ЗАХА́РАЎ (Георгій Фёдаравіч) (5.5.1897, с. Шылава Саратаўскай вобл., Расія — 26.1.1957),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1944). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), пяхотныя курсы (1920), курсы «Выстрал» (1923), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1939). У арміі з 1915. У Вял. Айч. вайну з 1941 на розных франтах, у чэрв.—ліст. 1944 камандуючы 2-м Бел. фронтам. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54.

Г.Ф.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Н ((Cotton) Эжэні) (13.10.1881, г. Субіз, Францыя — 16.6.1967),

дзяячка франц. і міжнар. жаночага руху, вучоны-фізік. Д-р фіз. н. (1925). Скончыла жаночы Пед. ін-т у г. Сеўр (1904), выкладчыца, у 1936—41 дырэктар, з 1945 ганаровы дырэктар гэтага ін-та. Удзельніца франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (1940—44). З 1945 старшыня Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын. З 1950 віцэ-старшыня, з 1959 чл. Прэзідыума Сусв. Савета Міру.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ НАСТА́ЎНІК СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокапрафес. настаўнікам, выкладчыкам і інш. работнікам агульнаадукацыйных устаноў і інш. за заслугі ў пед. і выхаваўчай дзейнасці, за дасягненні ў працы, высокае прафес. майстэрства і ўдзел у грамадскім жыцці. Уведзена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 3.7.1979. Існавала да 1991 г.

Народныя настаўнікі СССР у Беларусі

1979. В.​С.​Аўраменка, А.​Я.​Ларын.

1983. Г.​А.​Іванова.

1985. В.​Г.​Гаховіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТАВЫЯ ПЛАЦЯЖЫ́,

грашовыя адлічэнні юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у дзярж. бюджэт пры ажыццяўленні знешнегандлёвых тавараабменных (бартэрных) аперацый. Памер Р.п. залежыць ад агульнай вартасці пастаўленых у дзяржаву тавараў. На Беларусі спаганяецца 5% па бартэрных аперацыях, накіраваных на забеспячэнне ўласнай вытв-сці суб’ектаў гаспадарання (пастаўка сыравіны, матэрыялаў, абсталявання), і аперацыях, якія ажыццяўляюцца па рашэнні Савета Міністраў. Па астатніх бартэрных аперацыях Р.п. спаганяюцца ў памеры 15% ад агульнай вартасці пастаўленых тавараў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.​М.​Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.​Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.​В.​Кісялёву.

30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.​І.​Байдакова, А.​Р.​Жэбрака, У.​М.​Перцава, Ф.​П.​Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.​І.​Фармашаў (кансультант), М.​Ц.​Лынькоў (карэспандэнт), М.​І.​Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л. БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ЖЫЛЛЁВА-КАМУНА́ЛЬНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным рабочым, інж.-тэхн. работнікам і служачым жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія бездакорна прапрацавалі ў галіне не менш як 10 гадоў і асабліва вызначыліся ў выкананні планавых заданняў і сацыяліст. абавязацельстваў, ва ўкараненні новай тэхнікі і перадавых метадаў працы, у далейшым развіцці мат.-тэхн. базы галіны, забеспячэнні захаванасці і паляпшэнні эксплуатацыі жыллёвага фонду і аб’ектаў камунальнай гаспадаркі, павышэнні эканам. эфектыўнасці вытворчасці, якасці жыл. і камунальных паслуг і культуры абслугоўвання насельніцтва, у справе падрыхтоўкі кадраў, і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 28.7.1978, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. Існавала да 1986.

Заслужаныя работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР

1979. А.​М.​Федарэнка.

1980. М.​У.​Аляксеенка, Г.​А.​Багданаў, Дз.​Р.​Мамонцьеў, В.​Дз.​Марозаў, А.​Ц.​Міхаліцын.

1981. У.​Ц.​Антоненка, Я.​А.​Асонаў, У.​М.​Кісялёў, М.​П.​Фальковіч.

1982. Л.​Б.​Авяр’янаў, М.​А.​Казлоў, А.​Я.​Рагатка, В.​А.​Шэкун.

1983. С.​І.​Галушка, М.​П.​Лысянкоў, А.​А.​Стэльмах.

1984. В.​А.​Баркун, Г.​В.​Габрыянчык.

1985. А.​М.​Акулін.

1986. І.​С.​Каструбай.

т. 6, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.

т. 7, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНДЖЭДЗІ́Д (Шадлі) (н. 14.4.1929, Себаа, каля г. Алжыр),

дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч Алжыра. Удзельнік нац.-вызв. руху ў 1954—62. Займаў камандныя пасты ў Алж. нац.-вызв. арміі. З 1961 у генштабе арміі. Пасля абвяшчэння ў 1962 незалежнасці Алжыра камандуючы (1962, 1964—79) ваен. акругамі. З 1965 чл. Рэв. савета Алж. Нар. Дэмакр. Рэспублікі. У 1979—92 прэзідэнт краіны. У 1979—88 ген. сакратар, з 1988 старшыня партыі Фронт нац. вызвалення.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ТЕБСКИЙ РАБО́ЧИЙ»,

грамадска-паліт. газета, орган Цэнтр. савета прафес. саюзаў Віцебска. Выдавалася штодзённа з 17(30).1 да 24.1(6.2).1918 у Віцебску на рус. мове. Працягвала паліт. лінію газет «Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов» і «Борьба» («Наша борьба»), закрытых органамі сав. улады за антыбальшавіцкі кірунак. Асуджала разгон устаноўчага сходу ў Петраградзе і рэпрэсіі бальшавікоў у адносінах да апазіцыйных ім арг-цый. Асвятляла стан і перспектывы паліт. жыцця Віцебска.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІН (Аляксандр Іванавіч) (1855—1921),

расійскі паліт. дзеяч. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1879). Д-р медыцыны. З 1905 старшыня гал. савета манархічнай партыі «Саюз рускага народа», выдавец і рэдактар газ. «Русское знамя». У 1910 выступіў супраць агр. рэформы П.А.Сталыпіна, што прывяло да расколу ў партыі і адстаўкі Д. з пасады яе кіраўніка. З 1912 арганізатар і пажыццёвы старшыня «Усерас. дубровінскага саюза рус. народа». У 1920 арыштаваны ВЧК за антысав. дзейнасць і расстраляны.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)