КАМО́РНІКІ,

катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ АНА́ЛІЗУ,

метады аналізу хімічнага, заснаваныя на залежнасці скорасці хім. рэакцыі ад канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў. Прыдатныя для вызначэння аднаго з рэагентаў рэакцыі або каталізатара і рэчываў, якія з ім узаемадзейнічаюць (каталітычныя метады, ці каталіметрыя). Рэакцыя, скорасць якой вымяраюць, наз. індыкатарнай. Звычайна ў якасці індыкатарных выкарыстоўваюць гамагенныя рэакцыі — акісляльна-аднаўляльныя, унутрысфернага замяшчэння ў комплексных злучэннях, ізатопнага абмену, ферментатыўныя. Выкарыстоўваюць пры аналізе вады, паветра, біяхім. даследаваннях, для вызначэння мікраэлементаў у геал. і біял. аб’ектах.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),

аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ПУНКТ,

цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПЕ́НЯ Аляксандр Паўлавіч (н. 29.1.1939, Мінск),

бел. гідрабіёлаг. Д-р біял. н. (1989). Скончыў БДУ (1961), працуе ў ім. Навук. працы па прадукцыйнай гідрабіялогіі, фарміраванні якасці водаў, самаачышчэнні водных сістэм і паводзінах радыенуклідаў у вадаёмах, біятычным кругавароце пры функцыянаванні водных экасістэм.

Тв.:

Общие основы изучения водных экосистем. Л., 1979 (у сааўт.);

Экологическая система Нарочанских озер. Мн., 1985 (у сааўт.);

Химический состав и энергетическая ценность перифитона в мезотрофном озере (разам з Т.​А.​Макарэвіч, Т.​В.​Жукавай) // Гидробнологический журнал. 1992. Т. 28. № 1.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Будаўніцтва пачата ў 1971 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1975 пушчана першая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты, у 1977 пачала працаваць бітумная ўстаноўка. З 1994 адкрытае акц. т-ва ў складзе рас.-бел. адкрытага акц. т-ва «Нафтагазавая кампанія «Слаўнафта». Працуе на бел. нафце і з нафтаправода «Дружба». Вядзецца рэканструкцыя для больш глыбокай перапрацоўкі нафты і павышэння якасці нафтапрадуктаў. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны, рэактыўнае паліва, мазут, дызельнае паліва, вакуумны газойль, пячное паліва, бітумы нафтавыя, звадкаваны газ, сера тэхнічная.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАТАЛЫ́ КУРЭНКЕ́ЕЎ (1860, Талды-Булат, Кіргізія — 12.1.1949),

кіргізскі кампазітар-меладыст; адзін з заснавальнікаў кірг. прафес. музыкі. Нар. арт. Кыргызстана (1936). Вучыўся ў бацькі — нар. музыканта Курэнкея. Ў 1936—45 саліст Кірг. аркестра нар. інструментаў. Выканаўца на нац. кірг. інструментах (кыяку, камузе, чаоры). Развіваў лепшыя традыцыі нар. выканальніцтва. У свой рэпертуар уключаў кірг. інстр. п’есы, у т. л. каля 80 уласных кю, і найгрышы інш. народаў. Стварыў яскравыя ўзоры нар. інстр. музыкі. Многія яго мелодыі выкарыстаны ў якасці тэм у творах інш. кампазітараў.

т. 11, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,

вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т. л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.

У.​А.​Галаўко, Р.​Х.​Садыхаў.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́НКАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць у сабе цынк у даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. Паскараюць акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі ў раслінах, стымулююць сінтэз хларафілу, вітамінаў P і C, роставых рэчываў. У якасці Ц.у. выкарыстоўваюць сульфаты і інш. солі цынку, цынкавы амафос, цынкавае полімікраўгнаенне і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-карбанатных, вапнавых дзярнова-падзолістых глебах, карбанатных чарназёмах, шэразёмах і інш. з нейтральнай і шчолачнай рэакцыяй глебавага раствору. Найб. успрымальныя да Ц.у. пладовыя культуры і гародніна, цукр. буракі, бавоўнік, кукуруза.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)