кірунак у зах.-еўрап. навуцы 1-й пал. 20 ст., у аснове якога ляжыць т.зв. «тэорыя культурных кругоў». Узнікла ў Германіі (Ф.Ратцэль, Б.Анкерман, Ф.Грэбнер) і Аўстрыі (Венская каталіцкая школа, якая прапагандавала тэорыю першабытнага боскага прызначэння і культу адзінага бога, абвяргала заканамернасці гіст. развіцця культуры; В.Коперс, В.Шміт і інш.). Была скіравана супраць эвалюц. кірунку (гл.Эвалюцыйная школа ў этнаграфіі). Яе метадалагічныя прынцыпы выкладзены Грэбнерам у кн. «Метад этналогіі» (1911). Паводле яго, кожная з’ява культуры ўзнікае аднойчы і ў адным месцы, наяўнасць яе ў розных народаў тлумачыцца распаўсюджваннем з першапачатковага цэнтра шляхам кругавога перамяшчэння, пашырэння і накладкі кругоў. Такім чынам, гісторыя культуры зводзілася да ўтварэння культ. кругоў, якія не мелі нац. асаблівасцей. К.-г.ш. падвяргалася рэзкай крытыцы прадстаўнікамі інш. кірункаў у этнаграфіі, асабліва функцыяналізму. Тэорыю культ. кругоў у адносінах да археал. матэрыялаў развіваў аўстр. археолаг О.Менгін. Сав. этнолагі (М.Левін, С.Токараў і інш.) пад К.-г.ш. разумелі дыялектычны падыход да вывучэння народаў усіх кантынентаў, іх нац. складу і культуры розных перыядаў ад першабытна-абшчыннага ладу да сучасных этнічных працэсаў у гіст. ракурсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх.школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант.царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.
Ю.А.Якімовіч, Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,
італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст.Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.Вінчы, Н.Порпара, Л.Леа, Н.Іамелі, Т.Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.Б.Пергалезі, Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.Дзена і П.Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Школа и культура Советской Белоруссии» (час.) 8/366; 11/209, 335
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 13—17 ст. у г. Пскоў і яго ўладаннях. Знайшла ўвасабленне ў абарончым, культавым і грамадз. буд-ве. Адна з першых пабудоў — абарончыя ўмацаванні Пскоўскага крамля. Да помнікаў абарончага дойлідства належаць крэпасць Ізборск пад Псковам (14 ст.) і ўмацаванні Пскова-Пячорскага манастыра. Першыя храмы не мелі адметных рысаў, іх будавалі з плінфы і каменю ў традыцыях Наўгародскай школы дойлідства (саборы Спаса-Праабражэнскі Міражскага манастыра, Іаана-Прадцечанскі Іванаўскага манастыра). Як самаст.школа выявілася ў 14 ст. Для яе характэрна 1-купальная, 3-апсідная кубічная кампазіцыя храма; пашыраны і бесслуповыя цэрквы з сістэмай ступеньчатых скляпенняў. Звычайна плоскія пабеленыя сцены падзяляліся плоскімі лапаткамі на 3 часткі з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні (царква Успення ў Мялётаве, 1463). Адметнасць П.ш.д. — увядзенне ў кампазіцыю храмавага комплексу прытвораў, прыдзелаў, галерэй, шматпралётных званіц: цэрквы Васіля на Горцы (1413), Міколы на Усосе (1535), Новаўзнясенская (16—17 ст.). У 16—17 ст. у Пскове будавалі вял., на некалькі паверхаў, купецкія дамы з таўшчынёй сцен да 2 м. Унутры сцен размяшчалі лесвіцы, міжпаверхавыя пераходы, нішы, тайнікі. Аконныя праёмы мелі выгляд крапасных амбразур, зачыняліся каванымі аканіцамі і кратамі. Фасады звычайна не аздаблялі. З боку двара ставілі характэрны пскоўскі ганак на шырокіх стойках з аркамі (палаты Паганкіных, да 1645).
Літ.:
Спегальский Ю.П. Псков. [2 изд. Л., 1978];
Древний Псков;
История, искусство, археология: Новые исслед. М., 1988.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскоўская школа дойлідства. Царква Васіля на Горны ў Пскове. 1413.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў навукі права 20 ст. Прыхільнікі школы лічылі, што дзеючыя прававыя акты не заўсёды адэкватныя эканам. і сац. умовам. У гэтай сувязі яны надавалі вял. значэнне свабодзе судзейскага меркавання, г.зн. меншай звязанасці суда прававымі нормамі для аховы інтарэсаў асобы. Буйнейшым прадстаўніком С.ш.п. з’яўляецца амер. вучоны Р.Паўнд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА.
Склалася ў 17—18 ст. у грамадскім і культавым дойлідстве Магілёва. Ландшафтныя ўмовы забудовы горада абумовілі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы Магілёўскага замка, Магілёўскай ратушыінш.). У 17 ст. на творчасць майстроў школы ўплываў стыль рэнесанс, у 18 ст. — барока, які павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Найб. значныя дасягненні школы ў мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Для іх характэрны сінтэз структур стараж.-рус. 3-апсідных крыжова-купальных храмаў і зах.-еўрап. 3-нефавых базілік. Найб. выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай. Асн.маст. ролю ў інтэр’ерах адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і інш. элементы ў традыцыях беларускай рэзі. У 2-й пал. 18 ст. школа заняпала. Захаваўся помнік М.ш.д. — Мікалаеўская царква (гл. ў арт.Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс).
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973. С. 13—30.