ПАЎДНЁВА-ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

назва Віцебскага раёна ў ліп.—вер. 1924 у адрозненне ад Паўн.-Віцебскага р-на, які называўся Лосвідскім, потым Кузняцоўскім. Цэнтр — г. Віцебск.

т. 12, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЛА́Т (польск. prełat ад лац. praelatus пастаўлены над кім-н.),

у рымска-каталіцкай і англіканскай цэрквах тытул, які надаецца прадстаўнікам вышэйшага дыяцэзіяльнага і ордэнскага духавенства.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭТРАГРА́Д (ад лац. retrogradus які ідзе назад),

праціўнік сацыяльнага і культурнага прагрэсу, чалавек з адсталымі поглядамі, якога наз. таксама рэакцыянерам (напр., доказ рэтраграда, рэтраградскі погляд).

т. 14, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРСО́ЛД,

сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ПРАЎШЧЫНА, вепраўшчызна, павепраўшчызна,

грашовы падатак у ВКЛ, які ў 16—18 ст. спаганяўся з сялян за права карыстання ляснымі ўгоддзямі землеўласніка. Памер вызначаўся непасрэдна зямельным уласнікам.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛОНЛІ́ЧБА (ад франц. colonne слупок + лічба),

парадкавы нумар старонкі выдання (кнігі, часопіса, газеты), які змяшчаецца звычайна ў верхняй ці ніжняй ч. старонкі, найчасцей на вонкавым рагу.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́Р k-га парадку матрыцы A, дэтэрмінант k-га парадку, які складаецца з элементаў, што стаяць на перасячэнні любых k радкоў і k калонак матрыцы A.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБА́ВАЧНЫ ПРАДУ́КТ,

частка чыстага прадукту, створанага ў працэсе вытв-сці звыш неабходнага прадукту, які пакрывае працоўныя затраты; тэрмін марксісцкай паліт. эканоміі. Кошт П.п. наз. прыбавачнай вартасцю.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы,

працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл. Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЙЛЕР (англ. broiler ад broil смажыць на агні),

адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз. таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)