ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.

Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.​І.​Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.​М.​Вендэ); аб унутр. гандлі і кааперацыі (А.​Р.​Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.​У.​Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.​С.​Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.​А.​Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.

З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНК БССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦК КП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр. рэвіз. камісія з 5 чл.

Кр.:

XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.

У.​К.​Коршук.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЖАНІКІ́ДЗЕ Рыгор Канстанцінавіч (Сярго; 24.10.1886, с. Гарэша, Грузія — 18.2.1937),

партыйны і дзяржаўны дзеяч СССР. За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны царскім урадам. У 1917 член выканкома Петраградскага Савета і Петраградскага к-та РСДРП(б), адзін з кіраўнікоў Кастр. ўзбр. паўстання. Наведваў Беларусь як прадстаўнік ЦК РСДРП(б) у 1917 і як чл. Рэўваенсавета 16-й арміі Зах. фронту ў 1919. З 1920 старшыня Каўказскага бюро ЦК і сакратар Закаўказскага крайкома РКП(б). З 1926 старшыня ЦК ВКП(б), нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі, нам. старшыні СНК і Савета Працы і Абароны СССР. З 1930 старшыня ВСНГ, з 1932 нарком цяжкай прам-сці СССР. З 1930 чл. Палітбюро ЦК ВКП(б). Скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ Фёдар Аляксеевіч (9.1.1905, С.-Пецярбург — 15.3.1982),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобласці ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў Вышэйшай школе партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1939—40). У 1940—41 сакратар Баранавіцкага абкома КП(б)Б. З жн. 1943 сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1943 — сак. 1944 камандзір Баранавіцкага партыз. злучэння Паўд. зоны. З ліп. 1944 сакратар Баранавіцкага, 1-ы сакратар Бабруйскага, потым Гродзенскага абкомаў КПБ. У 1958—74 старшыня Камісіі сав. кантролю, потым дзярж. кантролю СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1949—52, 1954—66. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1954—62.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,

заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».

П.​І.​Зялінскі.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКО́ВІЧ Даніла Іванавіч (18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́Т Сцяпан Герасімавіч (11.5.1894, в. Слабада Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1921),

бел. дзярж. і парт. дзеяч, журналіст. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы. З 1913 настаўнічаў. У 1915—16 і 1918—19 вучыўся ў Мінскім настаўніцкім ін-це. З 1916 у арміі, скончыў Віленскае ваен. вучылішча, служыў у 153-м пях. палку, прапаршчык. У канцы 1917 дэмабілізаваны, настаўнічаў. З 1918 чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». У 1920 у час польск. акупацыі чл. ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага к-та; арганізатар партыз. атрадаў на Міншчыне. З ліп. 1920 працаваў у Мінскім губ. аддзеле нар. асветы, са жн. — заг. аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газ. «Белорусская деревня». З лют. 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, з мая 1921 — 3-і сакратар і заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б.

С.Г.Булат.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЮ́К Аляксандра Іванаўна (17.8.1904, в. Андронава Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 29.5.1995),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыла школу парт. кадраў КПЗБ у Мінску (1929), Камуніст. ун-т нац. меншасцей Захаду ў Маскве (1934). З 1926 чл. падп. Кобрынскага раённага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1929—37 сакратар ЦК КСМЗБ. За рэв. дзейнасць неаднаразова зняволена польскімі ўладамі. У 1934—35 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў партызанах, у 1943—44 сакратар Дзівінскага падп. райкома, чл. бюро Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—57 сакратар Брэсцкага, Маладзечанскага гаркомаў КПБ, заг. аддзела ЦК КПБ. Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ЎЧЫ З’ЕЗД КАМПА́РТЫЙ БЕЛАРУ́СІ, ЛІТВЫ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ,

гл. Другі з’езд КП(б)Б.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.​М.​Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.​І.​Эпімах-Шыпілы, К.​Б.​Езавітава, Ф.​Г.​Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.​В.​Доўнар-Запольскага, Дз.​І.​Даўгялы, Я.​Ф.​Карскага, А.​П.​Сапунова, У.​І.​Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.​М.​Горького. Мн., 1983.

В.​М.​Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дрысенскі падпольны райком КП(б)Б 3/435; 9/59; 10/180; 11/88

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)