АГІ́НСКІ Міхал Казімір

(1730 — 31.5.1800),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл. Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл. Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.

Літ.:

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993.

Міхал Казімір Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,

выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл. Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л. чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

В.І.Мялешка.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ , 1) частка тэр. Рэчы Паспалітай, якая ў 1795 адышла да Прусіі, а паводле Тыльзіцкага міру 1807 перададзена Рас. імперыі. Царскім указам ад 13.7.1808 атрымала назву Беластоцкая вобласць з цэнтрам у г. Беласток і падзелена на 4 паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі. Пл. 7742 кв. вярсты, нас. 278 937 чал. (1835). У 1842 скасавана, тэрыторыя далучана да Гродзенскай губ.; Драгічынскі пав. увайшоў у склад Бельскага пав.

2) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана 4.12.1939 на тэрыторыі 9 усх. паветаў б. Беластоцкага ваяводства. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 20,9 тыс. км2 (ліст. 1940), нас. 1368 тыс. чал. (на 1.1.1941). 15.1.1940 падзелена на 24 раёны: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Бранскі, Ваўкавыскі, Граеўскі, Гродзенскі, Дамброўскі, Заблудаўскі, Замбраўскі, Кольнаўскі, Крынкаўскі, Лапскі, Ломжынскі, Монькаўскі (пазней Кнышынскі), Парэцкі, Саколкаўскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі, Скідзельскі, Снядаўскі, Цехановецкі, Чыжэўскі, Ядвабнаўскі. У ліст. 1940 Парэцкі р-н скасаваны ў сувязі з перадачай Літ. ССР тэрыторый з пераважна літ. насельніцтвам. 20.9.1944 Беластоцкае ваяводства ліквідавана ў сувязі з перадачай б.ч. вобласці Польшчы. Бераставіцкі (б. Крынкаўскі), Ваўкавыскі, Гродзенскі, Сапоцкінскі, Свіслацкі і Скідзельскі р-ны засталіся ў БССР (увайшлі ў Гродзенскую вобл.).

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ»,

1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.Стажэнскі (Старжынскі).

2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл. Белая гвардыя.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ , рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.

Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.

Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл. Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.

Я.М.Сахута.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1794—1912. Створана ў час задушэння царызмам паўстання 1794. Цэнтр — г. Вільня (у 1794—96 г. Гродна). Спачатку наз. Літоўскае ген.-губернатарства, у 1800—30 Літоўскае ваен. губернатарства, з 1830 Віленскае ваен. губернатарства, пасля 1843 Віленскае, Гродзенскае і Ковенскае ген.-губернатарства. Ядром яго былі землі ВКЛ, далучаныя да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сувязі з адм.-тэр. зменамі і інш. падзеямі (паўстанні 1830—31 і 1863—64) тэр. ген.-губернатарства мянялася. У склад яго ў розны час уваходзілі: Слонімская і Віленская (1795—97), Літоўская (1797—1801), Віленская і Гродзенская (з 1801) губ., Беластоцкая вобл. (1831—42), Ковенская (з 1843), Мінская (1834—56 і 1862—70), Віцебская і Магілёўская (1863—69), Аўгустоўская (1863-564) губ. У 1850—55 ген.-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай на правах папячыцеля. З 1860-х г. віленскага ген.-губернатара наз. «гал. начальнікам Паўн.-Зах. краю». З утварэннем Віленскай ваен. акругі пасада віленскага ген.-губернатара ў 1862—84, а часам і пазней аб’ядноўвалася з пасадай камандуючага войскамі акругі. Пасля 1909 ген.-губернатары не прызначаліся. Упраўленне ген.губернатара існавала да 1.7.1912.

Г.В.Кісялёў.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,

адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.

У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska » («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).

Літ.:

Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

С.В.Казуля.

т. 5, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ МО́ВА,

нацыянальная ці афіцыйная мова, статус якой замацаваны ў спецыяльных юрыдычных актах (канстытуцыі, законе аб мовах і інш.). У адпаведнасці з заканадаўствам Дз.м. абслугоўвае ўсе або абсалютную большасць разгалінаванняў афіц. сферы грамадскіх зносін. Сусв. практыка сведчыць, што статус Дз.м. пераважна надаецца нацыянальнай мове. Афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але Дз.м. не можа не прайсці этапу афіц. ўжывання.

У ВКЛ Дз.м. была старабел. мова, што было замацавана ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 і захоўвалася да 1696, калі рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіц. мовай была абвешчана польская. У крас. 1918 Рада БНР вярнула бел. мове статус дзяржаўнай Такім жа статусам, але ўжо разам з літ.. польск., рус. і яўр. карысталася бел. мова ў перыяд існавання Бел.-Літ. ССР (лют.жн. 1919). З 1924 у БССР у адпаведнасці з аб’яўленай палітыкай беларусізацыі Дз.м. аб’яўляліся бел., рус., польск. і яўр. мовы. У адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярх. Саветам Беларусі 26.1.1990, і Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990) у 1994 дзярж. статус бел. мовы быў замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненнямі, паводле вынікаў лістападаўскага (1996) рэферэндуму Дз.м. акрамя беларускай прызнана і руская мова.

Л.М.Лыч.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)