ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́КЕЛЬ ((Haeckel) Эрнст) (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),
нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.
Тв.:
Рус пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Ганс) (19.2.1901, г. Дрэздэн, Германія — 11.9.1958),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1922—26). Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі (1929). У 1946—47 праф. і рэктар Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. Зазнаў уплыў экспрэсіянізму. Аўтар твораў, якія выкрываюць фашызм (цыкл афортаў «Звяры і людзі», 1933—38; трыпціх «Тысячагадовая імперыя», 1935—38). Поўныя трагічнага пафасу яго маст. вобразы маюць характар фантаст. сімвалаў. Лаўрэат Нац. прэміі ГДР (1958).
Тв.:
Рус.пер. — Между карнавалом и великим постом: Воспоминания... М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ ((Grimm) Ганс Іахім) (н. 16.10.1932, г. Магдэбург, Германія),
нямецкі пісьменнік-перакладчык. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1955). У 1955—59 перакладчык Гандлёвага прадстаўніцтва ГДР у Маскве. З 1961 кіраўнік групы паўд.-слав. моў у Бюро перакладаў у Берліне. Перакладае з бел., рус., укр., польскай, сербахарвацкай і інш.слав. моў. На ням. мову пераклаў «Беларускія народныя казкі» (1—10 выд., 1966—80), раманы Я.Брыля «Птушкі і гнёзды» (1968), І.Шамякіна «Снежныя зімы» (1972), апавяданні В.Быкава, У.Галубка, Ц.Гартнага, У.Караткевіча, І.Мележа, А.Пальчэўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАКО́ВІЧ (Тамара Васілеўна) (11.3. 1954, в. Сеўскае Праўдзінскага р-на Калінінградскай вобл., Расія — 1.11.1992),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). З 1976 дзярж. трэнер СССР па Віцебскай вобл. Чэмпіёнка XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) у камандным першынстве, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне, бронз. — у асабістым першынстве і вольных практыкаваннях. Чэмпіёнка свету (1970, г. Любляна, Югаславія) у камандным першынстве. Чэмпіёнка Еўропы (1971, Мінск) у асабістым першынстве (мнагабор’е), у практыкаваннях на бервяне і брусах, уладальніца Кубка Еўропы (1971) у практыкаваннях на бервяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАФТ (Kraffi, Kraft) Адам (каля 1460, г. Нюрнберг ?, Германія — 1508 або 1509), нямецкі скульптар, прадстаўнік мастацтва, пераходнага ад готыкі да Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу.
Творчасць вызначаецца стрыманасцю вобразаў, размераным рытмам, пластычнай важкасцю форм, ураўнаважанасцю кампазіцый. У работах часам трапляюцца жанравыя элементы. Сярод твораў: надмагілле Зебальда Шрэера (1490—92), дарахавальніца з партрэтнымі фігурамі К. і 2 чаляднікаў (1493—96), рэльеф «Вагаўшчык» (1497), серыя з 7 рэльефаў «Хрэсны шлях Хрыста» для могілак св. Іаана (каля 1505—08).
А.Крафт. Аплакванне Хрыста з серыі «Хрэсны шлях Хрыста». 1505—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁПЕН ((Koeppen) Вольфганг) (н. 23.6.1906, г. Грайфсвальд, Германія),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ва ун-тах Гамбурга, Берліна, Вюрцбурга. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г.: раманы «Гісторыя няшчаснага кахання» (1934), «Сцяна хістаецца» (1935). Вядомасць прынеслі раманы «Галубы ў траве» (1951), «Цяпліца» (1953), «Смерць у Рыме» (1954) аб праблемах пасляваен. жыцця Германіі. Яго творы адметныя вастрынёй псіхал. аналізу, складанай сімволікай, спалучэннем дакументалізму з умоўнасцю і лірызмам. Аўтар кніг дарожных нарысаў, аўтабіягр. аповесці «Юнацтва» (1976), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус.пер. — Голуби в траве. Теплица. Смерть в Риме: Романы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Пётр Андрэевіч) (н. 2.1.1948, в. Латыгава Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяарган. хіміі. Д-рхім.н. (1990). Скончыў ун-т імя М.Лютэра (г.Гале, Германія, 1972). З 1972 у Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі, адначасова з 1994 у Міжнар. ін-це радыеэкалогіі імя А.Дз.Сахарава. Навук. працы па вывучэнні прынцыпаў рэгуляцыі функцыянальнай актыўнасці мембраназвязаных і растваральных гемзмяшчальных бялкоў і ферментаў. Даследаваў новую разнавіднасць фосфаліпідаў з высокай стымулюючай актыўнасцю ў адносінах да монаоксігеназных ферментных сістэм, уласцівасці ізаэнзімаў цытахрому Р-450 чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС ((Claesz) Пітэр) (1597 або 1598, г. Штайнфурт, Германія — 1.10.1661),
галандскі жывапісец. Працаваў у г. Харлем (Галандыя). Прадстаўнік харлемскай школы «манахромнага» нацюрморта. Адзін з першых у нацюрмортным жывапісе вызначыў ролю святла, паветр. асяроддзя і адзінага тону як сродку выразу адзінства прадметнага свету і навакольнага асяроддзя. У тэматыцы пераважалі «сняданкі», «банкеты», тэмы «ванітас». Творам уласцівы сціпласць выяў прадметаў, вытанчаная прастата кампазіцый, дамінаванне відаў зверху, шэра-карычневая колеравая гама: «Нацюрморт», «Ванітас» (абодва 1624), «Нацюрморт са свечкай» (1627), «Сняданак» (1642), «Сняданак з вэнджанінай» (1647) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́НЦЭ ((Klenze) Франц Карл Лео фон) (29.2.1784, г. Шладэн, Германія — 27.1.1864),
нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Германіі, Францыі, Італіі. Працаваў у Германіі (у 1803—13 прыдворны архітэктар вестфальскага караля Жэрома Банапарта ў г. Касель, з 1815 баварскага караля Людвіга I у г. Мюнхен), у 1839—51 у Афінах. Горадабудаўнічыя работы вызначаюцца ўрачыстасцю, строгай рэгулярнасцю планіроўкі. Ствараў цяжкаважныя парадныя пабудовы, у якіх камбінаваў узноўленыя з педантычнай дакладнасцю і сухасцю матывы стараж.-грэч. дойлідства: Гліптатэка (1816—30), Старая пінакатэка (1826—36), Прапілеі (1846—60) у Мюнхене; Новы Эрмітаж у Пецярбургу (1839—52) і інш.