КА́ЛЬЦЫЮ АКСІ́Д,
злучэнне кальцыю з кіслародам, CaO. Бясколерныя крышталі, tпл 2672 °C, шчыльн. 3370 кг/м³. Тэхн. прадукт — белае сітаватае рэчыва наз. нягашаная вапна ці кіпелка. Энергічна, з вылучэннем вял. колькасці цяпла ўзаемадзейнічае з вадой, утварае кальцыю гідраксід. Тэхн. атрымліваюць, абпальваннем вапняку пры 900—1000 °C, асабліва чысты — раскладаннем нітрату кальцыю. Выкарыстоўваюць як аснову вяжучага матэрыялу ў буд-ве, для атрымання соды, хлорнай вапны, карбіду і інш. злучэнняў кальцыю, як флюс у металургіі.
т. 7, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВАГРА́Д,
горад на Украіне, цэнтр Кіраваградскай вобл., на р. Інгул. Засн. ў 1754 як крэпасць св. Елізаветы, зацвярджаўся як горад у 1765 і 1782; да 1924 наз. Елізаветград, да 1934 Зіноўеўск, да 1939 Кірава. 270,2 тыс. ж. (1998). Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (сеялкі, пішучыя машынкі, гідраўлічныя сілавыя машыны, цеплавозныя дызелі, радыёвырабы і інш.), харчасмакавая і лёгкая (абутковая, швейная); вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ. 2 т-ры. Краязнаўчы і маст. музеі.
т. 8, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́НГ (ад ісп. mustango),
здзічэлы свойскі конь, завезены еўрапейцамі ў Паўн. Амерыку ў 16 ст. Пашыраны ў стэпавай зоне (прэрыі). Жылі вял. табунамі. У 18 ст. М. было каля 4 млн. галоў, цяпер амаль вынішчаны. Выкарыстоўваліся індзейцамі як аб’ект промыслу і з мэтай вывядзення мясц. парод коней (індзейскія поні). У Паўд. Амерыцы здзічэлых коней наз. цымаронамі, у Аўстраліі (завезены ў 18 ст.) — брамбі. Масць разнастайная, як у парод свойскіх коней.
Э.Р.Самусенка.
т. 11, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША СЛО́ВА»,
грамадска-асветная газета. Выдавалася з сак. 1990 на бел. мове Т-вам бел. мовы імя Ф.Скарыны ў Мінску як штомесячны бюлетэнь, са студз. 1991 да крас. 1997 — штотыднёвая газета. Змяшчала інфарм., публіцыстычныя, гіст., палемічныя, агітац. і мовазнаўчыя матэрыялы па праблемах бел. мовы і культуры. З ліст. 1997 выходзіць у Лідзе на бел. мове як прыватная штотыднёвая газета для дзяцей старэйшага ўзросту. Друкуе пераважна агітац., інфарм. і мовазнаўчыя матэрыялы.
У.У.Панада.
т. 11, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС Міхаіл Ісакавіч (22.9.1871, Вільня — 22.12.1938),
скрыпач-віртуоз. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). Канцэртаваў як саліст і ансамбліст. У 1906—14 жыў у Берліне, дзе разам з братам, віяланчэлістам Іосіфам і жонкай, піяністкай В.Маурынай, стварыў рускае трыо з выкананнем твораў рус. кампазітараў. З 1915 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1918 жыў у Германіі і Швецыі, ЗША. Выступаў як дырыжор, выкладаў у Муз. ін-це Кёртыс (Філадэльфія). Аўтар шматлікіх транскрыпцый для скрыпкі і фп.
т. 13, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙ,
паводле большасці рэліг. вераванняў (у хрысціянстве, ісламе, іудаізме, будызме), месца, куды адпраўляюцца душы памерлых людзей, пераважна праведнікаў. Багасловы сцвярджаюць, што Р. трэба разумець не літар., не ў фіз. сэнсе як рэальную асалоду, а як духоўнае пачуццё задаволенасці, якое перажываюць душы праведнікаў пасля смерці. У Бібліі (Стары запавет; стараж.-яўр. эдэм), Р. — прыгожы сад, у якім жылі «першачалавекі» Адам і Ева (да грэхападзення). Райскай асалодзе супрацьпастаўляюцца пакуты грэшнікаў, якія трапляюць у пекла.
т. 13, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПАЛАЖЭ́ННЕ, хіратонія,
абрад узвядзення ў свяшчэнніцкі сан (дыякана, свяшчэнніка, епіскапа і інш.) у хрысціянстве. У праваслаўі і каталіцызме разглядаецца як таінства, калі пры ўскладанні рук вышэйстаячага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму як бы перадаецца «боская ласка». У пратэстанцкіх цэрквах праз Р. пасвячаюцца на служэнне прэсвітэры, дыяканы і інш. служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх цэркваў, прынята рашэнне аб Р. таксама і жанчын не толькі ў сан дыякана, але і прэсвітэра.
т. 13, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАРА́ДЖ (санскр. літар. — сваё кіраванне),
праграмны паліт. лозунг нац.-вызв. руху Індыі 1-й пал. 20 ст. Дасягненне С. абвешчана ў 1906 канчатковай мэтай Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Памяркоўныя кангрэсісты разумелі яго як самакіраванне Індыі ў складзе Брыт. імперыі, радыкалы — як поўную незалежнасць краіны. Пункт гледжання апошніх быў ухвалены на сесіі ІНК у Лахоры (1929) у выглядзе лозунга «пурна С.» (поўнага С.), што было дасягнута ў выніку заваявання Індыяй незалежнасці ў 1947.
т. 14, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕМ ВО́ЛЬНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ»,
«сем вольных навук» (лац. «Septem artes liberalis»), навучальныя дысцыпліны сярэдневяковай шкалы і падрыхтоўчых («артыстычных» ф-таў ун-таў. Уключалі 2 звязаныя цыклы; трывіум (граматыка, рыторыка і дыялектыка) іквадрывіум (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Як абагульненне ант. ведаў «С.в.м.» з’явіліся ў 5 ст.; у сістэму падрыхтоўчай адукацыі канчаткова аформіліся ў 6 ст. У эпоху Адраджэння роля «С.в.м.» як сістэмы свецкіх ведаў значна вырасла. У далейшым «С.в.м.» ляглі ў аснову гуманіт. і прыродазнаўчай адукацыі.
т. 14, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)