ЛЮДО́ВІК XI (Louis; 3.7.1423, г. Бурж, Францыя — 30.8.1483),
кароль Францыі [1461—83]. З дынастыі Валуа. Сын Карла VII [1422—61]. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, падаўляў феад. мяцяжы. У 1462 набыў прав. Русільён і Сердань, у выніку перамогі ў Бургундскіх войнах 1474—77 — герцагства Бургундскае і прав. Пікардыя. Далучэннем у 1481 да каралеўскіх уладанняў правінцый Анжу, Мэн і Праванс у асн. завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі. Спрыяў развіццю рамёстваў, знешняга і ўнутр. гандлю, падтрымліваў заможных гараджан. Стварыў умовы для будучага развіцця абсалютызму ў Францыі.
т. 9, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮРСА́ (Lurçat) Андрэ (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),
французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЁТ (Mariotte) Эдм (1620, г. Дыжон, Францыя — 12.5.1684),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1666) і адзін з яе заснавальнікаў. Навук. працы па механіцы, тэорыі цеплавых з’яў і оптыцы. Незалежна ад Р.Бойля адкрыў адзін з газавых законаў (гл. Бойля—Марыёта закон). Выявіў сляпую пляму на сятчатцы вока (1666), даследаваў рух вадкасцей і дыфракцыю святла. Напісаў трактат аб мех. сутыкненнях цел, сканструяваў шэраг розных фіз. прылад.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 107—109.
т. 10, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЬЁ (Mathieu) Мірэй (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),
французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.Марыа, Ф.Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.
Літ.:
Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.
т. 10, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕ́ (Meillet) Антуан (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),
французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Общеславянский язык. М., 1951;
Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́ХА Эдзіта Станіславаўна (н. 31.7.1937, г. Нуаэль-су-Лян, Францыя),
расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1988). Скончыла пед. ліцэй у Гданьску (Польшча), вучылася ў Ленінградскім ун-це. З 1955 артыстка Ленканцэрта (з 1994 Пецярбург-канцэрт). Першая выканальніца шматлікіх песень В.Салаўёва-Сядога, А.Астроўскага, А.Пятрова, А.Фельцмана і інш. У рэпертуары таксама франц. і польскія песні. Творчасць адметная лірычнасцю і высакароднасцю выканання. Знялася ў маст. фільмах: «Лёс рэзідэнта», «Непапраўны лгун», «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту».
т. 12, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКА́Р (Picard) Жан (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).
т. 12, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДЗЬКІН Яўген Леанідавіч (н. 2.2.1970, г. Ханты-Мансійск Цюменскай вобл., Расія),
бел. і рас. спартсмен (біятлон).
Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Акадэмію фіз. выхавання і спорту (1994, Мінск). Трэнер-выкладчык па біятлоне ў Мінску (1992—95). Чэмпіён зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) на дыстанцыі 20 км. Чэмпіён свету (1992, г. Новасібірск, Расія) у каманднай гонцы на 20 км. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1994, г. Контыялахтыі, Фінляндыя) у эстафеце. З 1995 у Расіі.
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЭГІ́ЧНЫЯ ЎЗБРАЕ́ННІ,
віды зброі і ваен. тэхнікі, а таксама сродкі кіравання і забеспячэння, прызначаныя для рашэння стратэг. задач у вайне. Падзяляюцца на наступальныя і абарончыя. Аснова наступальнага С.ў. — наземныя комплексы стратэг. балістычных ракет, атамныя ракетныя падводныя лодкі, стратэг. бамбардзіроўшчыкі і інш. Абарончае С.ў. — сродкі процікасм. і проціракетнай абароны, комплексы з проціракетамі, сродкі кіравання і інш. С.ў. валодаюць ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Кітай, Францыя. Асобныя іх кампаненты маюць таксама Украіна, Ізраіль і некат. інш. дзяржавы.
С.М.Абрамаў.
т. 15, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРЭ́НСКАЕ МО́РА (Mare Tirreno),
паўзамкнёнае мора паміж Апенінскім п-вам і а-вамі Сіцылія, Сардзінія і Корсіка; частка Міжземнага мора. Злучана з ім пралівамі Карсіканскім, Баніфача, Туніскім, Сардзінскім і Месінскім. Пл. 214 тыс. км². Найб. глыб. 3830 м. На ПдУ — Ліпарскія а-вы. Т-ра вады летам 22—24,5 °C, зімой 13—14 °C. Салёнасць 37,25—38,25‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (сардзіны. тунец, вугор, меч-рыба). Гал. парты: Неапаль, Палерма, Кальяры (Італія), Бастыя (Францыя).
т. 16, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)