КАМЕ́ННЫЯ БА́БЫ,

старажытныя каменныя выявы чалавечых фігур, звязаныя з культам продкаў. Сустракаюцца пераважна ў стэпавай паласе Еўропы і Азіі, ад Прыкарпацця да Манголіі. Зроблены ў тэхніцы рэльефу, барэльефа, скульптуры, выш. 1—4 м. Вядомы К.б. бронзавага веку, скіфа-сармацкага часу ў Прычарнамор’і, у цюркамоўных народаў Азіі 4—9 ст. і насельніцтва ўсх. стэпаў ранняга сярэдневякоўя. На тэр. Беларусі вядома каля 10 К.б. 11—13 ст., якія былі завезены для ўпрыгожання паркаў у 18—19 ст. (верагодна, з Прыазоўя). Ва ўсіх фігур рукі складзены на жываце, у руках цыліндрычны кубачак.

Л.​У.​Дучыц, С.​Я.​Расадзін.

Каменныя бабы з Дзедзілава (1), Гомеля (2, 3), Крынак (4).

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БОР,

вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял. Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁВА,

горад у Беларусі, цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. За 48 км ад Гомеля. Чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Мінск—Гомель. 9,5 тыс. ж. (1995).

Да 1861 вёска Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. З 1877 чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыг. У 1888 заснавана прадпрыемства па вырабе драўляных дэталей ткацкіх станкоў. У 1897 — 517 ж. З 1924 цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З да 27.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 485 чалавек. У 1959 — 4,6 тыс. ж., у 1969 — 7,2 тыс. ж. З 31.12.1971 горад.

У Буда-Кашалёве харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРЫ́ЛА (Сцяпан Сцяпанавіч) (14.8.1903, Мінск — 15.7.1978),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. Працаваў у т-рах Волагды, Архангельска, Віцебска, Гомеля. З 1926 у БДТ-3, з 1928 у т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Створаныя ім вобразы вызначаліся дакладным знешнім малюнкам, глыбокай псіхалагічнай распрацоўкай: Цывін («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Вашамірскі («Салавей» З.​Бядулі), Лютынскі («Канец дружбы» К.​Крапівы), Хірт («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Секяржыцкі («Амністыя» М.​Матукоўскага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава), Якаў Каламійцаў («Апошнія» М.​Горкага), Ксанф («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду), Фярэкіс («Патрабуецца лгун» Дз.​Псатаса) і інш.

С.С.Бірыла.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).

А.​Ф.​Рогалеў.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКІ (Кузьма Мікітавіч) (24.10.1897, г. Таганрог, Расія — 14.3.1973),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Ген. Арміі (1955). Скончыў Вышэйшую стралк.-тактычную школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У арміі з крас. 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах, удзельнік абароны Ліды, Гомеля, бітвы пад Масквой. 11-я гвардз. армія пад яго камандаваннем вызначылася ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Беларускай аперацыі 1944, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна. Да 1962 на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар успамінаў.

К.М.Галіцкі.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),

адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.

В.​І.​Мялешка.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДУНО́ВА (Палута) (Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел. Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.

П.Бадунова.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (парт. псеўд. Герасім, Роберт, Максім, Стах Тамашэвіч; 19.12.1907, г. Гомель — 16.2.1938),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1929 на камсам. рабоце ў Гомелі і Гомельскай вобл., заг. аддзела і чл. Бюро ЦК ЛКСМБ. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КСМЗБ, з 1933 чл. Сакратарыята, з 1935 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ. Адзін з кіраўнікоў Кобрынскага ўзброенага выступлення сялян 1933. У 1937—38 удзельнічаў у нац.-рэв. вайне ў Іспаніі: камісар батальёна імя Палафокса, камандзір роты імя Т.​Шаўчэнкі ў складзе інтэрнац. брыгады імя Я.​Дамброўскага. Загінуў у баях каля падножжа гор Эстрамадуры.

Літ.:

Драбінскі Я. Ад Гомеля да Эстрамадуры. Мн., 1971.

В.​Л.​Ласковіч.

М.М.Дворнікаў.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)