Т’Е́РА ТЭМПЛА́ДА (ісп. tierra templada умераная зямля),

сярэдні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 800—1700 м і 1000—2800 м. Характэрны стромкія схілы, вузкія цясніны. Клімат умерана цёплы. Сярэднямесячныя т-ры 17—24 °C. Значныя сутачныя ваганні т-р. На наветраных схілах ападкаў больш за 3000 мм за год, вечназялёныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі; на падветраных схілах — лістападна-вечназялёныя лясы. У Т.т. асн. маса насельніцтва Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора. Плантацыі кавы, кукурузы.

т. 15, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Т’Е́РА ФРЫ́Я (ісп. tierra fria халодная зямля),

верхні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 1700—3000 м і 2200—3500 м. Пераважаюць стромкія схілы. Клімат умерана халодны. Сярэднямесячныя т-ры 11—18 °C. Ападкаў 700—800 мм на падветраных схілах, 1500—2000 мм за год на наветраных схілах. Вільготныя высакагорныя мяшаныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі. З выш. 3000 м — нефелагілея. Т.ф. — гал. раён вырошчвання зернебабовых культур і бульбы; лугавыя пашы.

т. 15, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЦЕР,

рыба, атрыманая ў выніку штучнай гібрыдызацыі бялугі і сцерлядзі ў Расіі (1952), адсюль назва. Спалучае хуткі рост бялугі і ранняе выспяванне сцерлядзі. На Беларусь завезена ў 1973—74 на рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) для вывучэння перспектыў рыбагасп. выкарыстання.

Даўж. да 180 см, маса больш за 30 кг. Пладавітая. Хутка расце. У аквакультуры гібрыды 1-га пакалення за год дасягаюць масы да 500 г, за 2 гады — да 4 кг. Вырошчваюць у басейнах, садках, сажалках.

Бесцер.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1855—1914 у г. Брэст. Усяго было 9 мануфактур, адначасова працавала да 6 (1885). Мелі па 6—11 крышыльных і інш. станкоў, ступы і прэсы, з 1885 — конны рухавік. Выраблялі тытунь курыльны, табаку нюхальную (500—1800 пудоў за год), махорку (да 13 000 пудоў), цыгары (да 2990 тыс. шт.), папяросы (да 3557 тыс. шт.). На розных мануфактурах працавала ад 40 (1873) да 325 (1886) чалавек, выраблялася прадукцыі на суму да 65 тыс. руб. (1885).

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЕ́ДЫ (Scolytidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. З падсям.: лубаеды, забалоннікі (Scolytinae) і ўласна К. (Ipinae). Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды (акрамя Антарктыды). На Беларусі каля 70 відаў. Жывуць пад карой, радзей у драўніне, каранях, сцёблах травяністых раслін. Большасць К. жыве на дрэвах пэўнага віду і роду, некат. мнагаедныя. Для кожнага віду характэрны свой малюнак прагрызеных хадоў.

Даўж. ад 0,8 да 12 мм, цела цыліндрычнае, бурае або чорнае, бліскучае. Вусікі булавападобныя. За год даюць 1—2 пакаленні.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),

архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris), Паўночна-французская нізіна,

узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал. ч. бас. р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн. індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМБА́ВА (Sumbawa),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 13,3 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (2000). Берагі моцна расчлянёныя, шмат бухтаў, каля ўзбярэжжа каралавыя рыфы. Рэльеф гарысты, выш. да 2821 м (вулкан Тамбора). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1200 мм за год; засушлівы сезон на працягу 6 мес. Трапічныя лясы, хмызняковыя зараснікі і саванны. Вырошчваюць рыс, кукурузу, сою, какосавыя пальмы, тытунь, каву. Жывёлагадоўля, у т. л. конегадоўля. Рыбалоўства. На С. — гарады Сумбавабесар, Раба.

т. 15, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛЬС, Уэлс (Wales),

паўвостраў на З Вялікабрытаніі. Абмываецца Ірландскім м., пралівам Св. Георга, залівамі Кардыган і Брыстольскім. Берагі пераважна скалістыя, моцна парэзаныя. Большую ч. тэр. займаюць Кембрыйскія горы (г. Сноўдан, выш. да 1085 м). Радовішчы каменнага вугалю. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. 5—6 °C, ліп. 15—17 °C. Ападкаў на раўнінах 750—1500 мм, у гарах каля 2500 мм за год. Лугі, тарфянікі, верасовыя пусткі, участкі шыракалістых лясоў. Некалькі рэзерватаў. Порты: Кардыф, Ньюпарт.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ХВЕ (яўр. YHWH), Ягве, Іегова,

у іудаізме імя Бога, якое нельга вымаўляць. Паводле Старога Запавету Бібліі, гэтае імя адкрыў Бог Майсею на гары Харыў. Да 3 ст. да н.э. яго мог вымаўляць раз на год (Дзень ачышчэння) нячутна для іншых першасвятар, які перадаваў тайну гучання свайму пераемніку. Потым вымаўленне імя «Я.» канчаткова забаронена і, калі яно сустракаецца ў час чытання ўслых свяшчэнных тэкстаў, яго замяняюць словам «Аданай» (у рус. перакладзе Бібліі з грэч. мовы — «Господь»).

т. 18, кн. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)