.

Смалявіцкая ДРЭС, Беларускі аўтамабільны завод, з-ды дарожных і меліярац. машын, цяжкіх кавальскіх штамповак. Прадпрыемствы харч., лёгкай (швейна-трыкат. ф-ка і інш.), дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. Жывёлагадоўлі Беларускі НДІ, Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, Манумент у гонар маці-патрыёткі.

Фрагмент забудовы горада Жодзіна.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

адно з вызначэнняў сучаснага стану грамадства ў індустр. развітых краінах, якое звязана з якасна новым узроўнем вытв-сці, перапрацоўкі і распаўсюджання інфармацыі. Тэорыя І.г. ўзнікла ў 1970-я г., калі новая тэхнал. рэвалюцыя, усеагульная камп’ютэрызацыя і інфарматызацыя грамадства прывялі да глабальных змен у навук., тэхн., сац., духоўнай і інш. сферах яго жыццядзейнасці, паглыблення творчага, інтэлектуальнага пачатку ў матывацыі прац. дзейнасці, вытв-сці матэрыяльных і культ. каштоўнасцей. Такое грамадства ў розных тэарэт. канцэпцыях (Д.​Бел, З.​Бжазінскі, А.​Тофлер, А.​Кінг, Дж.​Нейсбіт) разглядаецца як адна з разнавіднасцей постіндустрыяльнага грамадства або як якасна новая ступень у развіцці грамадскага прагрэсу, якая прыходзіць на змену постіндустрыялізму. Асн. рысы І.г.: камп’ютэрызацыя, шырокае развіццё інфарм. тэхналогій і інфраструктур, у т. л. сродкаў масавай камунікацыі, інтэлектуалізацыя чалавечай дзейнасці; дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя; паглыбленне працэсаў інтэрнацыяналізацыі і фарміраванне наднац. эканам., сацыякульт. і паліт. структур. Паказчыкамі сац. і паліт. ўзроўню І.г. з’яўляюцца таксама ўсебаковая інфармаванасць насельніцтва, бесперашкодная работа ўсіх службаў і сродкаў масавай інфармацыі, неабмежаваны доступ карыстальнікаў інфармацыі да банкаў даных, свабодны абмен інфармацыяй, хуткае прымяненне і ажыццяўленне на гэтай аснове практычных рашэнняў і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (17.5.1907, г. Цвер, Расія — 4.4.1993),

бел. хімік-арганік. Акад. АН Беларусі (1966), д хім. н. (1935), праф. (1933). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1965). Скончыў Калінінскі пед. ін-т (1928). З 1928 у Маскоўскім дзярж. ун-це. У 1933—38 дырэктар Ін-та хіміі АН БССР, адначасова (з 1934) у БДУ. З 1946 выкладаў у ВНУ г. Перм. З 1967 у Ін-це фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў і арган. каталізе. Удзельнічаў у работах па атрыманні хларапрэнавага каўчуку (1932, разам з М.​Дз.Зялінскім). Прапанаваў метад сінтэзу вытворных хіналіну, заснаваны на рэакцыі каталітычнай кандэнсацыі араматычных амінаў з ацэтыленам (1936, рэакцыя К.). Распрацаваў алюмаплацінавыя каталізатары рыформінгу нафты. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

5,6-Бензохинолины. Мн., 1970;

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з Ю.​Р.​Егіязаравым, У.​І.​Кулікавым);

Катализаторы риформинга. Мн., 1976 (у сааўт.);

Каталитические свойства соединений редкоземельных металлов. Мн., 1977 (у сааўт);

Ультрастабильные цеолиты. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Урбановічам, М.​Ф.​Русак).

Літ.:

Н.​С.​Козлов // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1987. № 3.

М.С.Казлоў.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.​Корчык), С.​Т.​Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.​С.​Бабровіч, Р.​Д.​Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.​М.​Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.​Б.​Пірышка, А.​Х.​Раф, Л.І.Родзевіч, А.​М.​Розенштайн і інш.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПАЛ,

1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.

3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.

Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.
Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.​Гварыні. 1668—87.
Купал з ліхтаром.
Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЭ́ВІЧ (Васіль Феафілавіч) (24.1.1897, в. Кальнікі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.3.1969),

бел. вучоны ў галіне батанікі, заснавальнік глебавай энзімалогіі; дзярж. дзеяч Беларусі. Чл.-кар. АН СССР (1953). Акад. АН Беларусі (1952), д біял. н. (1942), праф. (1950). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў нар. асветы (Масква, 1931). З 1934 у Ін-це біял. навук. Беларусі. З 1938 у Бат. ін-це АН СССР (з 1949 дырэктар). З 1952 прэзідэнт АН Беларусі, адначасова з 1953 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1958 у Аддзеле фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН Беларусі. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, сістэматыцы грыбоў. Выявіў пазаклетачнае выдзяленне ферментаў у аблігатных паразітаў і кончыкамі каранёў вышэйшых раслін, даказаў магчымасць засвойвання раслінамі вуглекіслаты, якая трапляе ў каранёвую сістэму з вадою з глебы. Яго імем названы Ін-т эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі.

Тв.:

Науч. труды. Т. 1—4. Мн., 1971—75;

Академия наук Белорусской ССР. 3 изд. Мн., 1968.

Літ.:

Ліпскі У.С. Урокі Купрэвіча. Дак. аповесць. Мн., 1987;

Академик В.​Ф.​Купревич: Материалы юбилейной сессии Нац. акад. наук Беларусп, посвящ. 100-летию со дня рождения. Мн., 1997.

В.Ф.Купрэвіч.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШО́Ў (Канстанцін Ігнатавіч) (7.1. 1907, в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.5.1987),

бел. геолаг і геахімік. Акад. АН Беларусі (1953), д геолага-мінералагічных н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1931). З 1931 заг. кафедры, дэкан ф-та, з 1938 рэктар Ленінградскага ун-та. З 1939 у Наркамаце замежнага гандлю СССР. З 1944 заг. кафедры Ін-та знешняга гандлю СССР, з 1949 заг. кафедры Маскоўскага ун-та. З 1953 рэктар БДУ. У 1956—69 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1963—70 заг. лабараторыі, у 1971—77 дырэктар Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па грунтазнаўстве, фіз. і эканам. геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі. Распрацаваў занальную геахім. класіфікацыю кары выветрывання. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Основы литологии и геохимии коры выветривания Мн., 1958;

Очерки по геохимии гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1963;

Образование и миграция нефти. Мн., 1974 (разам з А.​В.​Кудзельскім);

Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980 (разам з В.​К.​Лукашовым);

Эколого-геохимическое изучение биосферы... Мн., 1989 (разам з І.​К.​Вадкоўскай).

Г.​А.​Маслыка.

К.І.Лукашоў.

т. 9, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),

расійскі і бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар. АМ СССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.​А.​Сямашкі, 1924; Г.​В.​Чычэрына, 1926; Р.​І.​Пятроўскага, 1928; К.​Я.​Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.​З.​Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.​К.​Панамарэнкі, В.​І.​Казлова, І.​Дз.​Варвашэні, М.​П.​Шмырова, усе 1944; С.​А.​Каўпака, Р.​Н.​Мачульскага, абодва 1945; В.​З.​Каржа, 1947; К.​П.​Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.

Літ.:

Гронский И.М. Ф.​А.​Модоров. М., 1956;

Осипов Д. Ф.​А.​Модоров. М., 1968.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.​Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ АНАТО́МІЯ,

раздзел паталогіі, які вывучае марфалагічныя асновы паталагічных працэсаў і хвароб на розных узроўнях (ад арганізмавага да малекулярнага). Падзяляецца на агульную (вывучае агульнапаталаг. працэсы) і асобную (даследуе асобныя хваробы). Аб’екты даследавання: трупы, біяпсіраваныя тканкі, тканкавыя культуры, эксперым. жывёлы. Метады даследавання: аўтапсія (ускрыццё трупа), біяпсія (прыжыццёвае мікраскапічнае даследаванне), эксперымент (стварэнне мадэляў паталаг. працэсу ці хваробы).

П.а. пачала фарміравацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік — італьян. ўрач Дж.​Марганьі. У 19 — пач. 20 ст. развіццю П.а. садзейнічалі працы М.​Біша і Ж.​Крувелье ў Францыі, К.​Ракітанскага ў Аўстрыі, А.​І.​Палуніна, М.​Н.​Нікіфарава, А.​І.​Абрыкосава ў Расіі.

На Беларусі развіццю спрыялі заснаванне кафедры П.а. ў Мінскім мед. ін-це (1923), працы І.​Т.​Цітова і Ю.​В.​Гулькевіча. Навук. даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. Вядучыя бел. спецыялісты — Г.​І.​Краўцова, М.​К.​Недзьведзь, Я.​Д.​Чарствой, Ю.​Р.​Бойка, Н.​Ф.​Сяляева, Ю.​В.​Крылоў.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;

Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. 3 изд М., 1993.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)