ГАЎС ((Gauß) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),
нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл.Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСВІ́ЦІСЫ (Nasvytis),
літоўскія архітэктары, браты (н. 8.4.1928, г. Каўнас, Літва). Нар. архітэктары Літвы (1982). Скончылі Маст.ін-т Літвы (1952). Альгімантас, засл. будаўнік Літвы (1965). З 1961 у Ін-це праектавання гар.буд-ва, з 1980 выкладае ў інж.-буд. ін-це ў Вільнюсе. Адзін з аўтараў праектаў дэталёвай планіроўкі і забудовы Вільнюса (грамадскі цэнтр на правым беразе р. Нярыс, 1964; цэнтр горада, 1974; Дом быту, 1975; зона з пл. Тарыбу на левым беразе р. Нярыс, 1980). Дзярж. прэмія Літвы 1965. Вітаўтас, засл. дз. маст. Літвы (1965). З 1953 выкладчык Маст. ін-та Літвы, з 1960 у Ін-це праектавання гар.буд-ва ў Вільнюсе. У сааўт. стварыў праект вучэбнага корпуса Маст. ін-та Літвы (1981). Разам з братам працуюць над праектаваннем і рэканструкцыяй грамадскіх будынкаў і іх інтэр’ераў: кавярня «Нярынга» (1956—59), будынак Вярх. Савета Літвы (1976—81), гасцініца «Летува» (1976—83), рэканструкцыі будынкаў гасцініцы «Нярынга» (1960), паштамта (1969), Т-ра драмы Літвы (1974—81) у Вільнюсе і інш.Пабудовы Н. вызначаюцца рацыянальнасцю планіроўкі, утульнасцю і стрыманасцю каларыту інтэр’ераў. Абодвум Дзярж. прэмія Літвы 1971, Дзярж. прэмія СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш. пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.
А.М.Кулагін.
Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ ПІЯ́РСІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1745—1832 у мяст. Лужкі Дзісенскага пав. (цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Уладальнік мястэчка кашталян полацкі Валерыян Жаба (у яго гонар калегіум наз. Валерыянаўскім) падараваў манахам фальварак Віснік, адвёў месца для пабудовы кляштара, Лужкоўскага Міхайлаўскага касцёла і калегіума. Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. У канцы 1750-х г.навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі калегіум уваходзіў з 1783 у Навагрудскую, з 1790 у Піярскую навуч. акругі, у 1782 былі 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. У 1793 калегіум пераўтвораны ў павятовае 4-класнае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання (3-і і 4-ы класы мелі 2-гадовыя курсы). У 1807 тут вучылася 116 юнакоў. У вайну 1812 разрабаваны французамі. У 1817 былі 144 выхаванцы. У 1825 рэарганізаваны ў звычайнае 4-класнае павятовае вучылішча. За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—31 вучылішча 1.5.1832 зачынена, маёмасць піяраў канфіскавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовысац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш.сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),
спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.
Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч. работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.
Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА,
гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.