АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),
1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.
2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці да т.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.
Літ.:
Обшая психология. 2 изд. М., 1986;
Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.
Т.У.Васілец (А. у псіхалогіі).
т. 2, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Э.В.Крупнова.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),
прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.
Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.
На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.
Л.Г.Лапцэвіч.
т. 7, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНСІЯ́НСТВА,
тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед. М., 1991.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛО́Г (ад мана... + грэч. logos слова, мова),
маналагічнае маўленне, форма (тып) маўлення, разлічаная на пасіўнае і апасродкаванае ўспрыняцце (у адрозненне ад дыялогу). М. ўласцівы значныя па памеры адрэзкі тэксту, якія складаюцца са структурна і змястоўна звязаных паміж сабой выказванняў, маюць індывід. кампазіцыйную будову і адносную сэнсавую завершанасць. Ступень праяўлення гэтых прыкмет залежыць ад жанравай (маст. М., аратарская прамова, быт. апавяданне і інш.) і ад функцыянальна-камунікатыўнай (апавяданне, разважанне, перакананне і інш.) прыналежнасці. Стылістычныя асаблівасці М. абумоўліваюць унутрыжанравыя адрозненні (аўтарская і простая мова персанажаў, навук. даклад і агітацыйнае выступленне) і вуснае ці пісьмовае ажыццяўленне маўленчага акта: пабудова сказаў, сінтакс. спосабы іх спалучэння, лексічны адбор і інш. М. можа быць у пэўнай ступені «дыялагізаваны»: уключаць звароткі, рытарычныя пытанні і інш. М. у літаратуры і тэатры — кампанент маст. твора ці самаст. жанр, аформлены пры дапамозе маналагічнага маўлення. У драме (спектаклі, кінафільме) — выказванне персанажа, звернутае да самога сябе або да інш. асоб, але фармальна не звязанае з іх рэплікамі.
Характэрны для трагедыі антычнасці, барока, Адраджэння, класіцызму, драмы рамантызму, сучаснай нерэалістычнай драмы, манадрамы (п’есы ў форме М.). Своеасаблівым М.-споведдзю ці М.-пропаведдзю з’яўляецца лірыка (пераважна т.зв. суб’ектыўная). Маналагічная форма ў эпасе — апавяданне ад першай асобы, у т. л. сказ. Асаблівая разнавіднасць М. — унутраны М. («плынь свядомасці»). Найб. часта М. карыстаюцца для выяўлення інтымных перажыванняў, абгрунтавання пэўнай ідэі, матывацыі ўчынкаў і паводзін, растлумачэння ранейшых падзей (пралогавая інфармацыя).
т. 10, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,
адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А.Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.
А.І.Жураўскі, Р.Р.Чэчат.
т. 10, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ МАРФАЛО́ГІЯ ЖЫВЁЛ,
комплекс навук, якія шляхам параўнання розных сістэматычных груп жывёл вывучаюць форму і будову іх цела і органаў у індывід. (антагенез) і гіст. (філагенез) развіцці з мэтай пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету. Выяўляе эвалюц. заканамернасці формаўтварэння (асабліва гомалагічных органаў), кірункі эвалюц. развіцця арганізмаў. Раскрывае прычыны і шляхі пераўтварэння органаў і арганізмаў у сувязі са зменай умоў існавання, растлумачвае наяўнасць анамалій развіцця і рудыментарных органаў, тэарэт. абгрунтоўвае біял. асновы клінічнай медыцыны, заатэхніі і інш. Уключае параўнальную анатомію жывёл, параўнальныя гісталогію, цыталогію, эмбрыялогію, паталаг. анатомію, функцыян. і экалагічную марфалогію. Цесна звязана з заалогіяй, сістэматыкай жывёл і інш. навукамі.
Асновы П.м. закладзены Арыстоцелем. Працы К.Галена, А.Везалія, У.Гарвея, Леанарда да Вінчы сталі асновай сістэматыкі К.Лінея. У 18 ст. развіццё П.м. у працах Ж.Кюўе, Ж.Сент-Ілера, Ж.Б.Ламарка назапасіла матэрыял для стварэння эвалюц. тэорыі Ч.Дарвіна. У 19 ст. ням. біёлаг К.Гегенбаўр увёў асн. паняцці П.м. — аналогію і гамалогію. У Расіі працы В.А.Догеля, М.А.Мензбіра, А.М.Северцава, І.І.Шмальгаўзена садзейнічалі стварэнню эвалюц. марфалогіі; А.А.Заварзіна, М.Р.Хлопіна — параўнальнай гісталогіі; К.М.Бэра, К.Ф.Вольфа, А.В.Іванова, А.А.Кавалеўскага, І.І.Мечнікава — параўнальнай эмбрыялогіі.
На Беларусі н.-д. работа па праблемах П.м. вядзецца ў ін-тах фізіялогіі і заалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім мед. ін-це, Віцебскім мед. ун-це і інш. Значны ўклад зрабілі Д.М.Голуб, П.Я.Герке, С.І.Лябёдкін, П.А.Маўрадыядзі, М.Е.Макушок, М.П.Нікіценка, І.М.Сяржанін і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,
галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.
Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, І.Г.Гердэр). Класікі ням. ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.Ламброза і М.Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.Фрэйда, К.Г.Юнга і інш.).
т. 13, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСТРА́КТНАЕ І КАНКРЭ́ТНАЕ,
катэгорыі дыялектыкі, у якіх адлюстраваны расчляненне і цэласнасць з’яў рэчаіснасці і іх узнаўленне ў працэсе пазнання. Абстрактнае разглядаецца як адна з уласцівасцяў, частка цэлага, аднабаковае, неразвітое; канкрэтнае — як адзінства, паўната, шматбаковасць і цэласнасць аб’екта ва ўсёй разнастайнасці яго сувязяў і дачыненняў. У гісторыі філасофіі да Г.Гегеля канкрэтнае ўяўлялася гал. чынам як разнастайнасць адзінкавых рэчаў і з’яў, дадзеных праз адчуванні; абстрактнае — як характарыстыка прадуктаў мыслення (абстракцыя). Гегель, які ўпершыню ўвёў у філасофію паняцці абстрактнае і канкрэтнае як суадносных катэгорый дыялектыкі, разглядаў канкрэтнае як сінонім дыялектычнай узаемасувязі, падзеленай цэласнасці, а абстрактнае — як этап руху і развіцця самога канкрэтнага. І.Кант, І.Фіхтэ і інш. прадстаўнікі ідэалізму таксама зыходзілі з разумення канкрэтнага як выключна духоўнай у сваёй аснове сувязі эмпірычна дадзеных з’яў. Прыхільнікі эмпірызму зводзяць канкрэтнае толькі да адзінкавых успрымальных адчуваннем з’яў, а розныя школы пазітывізму — да індывід. аб’екта, які ўспрымаецца імі як комплекс адчуванняў. У дыялект. матэрыялізме канкрэтнае разглядалася як непасрэдна дадзенае пачуццёва ўспрымальнае цэлае і як сістэма навук. вызначэнняў, якая выяўляе істотныя сувязі і дачыненні рэчаў, заканамернасці і тэндэнцыі развіцця з’яў; абстрактнае ж — як праява непаўнаты, неразвітасці, абмежаванасці любога яе фрагмента, праява аднабаковасці ведаў аб прадмеце. Спосаб тэарэт. ўзнаўлення ў свядомасці цэласнага аб’екта — узыходжанне ад абстрактнага да канкрэтнага, якое ёсць усеагульная форма разгортвання навук. пазнання, сістэма адлюстравання аб’екта ў паняццях.
Літ.:
Гот В.С., Семёнов В.С., Урсул А.Д. Категории современной науки. М., 1984;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. М., 1988.
т. 1, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я, бактэрыяльная зброя,
зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл. Засцярога ад зброі масавага знішчэння).
Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).
т. 3, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)