ВЕ́КТАРНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца дзеянні над вектарамі і іх уласцівасці. Яго развіццё ў 19 ст. выклікана патрэбамі механікі і фізікі. Пачалося з даследаванняў У.​Гамільтана і Г.​Грасмана па гіперкамплексных ліках. Падзяляецца на вектарную алгебру і вектарны аналіз.

Вектарная алгебра разглядае лінейныя дзеянні над вектарамі (складанне, адніманне вектараў, множанне вектараў на лік), а таксама скалярны здабытак, вектарны здабытак і змешаны здабытак вектараў. Сума a→ + b→ вектараў a→ і b→ — вектар, праведзены з пачатку a→ да канца b→, калі канец a→ і пачатак b→ супадаюць. Складанне вектараў мае ўласцівасці: a→ + b→ = b→ + a→ ; ( a→ + b→ ) + c→ = a→ + ( b→ + c→ ) ; a→ + 0→ = a→ ; a→ + (−a→) = 0→ ; дзе 0→ — нулявы вектар, −a→ — вектар, процілеглы вектару a→ (гл. Асацыятыўнасць, Камутатыўнасць). Рознасць a→−b→ вектараў a→ і b→ — вектар x→ такі, што x→ + b→ = a→ ; рознасць a→−b→ ёсць вектар, які злучае канец вектара b→ з канцом вектара a→, калі яны адкладзены з аднаго пункта. Здабыткам вектара a→ на лік α наз. вектар α a→, модуль якога роўны | α ‖ a→ | і які накіраваны аднолькава з вектарам a→, калі α > 0, і процілеглы пры α < 0. Калі α = 0 ці a→=0→, то α a→ = 0→. Уласцівасці множання вектара на лік: α ( a→ + b→ ) = αa→ + αb→ ; ( a→ + b→ ) α = a→ α + b→ α ; α ( β a→ ) = ( α β ) a→ ; 1 ∙ a→ = a→ . Пры каардынатным заданні вектараў розным дзеяннем над вектарамі адпавядаюць дзеянні над іх каардынатамі. У вектарным аналізе вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў і дыферэнцыяльныя аперацыі над гэтымі функцыямі (гл., напр., Градыент, Дывергенцыя).

А.​А.​Гусак.

Да арт. Вектарнае злічэнне: 1 — складанне вектараў; 2 — адніманне вектараў.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖО́РА-МІНО́Р, мажора-мінорная сістэма,

аб’яднанне мелодыка-гарманічных сродкаў, якія належаць ладам процілеглага нахілення, у межах адной сістэмы; адзін з прыёмаў расшырэння класічнай гарманічнай танальнасці. Асн. разнавіднасці: аднайменныя М.-м. (мажорны лад, узбагачаны мелодыка-гарманічнымі абаротамі аднайм. мінору) і мінора-мажор (мінор, узбагачаны элементамі аднайм. мажору); паралельныя М.-м. і мінора-мажор, пабудаваныя на ўзаемаабмене характэрных акордаў гарманічных форм паралельных ладатанальнасцей. Фарміраванне М.-м. — вынік працяглага ўзаемадзеяння мажору і мінору ад іх гарманічных і меладычных форм да ўтварэння поўнай мажорамінорнай сістэмы, якая спалучае сродкі аднайменнай і паралельнай. Выкарыстанне спецыфічных акордаў М.-м. (нізкіх і высокіх III і VI ступеняў у аднайменным, III мажорнай і VI мінорнай у паралельным), гарманічных абаротаў і танальных планаў на іх аснове абумовілі ўзбагачэнне маляўнічых магчымасцей гармоніі. Росквіт гарманічнага М.-м. звязваюць з класіка-рамантычным мастацтвам 18—19 ст. Больш познія па часе фарміравання (канец 19 — пач. 20 ст.) аднатэрцавыя М.-м. і мінора-мажор — сістэмы аб’яднання ладоў супрацьлеглага нахілення, якія будуюцца на ўзаемапранікненні сродкаў мажору і мінору, што знаходзяцца ва ўскладненых, храматызаваных суадносінах і маюць агульную тэрцыю (до мажор — до-дыез мінор, ля мінор — ля-бемоль мажор). Пры гэтым ладавую пераафарбоўку зазнае агульны для ўзаемадзейных тонік тэрцавы тон. Сродкі аб’яднаных мажора-мінорных сістэм накіраваны на выяўленне іх маляўніча-выразных і дынамічных магчымасцей: больш дыятанічныя аднайм. і паралельныя сістэмы атрымліваюць пераважна маляўнічую трактоўку, у сродках аднатэрцавай сістэмы падкрэсліваецца павышаная напружанасць, экспрэсіўнасць.

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;

Григорьев С.С. Теоретический курс гармонии. М., 1981;

Тифтикиди Н.Ф. Теория однотерцовой и тональной хроматической систем // Вопросы теории музыки: Сб. ст. М., 1970. Вып. 2.

Т.​С.​Ляшчэня.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ, СПЕКУЛЯ́ЦЫЯЙ І СЛУЖБО́ВЫМІ ЗЛАЧЫ́НСТВАМІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ЧК БССР),

дзяржаўны орган, які ў сваёй дзейнасці спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа. Утворана 18.2.1919 паводле рашэння Вял. Прэзідыума выканкома БССР як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (губчэка); уваходзіла ў склад НКУС БССР. Пад яе кіраўніцтвам працавалі Бабруйская, Ігуменская і Мазырская павятовыя надзвычайныя камісіі, якія выбіраліся павятовымі выканкомамі і зацвярджаліся губчэка. Пасля ўтварэння Літбел Мінская губчэка ў маі 1919 перайменавана ў Надзвычайную камісію Літ.-Бел. ССР (ЧК Літбела). У сувязі з акупацыяй тэр. Літ.-Бел. ССР польскімі інтэрвентамі ў жн. 1919 дзейнасць ЧК Літбела спынена, а яе супрацоўнікі накіраваны на фронт і ў тыл акупантаў на падп. работу. Пасля вызвалення Беларусі 21.7.1920 адноўлена як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і службовымі злачынствамі, пазней перайменавана ў Надзвычайную камісію БССР (ЧК БССР). Працавала пад кіраўніцтвам ВЧК, фактычна на правах губ. органа. З 1919 асн. кірункамі дзейнасці Мінскай губчэка, потым ЧК Літбела былі выяўленне і ліквідацыя контррэв. арг-цый, барацьба з сабатажам і спекуляцыяй, карупцыяй служачых сав. дзярж. апарата. Пасля разгрому арганізаваных сіл унутр. і знешняй контррэвалюцыі ў 1921—22 асн. намаганні надзвычайнай камісіі былі скіраваны на барацьбу з бандытызмам і шпіянажам, контррэв. дзейнасцю розных партый і арг-цый. Паводле рашэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 1.3.1922 ЧК БССР скасавана і на яе базе ўтворана Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР. ЧК БССР (Мінскую губчэка, ЧК Літбела) узначальвалі: В.​А.​Багуцкі (крас.—май 1919), І.​В.​Тарашкевіч (май—жн. 1919), А.​І.​Ротэнберг (1920—21), Я.​К.​Ольскі (Кулікоўскі; 1921—22).

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,

міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.

Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.

Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.

Літ.:

Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.

Літ.:

Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;

Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;

Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;

Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;

Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАБІ́, аль-Фарабі Абу Наср Мухамед ібн Тархан (870, г. Фараб, цяпер гарадзішча Атрару Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 950), сярэднеазіяцкі філосаф і вучоны-энцыклапедыст, прадстаўнік усх. арыстоцелізму, каментатар Арыстоцеля і Платона. Жыў у Алепе, Багдадзе, Дамаску. Яго філас. погляды грунтуюцца на вучэнні Платона пра эманацыю — паходжанне і развіццё універсуму. У адпаведнасці з. асн. палажэннямі гэтага вучэння сцвярджаў, што існуе створаная Богам вечная, найвышэйшая і найб. дасканалая ступень універсуму, якая пакладзена ў аснову светабудовы. Гал. тэндэнцыю агульнага руху бачыў у сыходжанні ад найвышэйшай анталагічнай ступені да ніжэйшых са зніжэннем узроўню дасканаласці, але лічыў, што ўнутры асобных анталагічных ступеней працэс развіцця накіраваны на ўзыходжанне і ўдасканаленне. На яго думку, паслядоўнасць эманацый пачынае ажыццяўляць «універсальны розум» («нус»), а працягваюць «касмічныя розумы» («нусы»), кожны з якіх адпавядае пэўнай нябеснай сферы; на апошняй анталагічнай ступені эманацыі дзейнічае «актыўны розум», які кіруе працэсамі ўзнікнення і знішчэння на Зямлі; сінтэз з «актыўным розумам» лічыў найвышэйшай мэтай навукі. Распрацаваў сац. вучэнне пра ідэальную дзяржаву («дабрадзейны горад») — мадэль найлепшага натуральнага ўзаемадзеяння людзей, дзе кожны чалавек забяспечаны неабходнымі жыццёвымі дабротамі. Паводле Ф., кіраваць «дабрадзейным горадам» павінен філосаф, які ў якасці імама ўзначальвае рэліг. абшчыну і перадае яе членам ісціны, атрыманыя ад «актыўнага розуму» («Трактат пра погляды жыхароў дабрадзейнага горада», «Афарызмы дзяржаўнага дзеяча»). Аўтар «Вялікага трактата пра музыку», у якім прыводзяцца каштоўныя звесткі пра муз. культуру Усходу і Стараж. Грэцыі. Паўплываў на ўсх. мысліцеляў Ібн Сіну, Ібн Баджу, Ібн Туфайля, Ібн Рушда, сярэдневяковую зах.-еўрап. філасофію і навуку.

Тв.:

Рус. пер. — Философские трактаты. Алма-Ата, 1970;

Математические трактаты. Алма-Ата, 1972;

Социально-этические трактаты. Алма-Ата, 1973;

Логические трактаты. Алма-Ата, 1975;

О разуме и науке. Алма-Ата, 1975;

Историко-философские трактаты. Алма-Ата, 1985;

Естественно-научные трактаты. Алма-Ата, 1987;

Избр. трактаты. Алма-Ата, 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЛЬЕТО́Н (франц. feuilleton ад feuille аркуш),

жанр мастацка-публіцыстычнай літаратуры, якому ўласцівы надзённасць, элементы сатыры (іронія, сарказм), экспрэсіўнае выяўленне адносін аўтара. Засн. пераважна на рэальным факце, накіраваны супраць канкрэтных з’яў і асоб. Пішацца празаічнай і вершаванай моваю, выкарыстоўвае розную літ. форму — дзелавога ліста, дзённіка, даклада, маналога і інш.

Першапачаткова ў Францыі (з 1800) Ф. наз. ўкладзены ў газету спец. лісток для тэатр. хронікі, рэцэнзій, паведамленняў пра моды і інш. (выкарыстоўваўся як назва рубрыкі). Як публіцыстычны жанр народжаны франц. рэвалюцыяй 1789—94 (памфлеты Ж.​П.​Марата, К.​Дэмулена). У жанры Ф. актыўна выступалі Г.​Гейнэ, Г.​Веерт, Ф.​Фрэйліграт і інш., у рус. і сав. л-ры — С.​Алейнік, А.​Вішня, М.​Горкі, У.​Дарашэвіч, М.​Зошчанка, І.​Ільф і Я.​Пятроў, У Маякоўскі, М.​Салтыкоў-Шчадрын, Г.​Успенскі і інш.

Найб. значныя здабыткі бел. л-ры ў жанры Ф. звязаны з імёнамі К.​Крапівы (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925; «Ухабы на дарозе», 1930), К.​Чорнага (зб. «Кат у белай манішцы», 1942), М.​Лынькова, А.​Макаёнка, П.​Панчанкі, М.​Лужаніна, У.​Корбана (зб. «Мы іх ведаем», 1950), Н.​Гілевіча (зб-кі «Да новых венікаў», 1963, «Ці грэх, ці 2», 1970), а таксама А.​Зэкава. ФЕ́ЛЬЗЕНШТАЙН, Фельзенштэйн (Felsenstein) Вальтэр (30.5.1901, Вена — 8.10.1975), нямецкі оперны рэжысёр; рэфарматар ням. муз. т-ра. Чл. (1951) і віцэ-прэзідэнт (1959) АМ ГДР. З 1923 акцёр, з 1926 і рэжысёр у розных т-рах Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1947 кіраўнік створанага ім т-ра «Комішэ опер» у Берліне (ГДР). Прынцыпы Ф. блізкія опернай рэжысуры К.​Станіслаўскага. Сярод пастановак оперы і аперэты. Аўтар кніг «Пра музычны тэатр» (1970) «Гутаркі пра музычны тэатр» (выд. 1976) і інш. Нац. прэміі ГДР 1950, 1951, 1956, 1960, 1970.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО ШЫ МІН [Hô Chi Minh (сапр. імя Нгуен Тат Тхань) 19.5.1890, в. Кімліен, правінцыя Нгеан, В’етнам — 3.9.1969],

дзяржаўны і паліт. дзеяч В’етнама. Скончыў Нац. каледж у г. Хюэ. Выкладаў у навуч. установах г. Сайгон. У 1916—23 жыў у Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі. З 1917 чл. Франц. сац. партыі, з 1920 чл. Франц. камуніст. партыі. У 1923—24 у СССР, працаваў у Камуністычным інтэрнацыянале. У 1924 накіраваны Камінтэрнам у Кітай (у 1925 стварыў у г. Гуанчжоў Таварыства рэв. моладзі В’етнама). Пасля разрыву Камуніст. партыі Кітая з Гаміньданам (1927) вярнуўся ў СССР. У 1928—30 прадстаўнік Камінтэрна ў Сіяме (Тайланд). У 1930 арганізаваў у Сянгане (Ганконгу) устаноўчы з’езд Камуніст. партыі Індакітая (КПІК). За рэв. дзейнасць прыгавораны завочна франц. судом да смяротнага пакарання. У 1934—38 вучыўся ў Камуніст. ун-це працоўных Усходу ў Маскве. З 1938 у Яньані — сталіцы камуніст. раёнаў Кітая. У 1941 вярнуўся ў В’етнам і ўзначаліў патрыят. арг-цыю В’етмінь. У 1942—43 зняволены ў гамінданаўскай турме. Пасля абвяшчэння 2.9.1945 Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ) старшыня яе Часовага ўрада. З сак. 1946 прэзідэнт ДРВ, адначасова ў 1946—55 прэм’ер-міністр. у 1946—51 ген. сакратар ЦК КПІК. У 1951—60 ген. сакратар ЦК Партыі працоўных В’етнама, створанай на базе КПІК, у 1951—69 таксама старшыня ЦК ППВ. У 1950—54 узначальваў узбр. барацьбу супраць франц. каланізатараў, у 1960-я г. — барацьбу за аб’яднанне краіны. Пахаваны ў маўзалеі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Літ.:

Афонин С.Н., Кобелев Е.В. Товарищ Хо Ши Мин. М., 1980;

Кобелев Е.В. Хо Ши Мин. 2 изд. М., 1983;

Хонг Ха. Хо Ши Мин в Стране Советов: Пер. с вьет. М., 1986;

Избранное: Воспоминания о Хо Ши Мине. М., 1990.

В.​У.​Адзярыха.

Хо Шы Мін.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАДУ́РСКІ (Szadurski) Станіслаў (18.9.1726, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1789),

бел. і польскі філосаф. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Вільні і Оршы. Выкладаў грэч. і лац. мовы ў Вільні і Варшаве. У 1752 накіраваны Віленскім ун-там у Парыж вывучаць тэалогію, філасофію, прыродазнаўства і матэматыку. З 1757 выкладаў філасофію ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме, у 1759—62 праф. філасофіі Навагрудскага калегіума. У навагрудскі перыяд напісаў і апублікаваў свае найб. значныя філас. творы. Асн. працы — «Прынцыпы філасофіі мыслення і адчування» (1758), «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаванняў па логіцы, этыцы і метафізіцы» (1760), «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» (1761), «Фізіка, або Філасофія прыроды» (не апубл.). У 1762—65 прыдворны капелан мінскага ваяводы, праф. тэалогіі і царк. права ў Гродне (1768—70) і Браневе (1770—71). Паводле Ш., у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а гал. крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гіст. аўтарытэту, веры і думкі. У галіне фармальнай логікі Ш. разглядаў традыц. для схаластыкі аперацыі розуму (паняцце, суджэнне і вывад), пытанні тэорыі дэдуктыўнага разважання (сілагістыка), семантыкі лагічнай і аналогіі выказванняў. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі, лічыў магчымым карыстацца рознымі філас. сістэмамі і запазычваць з іх тое, што ўяўлялася яму дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблемы суадносін матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Р.​Дэкарта, адначасова спрабаваў аб’яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. Асаблівай увагі заслугоўваюць яго рацыянальна-эмпірычны погляд на прыродазнаўства, спробы вытлумачыць рэліг. догматы з дапамогай законаў механікі, дынамікі, статыкі, оптыкі і інш.

Тв.:

Философские положения по общей физике // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн. 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980;

Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,

адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)