БІЯГЕНАСФЕ́РА (ад бія... + грэч. genos нараджэнне + сфера),
прыродны комплекс, які ўзнік у слоі ўзаемадзеяння і ўзаемапранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы. Сфарміраваўся пад уздзеяннем сонечнай энергіі і арган. жыцця. У біягенасферу ўключаюць 10—12 км тоўшчы атмасферы (над узроўнем акіяна), усю гідрасферу і 4—5 км слоя літасферы, агульная тоўшча біягенасферы да 30 км. Біягенасфера ўключае і ненаселеныя прасторы планеты (напр., ледавіковыя шчыты Антарктыды і Грэнландыі). Біягенасферу вывучае фіз. і эканам. геаграфія. Гл. таксама Біясфера.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНА»,
гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.Патапаў, У.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́НБІ (Denbigh),
Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.
т. 6, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЯКСІ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
OHC—COOH, прасцейшая альдакіслата. Бясколерныя прызматычныя крышталі. Т-ра плаўлення 98 °C, добра раствараецца ў вадзе. З рэчывамі, у малекуле якіх ёсць індольнае кальцо, утварае чырвона-фіялетавы комплекс. У раслінных і жывёльных арганізмах гліяксілавая кіслата ўтвараецца пры акісленні гліколевай к-ты (фотадыханне), дэзамінаванні гліцыну з трыкарбонавых к-т лімонна-кіслага цыкла, у гліяксілатным цыкле. Гліяксілавая кіслата ўдзельнічае ў пераамінаванні, утвараючы гліцын, а таксама ў рэакцыі трансацэтыліравання з L-малатам і KoA.
т. 5, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Яўген Кузьміч) (н. 2.8.1937, г. Магілёў),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў БПІ (1962). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1997 гал. архітэктар. Асн. работы ў Гомелі: забудова мікрараёнаў Аэрадром (1967—70), № 35 і Крышталь па вул. Ільіча (1975, у сааўт.), № 11 (1978), № 12 (1979), № 17 (1986) у жылым раёне Валатава, комплекс інтэрнатаў з-да «Гомсельмаш» (1977—83, у сааўт.). Праектаваў таксама мікрараёны ў гарадах Рагачоў, Рэчыца, Светлагорск Гомельскай вобл.
т. 7, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),
бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ДУРАЙ, Мадура,
горад на Пд Індыі, на р. Вайгаі, у штаце Тамілнад. Вядомы з 2 ст. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. чыг. сувязь з Шры-Ланкай. Аэрапорт. Адзін з буйнейшых тэкст. (баваўняная, шаўковая) цэнтраў краіны. Развіты металаапр., харч. (цукровая, тытунёвая, рысаачышчальная), цэм. прам-сць. Стараж. саматужнае ткацтва, разьбярства па дрэве. Ун-т. Грандыёзны комплекс храмаў Шывы (12—17 ст.) і інш. арх. помнікі. Цэнтр турызму.
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],
тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.
М.К.Недзьведзь.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),
комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.П.Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНД (ад назвы стараж. слав. племя венды ці венеды),
вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.С.Сакаловым у 1950 на ПнЗ Усх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.
На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.
М.В.Вераценнікаў.
т. 4, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)