ДЗІ́ВІНСКАЯ (Валянціна Гаўрылаўна) (н. 10.2.1936, в. Лемяшы Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1967—84 працавала на шклозаводзе «Нёман» (г.п. Бярозаўка Лідскага р-на). Працуе ў гутнай тэхніцы. пераважна ў каляровым шкле. Сярод твораў: наборы посуду «Паўночныя матывы». «Карункі»; кампазіцыі «Дуброва», «Эцюд», «Сосны»; блюды «Мак і васількі», «Леў», «Коннік»; дэкар. камплекты «Вясна», «Ружы» і інш.Работы вылучаюцца выяўл. вобразнасцю, сакавітасцю формаў. З 1984 у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́НДЭР (ад франц. détendre аслабляць),
машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн.работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗААБАРО́Т,
паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца адзінкавым вырабам прадукцыі разнастайнай і непастаяннай наменклатуры. Да І.в. адносяцца прадпрыемствы, што вырабляюць буйныя турбіны, пракатныя станы, судны, унікальныя станкі, металург і горнае абсталяванне, а таксама рамонтныя і доследныя з-ды. У адрозненне ад масавай вытворчасці і серыйнай вытворчасці пры І.в. дапускаецца нерэгламентаваны рух вырабу па рабочых месцах і свабодны рытм работы. Працэс вытв-сці кожнага заказу праектуецца індывідуальна. Разнастайная наменклатура прадукцыі, а таксама унікальнасць заказаў патрабуе выкарыстання працы больш кваліфікаваных рабом — універсалаў, спец. абсталявання і прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКА́СА (італьян. incasso),
від банкаўскай аперацыі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (пакупнікамі) з акцэптнай формай разлікаў, калі аплата за фактычна адпушчаныя або адгружаныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы (паслугі) робіцца пры згодзе пакупніка (заказчыка) па дакументах пастаўшчыка (падрадчыка). Пастаўшчык, які адгрузіў прадукцыю або аказаў паслугу, выпісвае на рахунак пакупніка (таваратранспартную накладную і г.д.), плацежнае патрабаванне і здае ў банк, які яго абслугоўвае, на І. Калі настае тэрмін аплаты, пазначаная ў плацежным патрабаванні сума спісваецца з разліковага рахунка пакупніка на рахунак пастаўшчыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,
квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, БПА.
Літ.:
Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗКАў тэхніцы,
1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.
2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.
3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.
4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл.Пластычныя змазкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,
вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т. л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.