стацыянарны пад’ёмнік звычайна цыклічнага дзеяння з верт. рухам кабіны або платформы па жорсткіх накіравальных, якія ўстаноўлены ў агароджанай з усіх бакоў шахце. Найб. пашыраны Л. з эл. канатнай цягай.
Бываюць пасажырскія — звычайныя, скарасныя, бальнічныя (умяшчальнасць кабін да 30 чал., скорасць да 7 м/с) і грузавыя — агульнага прызначэння, спец., напр. магазінныя (грузападымальнасць да 10 т, скорасць да 1,5 м/с). Вышыня пад’ёму да 150 м і больш. На Беларусі Л. вырабляе Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУСІЧЭ́НКА (Канстанцін Іванавіч) (9.5.1917, б. хутар Кірсаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 1.8.1989),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр авіяцыі (1959). Скончыў Варашылаўградскую школу ваен. пілотаў (1937), Ваенна-паветр. акадэмію (1950), Ваен. акадэмію Генштаба (1961). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд. фронце, з 1942 у часцях авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік Сталінградскай бітвы, абароны Ленінграда, вызвалення Гомеля, Бабруйска, Мінска, Берлінскай аперацыі. Да 1963 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЕ́ЛІЦА (Дзмітрый Іванавіч) (н. 2.2.1938, г. Смаленск, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі і біяхіміі. Д-рхім.н. (1976), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1961). З 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1985 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. і ферментатыўнай кінетыцы, даследаванні механізма дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў (цытахром Р-450, пераксідаза, каталаза і дэгідрагеназа) і ферментатыўных працэсаў у міцэлярных сістэмах, па імунаферментным аналізе і яго выкарыстанні ў медыцыне.
Тв.:
Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТЫ́Я,
асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТУШКО́Ў (Аляксей Свірыдавіч) (18.10.1913, г. Лісічанск Луганскай вобл., Украіна — 27.7.1991),
Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў Сталінградскую ваен. авіяшколу (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра авіяпалка далёкага дзеяння падпалк. П. да крас. 1944 зрабіў 250 баявых вылетаў на бамбардзіроўку варожых аб’ектаў у Варонежы, Курску, Арле, Харкаве, Кіеве, Мінску, Таліне, Нарве, Пскове, Оршы. Удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Бухарэста, Данцыга, Будапешта, Берліна. Да 1959 у Сав. Арміі, да 1977 на адм. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ, біяпатэнцыялы,
электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.
Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.
Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец.індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).
Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад.Нац.АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТА-ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, β-выпрамяненне,
паток электронаў ці пазітронаў (β-часціц), якія выпраменьваюцца пры бэта-распадзе. Бэта-выпрамяненне выклікае іанізацыю, люмінесцэнцыю, уздзейнічае на фотаэмульсію.
Дзеянне бэта-выпрамянення на жывыя арганізмы падобна да біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняўінш. відаў. Пры вонкавым апрамяненні арганізма бэта-выпрамяненнем пашкоджвае паверхневыя тканкі (пранікальная здольнасць β-часціц не перавышае некалькіх міліметраў). Пры пападанні β-радыеактыўных ізатопаў у арганізм асаблівасці прамянёвага пашкоджання залежаць ад размеркавання іх у тканках і ад перыяду паўраспаду (можа адбывацца гібель клетак, тканак і ўсяго арганізма). Адносная біялагічная эфектыўнасць бэта-выпрамяненняў блізкая да 1. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (прамянёвая тэрапія).