САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПАТАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (лац. sympatholytica здольны раствараць, аслабляць),
лекавыя сродкі, якія парушаюць перадачу нерв. імпульсаў з сімпатычных нерваў на выканаўчыя органы. Да С.с. адносяцца рэзерпін, метылдопа, актадзін, арнід, якія ўздзейнічаюць на канцы сімпатычных нерваў. Асн. эфекты С.с. звязаны з прыгнечаннем сімпатычнай нервовай сістэмы і дамінаваннем актыўнасці парасімпатычнай нерв. сістэмы: змяншэнне артэрыяльнага ціску, узмацненне маторнай і сакраторнай функцый страўніка, кішэчніка і інш. Выкарыстоўваюць для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі, пры глаўкоме, сардэчных арытміях.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАЕ́ДЫ,
беспазваночныя жывёлы (чэрві, малюскі, планктонныя ракападобныя і інш.), якія жывяцца арган. дэтрытам. Гл. ў арт. Дэтрытафагі.
т. 5, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗЕ́ЛЯ,
1) любое валакно, падрыхтаванае да прадзіва.
2) Ачоскі лёну, якія заставаліся пасля часання валакна на кужаль.
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫІ ў Парагваі,
пасяленні індзейцаў, якія знаходзіліся пад непасрэдным кіраўніцтвам ордэна езуітаў; існавалі ў 17—18 ст.
т. 13, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,
раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x1, y1, z1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P1, Q1, R1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 9, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШВІ́НЫ,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі багі-блізняты, якія ўвасаблялі ранішні і вячэрні змрок. Лічыліся божымі лекарамі-выратавальнікамі.
т. 2, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІ́ННЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, абвальныя пароды, плутанічныя пароды,
горныя пароды, якія ўтварыліся на вял. глыбінях; гл. Магматычныя горныя пароды.
т. 5, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ВАДЗЬ,
невялікі заліў ракі з павольным, часта зваротным цячэннем. Утвараюцца на рэках, якія маюць малы нахіл, моцна меандруюць.
т. 6, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНА-СТУ́ЖАЧНАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дуная ў эпоху неаліту. Гл. Дунайская культура.
т. 9, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)