рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч.тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІПагадненне 1933 аб устанаўленні дыпламат. адносін, заключана 16 ліст. ў Вашынгтоне праз абмен нотамі. Пагадненне 1937 аб гандл. адносінах, заключана 4 жн. ў Маскве праз абмен нотамі; замяніла пагадненне аб гандл. узаемаадносінах 1935. Прадугледжвала, што ЗША прадаставяць СССР «безумоўны і неабмежаваны рэжым найбольш спрыяльнай нацыі» па ўсіх пытаннях, якія датычаць мытных пошлін, збораў, правіл і фармальнасцей, што маюць адносіны да ўвозу, продажу або выкарыстання ў ЗША сав.тавараў. Аналагічныя абавязкі ўзяў урад СССР. У гады 2-й сусв. вайны тавараабарот паміж СССР і ЗША рэгуляваўся гал. чынам пагадненнем ад 11.6.1942, а ў першыя пасляваен. гады — крэдытным пагадненнем ад 15.10.1945. У сувязі з разгортваннем «халоднай вайны» ўрад ЗША у пач. 1947 забараніў пастаўкі абсталявання ў СССР, а 23.6.1951 дэнансаваў пагадненне 1937. Пагадненне 1942 аб прынцыпах, якія могуць ужывацца да ўзаемнай дапамогі ў вядзенні вайны супраць агрэсіі, падпісана 11 чэрв. ў Вашынгтоне. Зыходзячы з прынцыпу, што абарона СССР супраць гітлераўскай агрэсіі мае жыццёва важнае значэнне для абароны ЗША, амер. ўрад абавязаўся забяспечваць СССР абароннымі матэрыяламі, абслугоўваннем і інфармацыяй. Сав. ўрад абавязаўся садзейнічаць абароне ЗША і заяўляў пра сваю гатоўнасць даваць ЗША матэрыялы, абслугоўванне, ільготы і інфармацыю. Гэта пагадненне завяршыла фарміраванне асн. ядра антыгітлераўскай кааліцыі, садзейнічала развіццю ленд-лізу. Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША,
падпісаны 29.5.1972 у Маскве. Дакумент зафіксаваў асн. прынцыпы сав.-амер. адносін. СССР і ЗША пагадзіліся, што ў ядз. век не існуе інш. асновы падтрымання адносін паміж імі, акрамя мірнага суіснавання. Абавязаліся рабіць усё магчымае, каб пазбягаць ваен. канфрантацый і не дапусціць узнікнення ядз. вайны, рэгуляваць рознагалоссі мірнымі сродкамі. СССР і ЗША заявілі аб сваім намеры расшырыць дагаворна-прававую базу сваіх узаемаадносін і прыкладаць намаганні, каб заключаныя паміж імі дагаворы і пагадненні ажыццяўляліся. Канчатковы вынік сваіх намаганняў СССР і ЗША бачаць у вырашэнні праблемы ўсеагульнага і поўнага раззбраення і ў забеспячэнні эфектыўнай сістэмы міжнар. бяспекі ў адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. СССР і ЗША заявілі, што яны прызнаюць суверэнную роўнасць усіх дзяржаў, падкрэслілі, што развіццё сав.-амер. адносін не накіравана супраць трэціх дзяржаў і іх інтарэсаў. Дагавор 1972 пра абмежаванне сістэм проціракетнай абароны, падпісаны 26 мая ў Маскве. СССР і ЗША абавязаліся: абмежаваць размяшчэнне сістэм проціракетнай абароны (ПРА) пэўнымі раёнамі, у якіх павінна быць не больш як 100 пускавых установак проціракет і не больш як 100 проціракет на стартавых пазіцыях; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць сістэм ці кампанентаў ПРА марскога, паветр., касм. ці мабільна-наземнага базіравання; не ствараць, не вырабляць і не разгортваць пускавых установак проціракет, кожная з якіх пускае адначасова больш як адну проціракету; не перадаваць інш. дзяржавам і не размяшчаць па-за сваёй тэрыторыяй сістэмы ПРА і іх кампаненты, абмежаваныя гэтым дагаворам. Пратакол да пагаднення (падпісаны 3.7.1974; набыў сілу 24.5.1976) удакладніў, што кожны бок будзе мець толькі 1 раён размяшчэння ПРА.
Да важнейшых пагадненняў і дагавораў, заключаных паміж СССР і ЗША, таксама адносяцца: Дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963; пагадненне 1973 аб прадухіленні ядз. вайны; дагавор 1974 аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядз. зброі; дагавор 1979 аб абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў; пагадненне 1973 аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання Сусветнага акіяна; пагадненне 1973 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі; пагадненне 1974 аб супрацоўніцтве ў галіне навук. даследаванняў у распрацоўках штучнага сэрца; доўгатэрміновае пагадненне 1974 аб садзейнічанні эканам., прамысл. і тэхн. супрацоўніцтву; агульнае пагадненне 1985 аб кантактах, абменах і супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і ў інш. галінах, гандл. пагадненні і інш. Праводзіліся таксама сав.-амер. перагаворы пра абмежаванне і скарачэнне стратэг. узбраенняў, пра абмежаванне ядз. узбраенняў у Еўропе, пра забарону хім. зброі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.
Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».
Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш.Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.
З 1926 у СССР, у т. л.БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр.эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕ́ЦТВА,
сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў). Вядома з глыбокай старажытнасці, у т. л. ў Карфагене, Стараж. Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі К. найб. інтэнсіўна развівалася ў араб. краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у 11—12 ст. пашырылася ў Зах. Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы Напачатку К. дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутр. гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае К. аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гар.патрыцыяту. Разам з гандлем К. займалася ліхвярствам і водкупам. Пасля Вялікіх геагр. адкрыццяў яго гандл. дзейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вял.гандл. кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандл. манаполію і нават ваенна-паліт. панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брыт. (1600—1858) і нідэрл. (1602—1798) Ост-Індскія, Рас.-Амерыканская (1799—1868). У 16—18 ст. К. спалучала гандл. і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прам-сці. У развітым капіталіст. (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самаст. ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысл. капіталу, а К. стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыц. тыпу, што вядуць самаст. гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «К.» і «купец» цяпер у бел. мове амаль не ўжываюцца.
Ва ўсх. славян К. пачало фарміравацца ў 9—10 ст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са стараж.-рус. цэнтраў, у т. л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню К. значна спрыялі міжнар. гандлёвыя камунікацыі: шлях«з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. З 11 ст. К. папаўнялася з гар. і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў. З бел. гарадоў у пісьмовых крыніцах 12—14 ст. найлепш асветлена дзейнасць К. Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229 і інш. дагавораў полацкіх князёў К. Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Дзейнасці К. спрыяла ўвядзенне з канца 14 ст. ў бел. гарадах магдэбургскага права. К. адыгрывала вядучую ролю ў сац. жыцці гарадоў, яго прадстаўнікі ўваходзілі ў органы гар. самакіравання. У 16—17 ст.бел. К. падтрымлівала гандл. сувязі з Рыгай, Краляўцом (Кёнігсбергам), Канстанцінопалем, гарадамі Польшчы, Расіі, Украіны, Венгрыі і інш. На Захад бел. купцы вывозілі пераважна вял. партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю; прывозілі дарагую тканіну, метал. і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю, спецыі. Пашыраным заняткам было і ліхвярства. Пасля далучэння зямель Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст.гандл. дзейнасць купцоў Беларусі заняпала. У Расіі К. як гандл.-прамысл.гар. саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 К. падзялялася на 3 гільдыі. Большасць бел. купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 скасавана 3-я гільдыя і доступ у К. стаў адкрытым прадстаўнікам інш. саслоўяў. У 1840 у Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897—18 282 чал. (у Рас. імперыі — 225,6 тыс.чал.). Як саслоўе К. скасавана 23.11.1917.
Літ.:
Преображенский А.А., Перхавко В.Б. Купечество Руси, IX—XVII вв. Екатеринбург, 1997;
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Швед В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830—1850-е гг). Гродно, 1995;
Торговля, промышленность и город в России XVII — начала XIX в.: Сб. ст.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт.тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.