БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА ВЫШЫ́НЯЎ,
сістэма вызначэння абсалютных адзнак паверхні Зямлі, прынятая з 1942 у б. СССР, у т. л. на тэр. Беларусі. Пункт адліку — нуль на футштоку ў г. Кранштат, які супадае з сярэднім шматгадовым узроўнем Балтыйскага м. (гл. таксама Абсалютная вышыня).
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́ЛІЙ (ад апа... + грэч. hēlios Сонца),
найбольш аддалены ад Сонца пункт арбіты планеты або інш. цела, што абарачаецца вакол Сонца. Адлегласць Зямлі ад Сонца ў афеліі 152 млн. км (у пач. ліпеня). Процілеглы пункт арбіты — перыгелій. Гл. таксама Апагей, Перыгей.
т. 2, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНА́ДСКАГА ГО́РЫ,
падлёдавыя горы ва Усх. Антарктыдзе, ва ўсх. частцы Зямлі Каралевы Мод. Даўж. каля 400 км. Выш. больш за 1600 м. Над гарамі — ледавіковае покрыва магутнасцю да 1000 м. Адкрыты ў 1964 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Названы ў гонар У.І.Вярнадскага.
т. 4, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,
адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.
т. 9, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДЗЁННАЯ ЛІ́НІЯ,
лінія перасячэння плоскасці нябеснага мерыдыяна з плоскасцю матэм. гарызонта. На перасячэнні з нябеснай сферай дае пункты Пн і Пд. Уздоўж П.л. падае цень у сапраўдны поўдзень. Напрамак П.л. супадае з напрамкам геагр. мерыдыяна ў дадзеным пункце паверхні Зямлі.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЛІ́Т (ад піра... + грэч. lithos камень),
гіпатэтычнае рэчыва, з якога складаецца верхняя мантыя (гл. Мантыя Зямлі). Паводле хім. саставу адпавядае 1/4 базальту і 3/4 перыдатыту. Мяркуецца, што з П. ўтвараецца базальтавая магма і астаткавыя прадукты — дуніт і перыдатыт.
т. 12, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеі вял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш. абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
І.А.Юхо.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн. га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
3) Месца, дзе некалі быў двор.
т. 6, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНА́Т (лац. colonatus ад colonus земляроб),
асаблівая форма вытв. адносін паміж буйным землеўладальнікам і непасрэдным вытворцам — калонам у Рым. імперыі. Пры сістэме К. буйная зямельная ўласнасць драбнілася на парцэлы — невял. ўчасткі, якія здаваліся ў арэнду калонам. Напачатку (2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) юрыдычна свабодны і эканамічна самаст. калон, які плаціў арэнду грашамі, мог выкарыстоўваць для апрацоўкі зямлі працу рабоў і выступаў як дробны рабаўладальнік. Пазней (з 2 ст. н.э.) у выніку масавага разарэння дробных і сярэдніх рабаўладальнікаў з-за нізкай прадукцыйнасці рабскай працы і скарачэння крыніц папаўнення рабоў калон трапіў у асабістую і эканам. залежнасць (плаціў арэнду доляй ураджаю) ад апекуна-землеўладальніка. У 4—5 ст. калоны юрыдычна прымацаваны да зямлі; былі папярэднікамі сярэдневяковых прыгонных.
т. 7, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)