РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],
арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).
Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.
Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш.Пл. 165,9 тыс.км². Нас 2173 тыс.чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г.Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.
Прырода. Большая ч.тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн.т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш.Найб.воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн.м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).
Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн.т. (15% улову Расіі). Асн.прамысл.рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн.т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд.кВт∙гадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сцьмуз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс.га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв.двайное апладненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),
атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.
Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл.рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.
Да арт.Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),
атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл.рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,
спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл.Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ І АСТРАЛАГІ́ЧНЫЯ,
умоўныя абазначэнні Сонца, Месяца, планет і інш. нябесных цел, а таксама задыякальных сузор’яў, планетных канфігурацый, фаз Месяца і да т.п. Карыстаюцца ў астр. і астралагічнай літаратуры, календарах (гл.табл.). Некаторыя знакі служаць для абазначэння месяцаў і дзён тыдня. Большасць з іх узнікла ў глыбокай старажытнасці.
Знакі астранамічныя і астралагічныя
Знакі свяціл і дзён тыдня
— Сонца (нядзеля)
— Уран
— Месяц (панядзелак)
— Нептун
— Марс (аўторак)
— Плутон
— Меркурый (серада)
⚷ — Хірон
— Юпітэр (чацвер)
— Зямля
— Венера (пятніца)
— камета
— Сатурн (субота)
— зорка
Знакі задыяка і месяцаў
♈︎ — Авен (сакавік), пункт вясенняга раўнадзенства
♎︎ — Шалі (верасень), пункт асенняга раўнадзенства
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОНД (франц. sonde),
1) у медыцыне — інструмент для даследавання (лячэння) пустацелых органаў, каналаў, ран і інш. Дазваляе вызначыць глыбіню і шырыню поласці, наяўнасць іншародных цел, змесціва органа, уводзіць дыягнастычныя і лекавыя сродкі і інш. 2) У метэаралогіі — шар з прыладамі для рэгістрацыі метэаралагічных даных верхніх слаёў атмасферы. Атрыманая інфармацыя перадаецца, напр., па радыё (радыёзонд) і рэгіструецца ў пункце выпуску З.) У ваеннай тэхніцы — металічны стрыжань (шчуп), які служыць, напр., для пошуку мін, снарадаў, авіябомбаў і інш. боепрыпасаў, якія знаходзяцца ў зямлі.
4) У электратэхніцы — металічны электрод для вывучэння (разам з электрометрам) размеркавання патэнцыялу ў эл. ланцугу.
5) У горнай справе — сукупнасць электродаў для вымярэння ў свідравіне эл. праводнасці горных парод. Дазваляе атрымліваць звесткі аб пародах, якія перасякала свідравіна, без падымання ўзораў на паверхню.
6) У рыбалоўстве — суднавая апаратура для кантролю параметраў рыбалоўнага трала і падводных абставін у час тралення. Служыць таксама для навядзення трала на скопішча рыбы, вызначэння ступені напаўнення яго рыбай і інш. 7) У акустыцы — прылада для вымярэння гукавога ціску ў зададзеным пункце гукавога поля. Уяўляе сабой вузкі акустычны хвалявод, злучаны з прыёмнікам гуку, напр. мікрафонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,
асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.
Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,
традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.