ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),

анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ТЭ́ХНІКУМ ЧЫГУ́НАЧНАГА ТРАНСПА́РТУ.

Засн. 30.10.1878 у Гомелі на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі як Гомельскае тэхн. чыг. вучылішча. З 1917 тэхнікум. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): арг-цыя перавозак і кіраванне рухам на транспарце; тэхн. эксплуатацыя і рамонт трансп. сродкаў; камерцыйная дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (2 апошнія — платныя). Прымае асоб з базавай, а на завочную форму навучання з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАСЦЬ транспартнага сродку,

максімальная карысная нагрузка, на перавозку якой разлічаны чыг. вагон, грузавы аўтамабіль, судна, самалёт і інш. трансп. сродкі; асн. іх эксплуатац. характарыстыка. Вымяраецца ў тонах. У суднаў адрозніваюць грузападымальнасць поўную (дэдвейт) і карысную (чыстую), якая вызначаецца масай карыснага грузу. Грузападымальнасць 4-восевых чыг. вагонаў 62—65 т, марскіх танкераў да 300 тыс. т, самалётаў да 80 т (Ан-22), аўтамабіляў да 220 т (БелАЗ-753).

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПРЭ́СІЯ ў медыцыне,

псіхічная прыгнечанасць з затарможанасцю мыслення, мовы і рухаў. Бывае пры псіхічных і саматычных хваробах, найб. тыповая ў дэпрэсіўнай фазе маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу. Прыкметы: паніжаны настрой (гіпатымія) да глыбокай тугі з трызненнем, нерухомасцю, самаабвінавачваннем. Д. трэба адрозніваць ад звычайнай (фізіял.) рэакцыі чалавека пры непрыемных перажываннях, жыццёвых няўдачах і псіхічных траўмах. Лячэнне: псіхатропныя сродкі, электрасутаргавая тэрапія, псіхатэрапія, хворых на цяжкую Д. лечаць у стацыянарах.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АРЫЕНТА́ЦЫЯ,

аказанне дапамогі асобе ў выбары прафесіі; вызначэнне асобай віду працоўнай дзейнасці. Дае магчымасць асобе усвядоміць свае схільнасці і здольнасці да пэўнага віду дзейнасці, вызначыць каналы і сродкі набыцця ведаў, уменняў і навыкаў для авалодання прафесіяй. Складаецца з 3 этапаў: падрыхтоўчага (прафес. асвета, аналіз схільнасцей і здольнасцей), асноўнага (фарміраванне інтарэсаў да канкрэтнага віду прафес. адукацыі і дзейнасці), завяршальнага (вызначэнне ступені адпаведнасці асобы патрабаванням прафесіі).

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ МЕ́СЦА,

адпаведна абсталяваная прасторавая зона знаходжання работніка, дзе адбываецца яго працоўная дзейнасць. Класіфікуюцца паводле колькасці выканаўцаў (індывідуальныя і калектыўныя), тыпу вытв-сці (адзінкавыя, серыйныя і масавыя), узроўню механізацыі (ручныя, механізаваныя і аўтаматызаваныя) і інш. Павінна адпавядаць сан. нормам, інструкцыям і правілам па эксплуатацыі абсталявання, тэхніцы бяспекі, эрганоміцы, прамысл. эстэтыцы, займаць дастатковую прастору, мець аптымальна размешчаныя арганізац. і тэхн. сродкі, сістэмы сігналізацыі і сувязі.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (АП),

палітычная партыя на Беларусі. Утворана ў 1992 як Аб’яднаная аграрна-дэмакр. партыя Беларусі, на II з’ездзе (28.1.1994) перайменавана ў АП. Выступае за рэфармаванне грамадства на прынцыпах дэмакр. сацыялізму, перабудову эканомікі на аснове прыватнай і дзярж. уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. і на зямлю. У сельскай гаспадарцы прызнае формы: вытв. кааператыў, акц. т-ва, калгас і саўгас, сялянская гаспадарка і малое прадпрыемства.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНУ́ШКІ,

змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Фларыян) (1664?, Полацкае ваяводства — 1762),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Львоўскі папскі калегіум (паводле інш. звестак — Віленскую акадэмію), д-р тэалогіі. Чл. ордэна базыльян (1709), епіскап віцебскі (1716—19), архіепіскап полацкі (1719—62), мітрапаліт кіеўскі (1748—62). Пашыраў уніяцтва ў Полацкай архіепархіі, выкарыстоўваў місіянерскую дзейнасць і прымусовыя метады. Удзельнік Замойскага сабора грэка-каталіцкай царквы (1720). Ахвяраваў сродкі на адбудову Полацкага Сафійскага сабора (1738—50).

С.​В.​Казуля.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАДАРА́НТЫ (ад дэз... + лац. odor пах),

сродкі для аслаблення ці знішчэння дрэннага паху; кампазіцыі арган. злучэнняў — спіртоў, альдэгідаў, вытворных вышэйшых тлустых кіслот, прыродных і сінт. пахучых рэчываў і інш. з рознымі дабаўкамі. Паводле прызначэння адрозніваюць Д. паветра (для памяшканняў, вопраткі і інш.) і гігіенічныя (касметычныя для знішчэння паху поту, асвяжэння цела і поласці рота), якія звычайна маюць рэчывы, што памяншаюць выдзяленне поту (фармалін, уратрапін) ці аказваюць дэзінфіцыруючае дзеянне.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)