пустыня ў Паўн. Афрыцы, самая вялікая на зямным шары. Пл. каля 7 млн.км². Працягваецца на 5,7 тыс.км ад Атлантычнага ак. на З да Чырвонага м. на У. Шыр. да 2 тыс.км. На Пн мяжуе з паўд. перадгор’ямі Атласа і ўзбярэжжам Міжземнага м. На Пд пераходзіць у Сахель (паўд. мяжа можа перамяшчацца на Пн ці Пд у залежнасці ад вільготнасці года). На тэр. С. размешчаны поўнасцю або часткова дзяржавы: Марока, Туніс, Алжыр, Лівія, Егіпет, Зах. Сахара, Маўрытанія, Малі, Нігер, Чад, Судан. У рэльефе пераважаюць раўніны выш. 200—500 м, у Цэнтр. С. — нагор’і: Ахагар (г. Тахат, 3003 м), Тыбесты (г. Эмі-Кусі, 3415 м, найб.выш. С.); плато: Аір, Энеды, Адрар-Іфарас і інш. Уздоўж Чырвонага м. выцягнуты хр. Этбай (выш. больш за 2000 м). На Пн і У размешчаны шматлікія бяссцёкавыя ўпадзіны, некат. з іх ніжэй узр. м.: Катара (-133 м), Шот-Мельгір (-26 м) і інш. У ландшафтах С. пераважаюць пустыні: камяністыя і друзавыя (хамады), галечнікавыя (рэгі), гліністыя (серыры), пясчаныя (у т. л. эргі), саланчаковыя (себхі); астатнюю тэр. займаюць горныя ландшафты з друзавата-камяністымі пустынямі. Паверхню часта ўскладняюць градавыя пяскі (бываюць грады выш. да 200—300 м) і дзюны круглыя або зоркападобныя.
С. займае паўн.-зах.ч. Афрыкана-Аравійскай платформы, дакембрыйскі фундамент якой выходзіць у масівах Цэнтральна-Сахарскай зоны падняццяў (Рэгібацкае, Ахагар, Тыбесты, Эль-Увейнат) і зах. выступе Нубійска-Аравійскага масіву. На Пн і Пд знаходзяцца зоны пагружэнняў, запоўненыя адносна маламагутным чахлом фанеразойскіх адкладаў. Радовішчы нафты і газу (Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн), жалезных і медных руд, фасфарытаў.
Клімат С. пераважна трапічны пустынны, на Пн — субтрапічны. Круглы год пераважае паўн.-ўсх. пасат. Частыя вятры скорасцю да 50 м/с (хамсін, самум, сірока, шэргі) і пыльныя буры. Сярэднія т-ры студз. 10 °C і больш (у гарах маразы); ліп. да 37 °C, абс.макс. 57,8 °C (Эль-Азізія ў Лівіі), абс.мінім. -18 °C (у Тыбесты). Вял. сутачныя амплітуды т-р паветра (больш за 30 °C) і глебы (да 70 °C). Характэрны сухое паветра (адносная вільготнасць 30—50%) і высокая выпаральнасць (да 6000 мм). На б.ч.тэр. С. ападкаў менш за 50 мм за год, на ўскраінах 100—200 мм. На Пн С. ападкі пераважна зімовыя, на Пд — летнія. С. — вобласць унутранага сцёку. Пастаяннымі вадацёкамі з’яўляюцца ўчасткі транзітных рэк Ніл і Нігер. Па сухіх рэчышчах (вадзі або уэды) эпізадычна сцякаюць ліўневыя воды. Вял. басейн падземных вод, у т. л. артэзіянскіх, забяспечвае жыццё ў аазісах. Свідраванне на ваду вядзецца ў раёнах здабычы нафты і газу. Характэрны прымітыўныя глебы трапічных пустынь і паўпустынь (пясчаныя, друзаватыя, галечныя, гліністыя), часта засоленыя. Пашыраны вапнякова-гіпсавыя коры. Расл. покрыва залежыць ад тыпу пустынь: хамады і рэгі без расл. або з моцна разрэджаным покрывам, эргі замацаваны доўгакаранёвымі бязлістымі хмызнякамі і злакамі (сахарскі дрок, эфедра, дрын). На Пд С. з дрэвава-хмызняковых найб. частыя акацыі, тамарыскі і інш. У горных раёнах захаваліся рэлікты неагенавай флоры (ядловец, алеандр, кіпарыс). Найб. пашыраныя прадстаўнікі жывёльнага свету: антылопа адакс, газелі, муфлон, фенек, гепард, гіена, шакал, пясчанкі, тушканчыкі, сахарскі заяц, сцынкі, вараны, рагатая гадзюка, кобра і інш. Качавая і паўкачавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, козы), земляробства ў аазісах (фінікавая пальма, збожжавыя, агароднінныя культуры), развіта горназдабыўная прам-сць, з 1950—60-х г. С. — буйнейшы нафтаздабыўны раён свету. Гал. гарады: Тугурт, Уаргла, Лагуат, Туат, Тыдыкельт (Алжыр), Куфра, Себха, Тазерба, Джагбуб, Мурзук (Лівія), Сіва, Дахла, Фарафра, Бахарыя (Егіпет). У перавозках грузаў, акрамя нафты і газу (транспартуюцца па трубаправодах), вял. значэнне маюць транссахарская аўтадарога ад Алжыра да Нігера з бітумным пакрыццём да г. Айн-Салах і авіялініі; чыгункі: Абадла — паўн. Алжыр — Марока, Тугурт — Міжземнаморскае ўзбярэжжа, Кедыя — д’Іджыль — узбярэжжа Атлантычнага акіяна.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Сахара. 1 — вытачаныя эрозіяй рэшткі старажытных асадкавых фармацый, Эгіе-дзю-Сіс; 2 — рэг — участак пустыні, укрыты камянямі і галькай; 3 — аазіс Тагіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пдвыходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.
Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефу — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.
Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б.ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн.га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.
Літ.:
Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;
Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.
Беларускае Палессе. Краявід каля в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano), Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano),
папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК
Гісторыя развіцця. Перыядычныя выданні на Беларусі пачаліся з выпуску газет-аднадзёнак, якія выходзілі ў ВКЛ у 2-й пал. 16 ст. — пач. 17 ст. і асвятлялі жыццё народаў ВКЛ і інш. краін Еўропы: «Новіны грозные а жалостлівые...» (1563), «Эдыкт з обозу под замком нашым Велікімі Лукамі» (1580), «Эдыкт з замку Полоцкого» (1593), «Новіны о шчаслівом поступаньні на царство Московское Найясьнейшаго Владыслава, Короля Польского» (1617) і інш. Першым на Беларусі друкаваным выданнем на польскай мове быў інфарм. бюлетэнь «Awizy Grodzieńske» («Гродзенскія весці», 1678 — пач. 18 ст.). Першая друкаваная газета на польскай мове — «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета», 1776—83), створаная па ініцыятыве А.Тызенгаўза. Яна асвятляла найважнейшыя падзеі з жыцця Рэчы Паспалітай і ВКЛ, Расіі, краін Еўропы. У лістападзе—снежні 1792 у Гродне 2 разы на тыдзень выходзіў друкаваны орган Таргавіцкай канфедэрацыі газ. «Wiadomości Grodzieńske» («Гродзенскія ведамасці»), якая інфармавала пра падзеі, што адбываліся напярэдадні 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1796—1840 напачатку ў Варшаве, потым у Гродне, Вільні (да 1833 на польскай, з 1834 на польскай і рус. мовах) выходзіла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»); працяг яе — газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік», 1841—1916; з 1865 на рус. мове).
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння Беларусі да Рас. імперыі акрамя рас. перыёдыкі і «Літоўскага весніка» іншыя перыяд. выданні на Беларусі не выдаваліся. З 1838 Віцебскае, Гродзенскае, Магілёўскае, Мінскае губернскія праўленні выдавалі афіц. газеты (напр., «Витебские губернские ведомости»). Яны змяшчалі пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад, маст. творы, фальклор, краязнаўчыя даследаванні.
У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явіліся нелегальная беларускамоўная газ. «Мужыцкая праўда» (1862—63, друкавалася лацінкай) і польскамоўныя «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды», 1863), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы», 1864), якія выдавалі К.Каліноўскі і яго паплечнікі. На іх старонках гучалі ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літоўскіх зямель у суверэнную дзяржаву. Рэвалюцыйныя ідэі К.Каліноўскага падхапілі бел. народнікі, якія выдавалі час. «Гомон» (1884, выходзіў на рус. мове). Як пратэст супраць царызму выдаваліся польскамоўныя газ. «Słowo» («Слова», 1859, С.-Пецярбург), «Zmowa» («Змова», 1870, г. Цюрых, Швейцарыя), «Свабода» (1902, Лідскі павет). У 1886—1902 у Мінску легальна выдавалася першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літаратурная газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Выходзілі таксама афіц.перыяд. выданні рус.правасл. царквы «Епархиальные ведомости» ў Мінску (1869—1917), Віцебску («Полоцкие епархиальные ведомости», 1874—1916), Магілёве (1883—1917), Гродне (1901—15). У канцы 19 ст. ў Паўночна-Заходнім краі выдавалася 14 газет, з іх 3 прыватныя.
У пач. 20 ст. пад уздзеяннем рэвалюцыі 1905—07 колькасць перыяд. выданняў на Беларусі павялічылася, у многіх губернскіх і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: у Вільні — «Северо-Западное слово» (1898—1905), «Северо-Западный голос» (1905—15), «Белорусская жизнь» (1909—11); у Мінску — «Белорусский вестник» (1904—05), «Жизнь провинции» (1907), «Голос провинции» (1906—07), «Минское слово» (1906—12), «Окраина» (1907—08), «Минский курьер» (1908), «Минское эхо» (1908—09), «Минский голос» (1909—18), «Минская газета-копейка» (1912—15); у Віцебску — «Витебский голос» (1905—07), «Витебская жизнь» (1906), «Витебский вестник» (1912—17), «Витебский листок» (1916—19); у Магілёве — «Могилевский голос» (1906), «Могилевский вестник» (1906—17); у Гомелі — «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская мысль» (1909), «Полесье» (1909—12), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская копейка» (1911—17), «Отклики» (1912—15); у Брэст-Літоўску — «Западный Буг» (1909), «Наш край» (1912—14); у Пінску — «Пинский листок» (1910—11); у Бабруйску — «Бобруйские отклики» (1911—12), «Бобруйская жизнь» (1913—14), «Бобруйский курьер» (1914—19); у Лепелі — «Лепельский вестник» (1911—12); у Лідзе — «Лидское слово» (1912—13); у Полацку — «Полоцкий листок» (1913); у Мазыры — «Мозырянин» (1914—15); у Оршы — «Оршанский вестник» (1915—18). Выходзілі земскія часопісы «Вестник Минского губернского земства» (1914—15), «Вестник Могилевского земства» (1914—17) і інш.
У 1904—05 на Беларусі падпольна выходзілі перыяд. выданні РСДРП, якія прапагандавалі погляды сацыял-дэмакратаў: «Полесский листок» (1904—05), «Летучий листок Полесского комитета», «Листок Северо-Западного союза» (абодва 1905); «Минский летучий листок», «Труд» (Гомель), «Солдатская воля» (Гродна; усе 1906) і інш. Шэраг газет і часопісаў на рус., польскай і яўр. мовах выдавалі СДКПіЛ, ППС на Літве, эсэры, Бунд і інш. арганізацыі. Свае выданні на тэр. Беларусі пашырылі газетна-выдавецкія манаполіі А.Суворына, І.Сыціна, А.Маркса, агенцтвы друку, што спрыяла далейшаму развіццю тут перыяд. друку.
Бел. друк актывізаваўся пасля адмены ў 1905 забароны на беларускамоўнае кнігадрукаванне. Выйшлі першыя легальныя прагрэсіўныя газеты на бел. мове «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15), якія вялі барацьбу за бел.нац. ідэю, бел. дзяржаўнасць. На бел. мове выдаваліся часопісы: сатырычны «Крапіва» (1912), сельскагаспадарчы «Саха» (1912—15), маладзёжныя і дзіцячыя «Маладая Беларусь» (1912—13), «Лучынка», «Раніца» (абодва 1914). У 1913—15 у Вільні на бел. мове выходзіла газ. «Беларус» (лацінкай), у 1916—18 — газ. «Гоман» (лацінкай і кірыліцай), у 1916 у Петраградзе — газ. «Светач» (лацінкай), у 1916—17 — газ. «Дзянніца». У 1-ю сусв. вайну ў Маладзечне выдавалася газ. «Вестник X армии» (1914—17); у Полацку — «Последние армейские известия» (1915); у Бабруйску — «Известия Виленского округа путей сообщения» (1916); у Барысаве, Клецку, Лунінцы, Ляхавічах, Навагрудку, Нясвіжы, Пінску, Рэчыцы, Слуцку — «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства». Усяго ў 1817—1916 на Беларусі выходзіла 249 перыяд. выданняў, з іх 13 беларускамоўных.
Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У жніўні 1917 у Мінску пачала выдавацца першая масавая легальная газ. «Звезда» (з 1927 на бел. мове). У 1917 выходзілі афіц. органы Часовага ўрада, партыйна-савецкія, салдацкія і інш.перыяд. выданні: «Вестник Минского губернского комиссариата», «Грамада», «Крестьянская газета», «Фронт», «Бюллетень военно-революционного комитета X армии» (Маладзечна), «Известия военно-революционного комитета города Витебска» (назва мянялася, з 1937 «Віцебскі рабочы»), «Бюллетень военно-революционного комитета Западного фронта», «Вольная Беларусь», «Советская правда», «Революционная ставка» (Магілёў), «Известия военно-революционного комитета III армии» (Полацк), «Белорусская рада» і інш. Свае газеты выдавалі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, а таксама Бабруйска, Горак, Мазыра, Полацка, Рэчыцы і інш.
У перыяд грамадзянскай вайны, германскай і польскай інтэрвенцыі многія выданні былі спынены. Партыйныя арганізацыі і падп. камітэты Беларусі выпускалі і распаўсюджвалі газеты, лістоўкі, адозвы, у т. л. на ням. мове. У 1918 падп. друкарня ў Мінску выдавала газ. «Спартак», падпольшчыкі Оршы — газ. «Набат» (1918—20). Выходзілі таксама газеты партыі эсэраў, Бунда, інтэрнацыяналістаў, акупацыйных улад. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, ствараліся новыя газеты: у Мінску — «Беларускі шлях», «Подпольная правда» (абедзве 1918), «Весткі часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі», «Звон», «Минский пролетарий» (усе 1919), «Беларусь», «Минский курьер» (абедзве 1919—20), «Работніцка-сялянская Беларусь» (1920); у Вільні — «Беларуская думка» (1919), «Беларускае жыццё» (1919—20); у Гродне — «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Беларусь» (усе 1919), «Беларускае слова» (1920—21); у Смаленску — «Белорусская правда» (1920); у Слуцку — «Наша каляіна» (1920); у Гомелі — «Новая деревня» (1920—26) і інш. У 1918—19 у Петраградзе, а потым у Маскве выходзіла першая сав. газета на бел. мове «Дзянніца», у Смаленску, а потым у Мінску — газеты «Бедняк» (1918—19), «Савецкая Беларусь» (1920—33). Першыя бел.сав. часопісы пачалі выдавацца ў Петраградзе — «Чырвоны шлях» (1918) і «Белорусская криница» (1918—19). На тэр. Беларусі выдаваліся часопісы «Экономическая жизнь» (1918—19), «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919—21), «Коммунистический труд» (1919—23, Віцебск), «Полесский коммунар» (1919—26, Гомель), «Рунь» (1920), «Голос труда» (Віцебск), «Коммунистическое просвещение» (Гомель), «Хозяйство Белоруссии» (усе 1920—21), «Вольны сцяг» (1920—22) і інш. Яны заклікалі беларусаў падтрымліваць сав. ўладу, ствараць чырвонаармейскія атрады, весці падп.партыз. барацьбу, аб’ядноўвацца ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Усяго ў 1920 выдавалася 27 газет, 15 часопісаў і інш.перыяд. выданняў.
З 1921 друк актыўна выступаў за аднаўленне разбуранай войнамі нар. гаспадаркі, за ліквідацыю беспрацоўя і непісьменнасці, за паскарэнне будаўніцтва школ і культурна-асветных устаноў. За аднаўленчы перыяд створана шырокая сетка масавых прафсаюзных, ваенных, літаратурна-маст., жаночых, маладзёжных, дзіцячых і інш. выданняў: газеты «Красная смена» (з 1925 «Чырвоная змена»), «Красноармейская правда» (з 1947 «Во славу Родины»), «Белорусская деревня» (назва мянялася, з 1991 «Белорусская нива»; усе 1921); часопісы «Искусство» (Віцебск), «Школа и культура Советской Белоруссии» (абодва 1921), «Зоркі» (1921—22), «Вперед» (1922, назва мянялася, з 1991 «Беларуская думка»), «Беларускі піянер» (назва мянялася, з 1945 «Бярозка»), «Беларуская работніца і сялянка» (назва мянялася, з 1995 «Алеся»), «Асвета» (назва мянялася, з 1960 «Народная асвета»), «Беларуская медычная думка» (назва мянялася, з 1996 «Здравоохранение»; усе 1924), «Плуг» (1925, назва мянялася, з 1991 «Хозяин»), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Наш край» (1925—30) і інш. Узніклі выданні пісьменніцкіх арганізацый — часопісы «Полымя» (з 1922) і «Маладняк» (1923—32). У 1924—25 замест павятовых і інш. газет пачалі выдавацца акруговыя: «Вясковы будаўнік» (Слуцк), «Полоцкий пахарь», «Наш працаўнік» (Клімавічы), «Камуніст» (Бабруйск), «Савецкая вёска» (Мазыр), «Вясковая праўда» (Барысаў), «Камуністычны шлях» (Орша) і інш. Выходзілі часопісы-дадаткі да асобных газет: «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927—29), «Саветы Беларусі» (1928—29) да газ. «Савецкая Беларусь»; «Малады камуніст» (1925—26) і «Світанне» (1926—27) да газ. «Наш працаўнік». З 1924 выдаецца «Летапіс беларускага друку» (назва мянялася, з 1995 «Летапіс друку Беларусі»).
У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі з мэтай пашырэння ідэйна-паліт., выхаваўчай і арганізатарскай работы сярод працоўных заснаваны новыя газеты: «Рабочий» (1927, з 1937 «Советская Белоруссия»), «Піянер Беларусі» (1929, з 1994 «Раніца»), «Рабселькор» (1931—33), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), «Сталинская молодежь» (1938, з 1956 «Знамя юности»); часопісы «Сацыялістычнае будаўніцтва» (1926—37), «Паляўнічы Беларусі» (1927—33), «Партыйны работнік» (1930—31), «Беларусь калгасная» (1932), «Напагатове» (1932—33), «Блакнот агітатара» (1932—34). Створаны літаратурна-маст. часопісы «Росквіт» (1927—28), «Узвышша» (1927—31), «Чырвоная Беларусь» (1930—33, з 1944 «Беларусь»); альманахі «Надзвінне» (1926), «Росквіт» (1927), «Зарніцы» (1928; усе Полацк), «Уздым» (1926—28, Бабруйск), «Дняпроўскія ўсплескі» (1927, Магілёў). У 1931 пачалі выходзіць раённыя газеты: «Ленінскі шлях» (з 1962 «Авангард», Буда-Кашалёва), «Звязда на рубяжы» (з 1963 «Дзвінская праўда», Верхнядзвінск), «Калгасны сцяг» (з 1956 «Іскра», Чавусы), «Сацыялістычны шлях» (з 1965 «Ленінскі кліч», Крычаў), «Прымежны камунар» (з 1962 «Новае Палессе», Жыткавічы), «Сталінскі шлях» (з 1965 «Сцяг Саветаў», Клічаў), «Ленінскі сцяг» (з 1963 «Сцяг перамогі», Лёзна; назвы ўсіх мяняліся) і інш. У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. У 1938 з утварэннем абласцей пачалі выдавацца абл. газеты: «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Камунар Магілёўшчыны» (з 1956 «Магілёўская праўда») і інш. У 1940 створаны агульны час. «Весці Акадэміі навук Беларусі». Усяго ў 1940 на Беларусі выдаваліся 252 газеты (гадавы тыраж 192,7 млн.экз.), у т. л. 8 рэспубліканскіх, 4 абласныя, 92 раённыя, 90 шматтыражных; 27 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (тыраж 1,1 млн.экз.).
У Зах. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, у сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы друкаваліся пераважна ў прыватных і падп. друкарнях Беластока, Брэста, Вільні, Гродна, Варшавы і інш. Яны часта мянялі назвы, часам выходзілі як аднадзёнкі. Выдавецкай дзейнасцю займаліся розныя партыі і арганізацыі, якія выпускалі перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні: Бел. рэвалюцыйная арганізацыя выдавала газеты «Вольны сцяг» (1923), «Змаганне» (1923—24) і інш.; Бел. пасольскі клуб — «Голас беларуса» (1924), «Іскра» (1925), «Беларуская доля» (1927) і інш.; Бел. сялянска-работніцкая грамада — «Жыццё беларуса» (1925), «Беларуская ніва» (1925—26), «Беларуская справа» (1926), «Народны звон», «Наша справа» (абедзве 1926—27), «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда» (усе 1927) і інш.; Бел. сялянскі саюз — «Сялянская ніва» (1925—30); Бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне» — «Да працы» (1927—28), «На варце» (1930); Бел сялянская партыя — «Народ» (1927—29); Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый — «Наперад» (1929—30), «Народны звон» (1930), «Беларускі звон» (1931—32) і інш.; Таварыства бел. школы — газ. «Шлях» (1932—33), час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і інш.; група Бел. антыфаш. фронту — газ. «Беларускі фронт» (1936—39) і інш.; выдаваліся звароты, лістоўкі, пракламацыі і інш. Выходзілі часопісы: студэнцкія «Маладое жыццё» (1921—23), «Наш шлях» (1922—23), сатырычныя «Авадзень» (1924—25), «Маланка» (1926—28), «Асва» (1934), літаратурны «Родныя гоні» (1927), жаночы «Жаноцкая справа» (1931), сельскагаспадарчыя «Саха» (1927—29), «Беларуская борць» (1934—38), «Калоссе» (1935—39), вучнёўскія і дзіцячыя «Пралескі» (1934—39), «Маладая Беларусь» (1936) і інш. Існавалі канфесіянальныя выданні: «Праваслаўны беларус» (1925), «Беларуская зарніца» (1928—29), «Голас праваслаўнага беларуса» (1931) і інш. Усе яны імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя ўстаноўкі сваіх партый і рухаў, вялі палеміку з іншадумцамі. КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг» (1920—38) і час. «Бальшавік» (1924—36); нелегальна выходзілі на бел., рус., польскай, літ. і яўр. мовах падп. газеты і часопісы КПЗБ і камсамола Зах. Беларусі: «Малады камуніст» (1924—37), «Пад сцягам камунізму» (1927—30), «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Do walki» («На барацьбу», 1928—32), «Камсамолец» (1929—31), «Młody proletariusz» («Малады пралетарый», 1929—34), «Партыйнік» (1930—34), «Малады змагар» (1930—35), «Kujmy broń» («Куйце зброю», 1931—36), «Голас салдата» (1932—36), «Весткі з СССР» (1933—36), «Маладая гвардыя» (1934—35) і інш., а таксама перыяд. выданні акруговых камітэтаў, асобных райкомаў і мясц. арганізацый КПЗБ. Міжнар. арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам выдавала газ. «Чырвоная дапамога» (1925—37) і інш. Пры дапамозе дэмакратычных і нац.-вызв. арганізацый у Зах. Беларусі і за мяжой выдаваліся газеты «Барацьба» (1932—33), «Беларуская газета» (1933—34), «Наша воля» (1935—36) і інш. Усяго ў 1921—39 у Зах. Беларусі выдавалася больш за 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак (гл.Заходнебеларускі друк).
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР усе перыяд. выданні, якія выходзілі там раней, былі закрыты. У 1939 створаны новыя газеты (абласныя, раённыя, міжраённыя) — органы часовых упраўленняў: «Рабочий» (з 1940 «Заря», Брэст), «Полесская правда» (Пінск), «Чырвоны сцяг» (Нясвіж), «Уперад» (Ліда), «Новы шлях» (Паставы), «Труд» (Кобрын), «За Советскую Родину» (Гродна), «Чырвоная звязда» (Івацэвічы), «Звязда» (Навагрудак), «Голас селяніна» (Стоўбцы) і інш.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, падпольна і ў партыз. брыгадах выдаваліся газеты, часопісы, лістоўкі, баявыя лісткі, насценныя газеты, бюлетэні і інш.перыяд. выданні, якія інфармавалі насельніцтва пра становішча на франтах, пра партыз. рух, вялі антыфаш. агітацыю і прапаганду, клікалі народ на барацьбу з ворагам. Падпольшчыкі Мінска ў студзені—лютым 1942 выпускалі «Вестник Родины», у маі—верасні 1942 — газ. «Звязда». Са студзеня 1943 у партыз. зоне на Любаншчыне выдаваліся газеты «Звязда» і «Чырвоная змена». У 1942—43 выходзілі абл. газеты «Віцебскі рабочы» Віцебскага, «Сялянская газета» Вілейскага, «Бальшавік Палесся» Палескага, «Партызан Гомельшчыны» Гомельскага, «Чырвоная звязда» Баранавіцкага, «Заря» Брэсцкага, «Палеская праўда» Пінскага, «За радзіму» Магілёўскага, «Белостокская правда» Беластоцкага падп. абкомаў КП(б)Б; камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага, «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Больш за 120 шматтыражных газет выпускалі паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л.партыз. брыгады «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага, 16-я Смаленская. У сав. тыле выходзілі газеты «За Савецкую Беларусь» (1941—42), «Савецкая Беларусь» (1941—44), «За свабодную Беларусь» (1942) з сатырычным лістком «Партызанская дубінка» (1942—43), сатырычны часопіс-агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1941, з 1945 час. «Вожык»), час. «Беларусь». Усяго ў перыяд вайны на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет (гл.Друк падпольны ў Вялікую Айчынную вайну).
У пасляваенны перыяд адноўлены выданні, якія спынілі выхад у час вайны і акупацыі Беларусі, створаны новыя, у т. л. ў новых абласцях: Гродзенскай — «Гродзенская праўда» (з 1944), Бабруйскай — «Савецкая Радзіма» (1944—45), Маладзечанскай — «Чырвоны сцяг» (1944—59), Полацкай — «Бальшавіцкі сцяг» (1945—54). Пачалі выходзіць газеты «Настаўніцкая газета» (з 1945), «Мінская праўда» (з 1950), «Физкультурник Белоруссии» (1951, з 1995 «Спортивная панорама»), «За вяртанне на Радзіму» (1955, з 1960 «Голас Радзімы»), альманах «Отчизна» (1945, назва мянялася, з 1960 час. «Нёман»), часопісы «Вожык», «Маладосць» (з 1953). Адноўлены выпуск часопісаў «Беларусь» і «Полымя», шматтыражных газет. Створаны дзіцячыя і юнацкія выданні: газ. «Зорька» (з 1945), часопісы «Бярозка», «Вясёлка» (з 1957) і інш. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гарадскія) газеты. Усяго ў 1955 выходзіла 218 газет (гадавы тыраж 233,2 млн.экз.), 39 часопісаў і інш.перыяд. выданняў (гадавы тыраж 4432 тыс.экз.).
З 1962 замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 выпуск раённых газет зноў адноўлены. У 1967 выйшлі першыя гарадскія газеты «Вячэрні Мінск» і «Хімік» (Наваполацк). Акадэмія навук Беларусі пачала выдаваць усесаюзныя часопісы «Доклады Академии наук Беларуси» (з 1957), «Инженерно-физический журнал» (з 1958), «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964), «Дифференциальные уравнения» (з 1965). З 1969 выходзіць «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта» ў 4 серыях. У часопісы пераўтвораны бюлетэні «Промышленность Белоруссии» (1968, з 1990 «Человек и экономика»), «Родная прырода» (з 1972). Створаны галіновыя бюлетэні: «На экранах Беларусі» (1957, з 1996 «На экранах»), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Строительство и архитектура Белоруссии» (з 1991 «Архитектура и строительство»; абодва 1970), «За безопасность движения», «Рабочая смена» (абодва з 1972). На буйных прадпрыемствах і новабудоўлях заснаваны шматтыражныя газеты: «Текстильщик» (Баранавічы), «Химики» (Светлагорск, абедзве з 1965), «Нефтяник Полесья» (з 1973, Гомель), «Белорусский шинник» (Бабруйск), «Монолит» (Віцебск), «Калійшчык Салігорска» (усе з 1974), «Трудовая слава» (з 1975, Магілёў), «Электрон» (з 1976, Мінск) і інш. У 1980 на Беларусі выдаваліся 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абласных, 11 аб’яднаных, 3 гарадскія, 106 раённых, 54 шматтыражныя; 95 часопісаў і інш.перыяд. выданняў, у т. л. 31 часопіс.
У 1980-я г. створаны часопісы «Мастацтва Беларусі» (1983, з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, з 1992 «Роднае слова»), «Крыніца» (1988—2003), «Экологический вестник» (з 1989); газ. «Беларускі час» (з 1989); шматтыражныя газеты «Металлург» (Жлобін), «Моторостроитель» (Мінск; абедзве з 1985), «Мозырский нефтепереработчик» (з 1986) і інш.
У канцы 1960 — пач. 1980-х г. на Беларусі ствараліся непадцэнзурныя рукапісныя ці друкаваныя выданні (самвыдат). Найбольшая іх колькасць выдавалася ў Мінску, а таксама ў абл. і раённых цэнтрах і па-за межамі Беларусі (Рыга, Талін, Беласток, Масква і інш.; яны друкаваліся на бел., рус., укр. мовах, некаторыя лацінкай). Да канца 1988 налічвалася 7 афіцыйна незарэгістраваных выданняў, у 1989—34, у 1990—53. Некаторыя з іх пазней пачалі выдавацца пастаянна: «Навіны БНФ за перабудову «Адраджэньне» (1988—94), «Унія» (1990—95), «Свабода» (1990—97) і інш. З прыняццем у СССР «Закона аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1.8.1990), які адмяніў папярэднюю цэнзуру, непадцэнзурны друк пайшоў на спад. Частка самавыдавецкіх газет і часопісаў прайшла працэдуру афіц. рэгістрацыі, частка спыніла сваё існаванне. У 1995—2001 выходзіла каля 600 друкаваных і 40 электронных выданняў.
Асобную катэгорыю выданняў складае перыёдыка бел. дыяспары. Першыя бел.перыяд. выданні па-за межамі Беларусі з’явіліся ў 1920-я г.: «Беларускі сцяг», «Пагоня», «Крывіч» (Коўна), «На чужыне», «Голас беларуса» (Рыга), «Белорусы в Одессе», «Беларускае слова», «Белорусское эхо» (Кіеў) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны іх колькасць вырасла. Выходзілі газеты «Бацькаўшчына» (1947—66, Германія), «Беларускі эмігрант» (1948—50), «Беларускі голас» (з 1952; абедзве Канада), часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Голас часу» (1989—95; абодва Вялікабрытанія), «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі» (1947—91, Германія, ЗША), «Беларус у Амерыцы» (з 1949), «Беларуская моладзь» (1959—80), «Беларуская думка» (1960—91), «Беларускі сьвет» (з 1971), «Полацак» (1991—97; усе ЗША), «Баявая ўскалось» (1949—81), «Палессе» (з 1955), «Зважай» (з 1974), «Прамень» (з 1992; усе Канада) і інш. У 1940—90-я г. ў краінах са сталай бел. дыяспарай выдавалася каля 70 перыяд. выданняў, якія асвятлялі грамадска-паліт., сац.-эканам. і культурнае жыццё Беларусі, СССР, жыццё беларусаў у інш. краінах свету.
Сучасны стан перыядычнага друку. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) сродкі масавай інфармацыі сталі рэгламентавацца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995). Агульнае кіраўніцтва імі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Колькасць перыяд. выданняў значна павялічылася. Вядучае месца занялі рэсп. газеты «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета» (з 1990), «Рэспубліка» (з 1991), «Белорусская нива». Працягваецца выпуск газет «Голас Радзімы», «Беларускі час», «Літаратура і мастацтва», «Спортивная панорама», «Настаўніцкая газета», «Во славу Родины», «На страже»; часопісаў «Беларусь», «Мастацтва», «Беларуская думка», «Вожык», «Родная прырода», «Архитектура и строительство», «На экранах», «Хозяин» і інш. Пачалі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культурных і інш. аб’яднанняў, творчых і прафесійных саюзаў, міністэрстваў, агенцтваў, акцыянерных таварыстваў, прыватных асоб і прадпрыемстваў: «Коммунист Белоруссии. Мы и время», «Наша слова», «Наша доля», «7 дней», «Паляўнічы і рыбалоў» (усе з 1990), «Наша ніва», «Белорусский рынок», «Культура», «Прессбол» (усе з 1991), «Згода», «Белорусская деловая газета», «Национальная экономическая газета» (усе з 1992), «Аргументы и факты в Белоруссии» (з 1993), «Товарищ», «Ва-Банкъ» (абедзве з 1994), «Белорусская газета», «Народная воля», «Белорусская лесная газета», «Белорусская торговая газета» (усе з 1995), «Медицинский вестник», «Туризм и отдых» (абедзве з 1996), «Рабочая солидарность», «Комсомольская правда в Белоруссии» (абедзве з 1998), «Belarus today. Белоруссия сегодня», «Все о футболе» (абедзве з 1999) і інш. Выдаюцца часопісы розных кірункаў: літаратурна-мастацкія — «Нёман», «Маладосць», «Полымя», «Всемирная литература» (з 1996); навукова-метадычныя — «Народная асвета», «Роднае слова», «Пралеска», «Пачатковая школа» (апошнія два з 1991), «Адукацыя і выхаванне» (з 1992), «Пазашкольнае выхаванне», «Вышэйшая школа» (абодва з 1996); гісторыка-краязнаўчыя — «Спадчына», «Беларускі гістарычны часопіс» (з 1993); медыцынскія — «Здравоохранение», «Медицинские новости» (з 1995), «Медицинская панорама» (з 1999); ваенныя — «Армия» (з 1996); для жанчын, дома і сям’і — «Алеся», «Гаспадыня», «Женский журнал» (з 1999) і інш. Створаны новыя газеты «Обозреватель», «Ваша домашняя газета» (абедзве з 2001), «Краязнаўчая газета», «The Minsk times» («Мінскі час»), «Домострой» (усе з 2003), часопісы «Мир спорта» (з 2000), «Дзеяслоў», «Развлечение и отдых», «Индивидуальный предприниматель», «Футбол» (усе з 2002) і інш. Выдаюцца бюлетэні «Главный бухгалтер», «Информационный бюллетень», «Бюллетень нормативно-правовой информации», «Белорусский строительный рынок», «Вопросы организации и информации здравоохранения» (усе з 1996), «Каталог недвижимости» (з 2001) і інш. З дзіцячых і маладзёжных выданняў папулярныя «Знамя юности», «Раніца», «Зорька», «Переходный возраст» (з 1994), «Сюрприз» (з 1996), «Качели», «Пикничок» (абодва з 1998), «Молодежная газета» (з 1999), «Познайка» (з 2001), «Озорник» (з 2003) і інш. Вялікую ролю ў інфармацыі насельніцтва адыгрывае мясц. прэса. У Бабруйску, Барысаве, Баранавічах, Маладзечне і інш. гарадах павялічылася колькасць выпускаемых газет ад 2 да 5; некаторыя з іх выдаюцца поўнакаляровым друкам. Выходзяць абл. газеты «Віцебскі рабочы», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Заря» (Брэст), «Магілёўская праўда», «Мінская праўда», створаны новыя — «Народная трыбуна» (Брэст), «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (Віцебск; усе з 1990). Павялічылася колькасць гарадскіх газет: «Жодзінскія навіны», «Гомельские ведомости» (абедзве з 1991), «Віцьбічы» (з 1994, Віцебск), «Новая газета» (Наваполацк), «Салігорскі веснік» (абедзве з 1996), «Минский курьер» (з 2001), прыватных: «Intex-press» («Інтэкс-прэс», з 1994, Баранавічы), «Рэгіянальная газета» (з 1995, Маладзечна), «Борисовский курьер» (з 1996), «Принеманские вести» (з 1999, Ліда), «Регион» (з 2000, Мар’іна Горка), «Жодинские вести» (з 2002) і інш. Працягваецца выданне аб’яднаных і раённых газет: «Слуцкі край», «Маладзечанская газета», «Адзінства» (Барысаў), «Аршанская газета», «Ленінскі шлях» (Горкі), «Наша жыццё» (Мінск), «Пастаўскі край», «Ашмянскі веснік», «Маяк» (Бяроза), «Працоўная слава» (Валожын), «Прамень» (Стоўбцы), «Шлях Кастрычніка» (Хоцімск), «Праца» (Зэльва) і інш.; шматтыражных: «Гродненский химик», «Минский камвольщик», «Железнодорожник Белоруссии», «Автозаводец», «Мотовело», «Белорусский тракторостроитель» і інш.
У 1990-я г. на Беларусі адноўлены выпуск «Епархиальных ведомостей». Выходзяць канфесіянальныя выданні: альманах «Веснік Беларускага экзархата» (з 1990), газеты «Царкоўнае слова» (з 1992), «Преображение» (з 1994, Слуцк), «Верую» (з 1996, Бабруйск), «Духовный вестник» (з 1997, Брэст), «Православный вестник» (з 1998, Гродна), часопісы «Крыніца жыцця» (Кобрын), «Дыялог» (Баранавічы) «Ave Maria» (усе з 1994), «Наша вера» (з 1995), «Благодать» (з 2001), бюлетэнь «Каталіцкія навіны» (з 1996) і інш.Бел. грамадскае згуртаванне татараў «Зікр-уль-Кітаб» і Мусульманскае рэліг. аб’яднанне выдаюць час. «Байрам» («Свята», з 1991), Саюз палякаў на Беларусі — газ. «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана», з 1989), час. «Magazyn Polski» («Польскі часопіс», з 1992, абодва Гродна), Саюз бел.яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — газеты «Авив» («Вясна», з 1992), «Берега» (з 1999), Бел. грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» — газ. «Украінець в Беларусі» (з 2001) і інш.
У 2002 на Беларусі для выпуску перыяд. выданняў створаны рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы: «Літаратура і Мастацтва», у склад якой увайшлі рэдакцыі літ.-маст. выданняў «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Всемирная литература», і «Культура і Мастацтва», у складзе якой рэдакцыі газ. «Культура» і час. «Мастацтва». Некаторыя выданні выходзяць з гіст. сімволікай гарадоў, якія ў свой час мелі магдэбургскае права.
На 1.1.2004 на Беларусі зарэгістравана 1523 перыяд. выданні, у т. л. 919 газет, 531 часопіс, 59 бюлетэняў, 2 альманахі, 3 каталогі. Выходзяць 9 абласных, каля 130 аб’яднаных, раённых і гарадскіх, 40 шматтыражных газет.
Звесткі пра бел.перыяд. выданні друкуюцца ў штомесячным бібліяграфічным паказальніку «Летапіс друку Беларусі», які з 1995 складаецца з 8 самастойных тыпаў паказальнікаў, у т. л. «Летапісу перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца». Звесткі пра сучасныя сусветныя перыяд. выданні змяшчаюць «Ulrich’s international periodical directory» («Міжнародны даведнік «Ульрык» па перыёдыцы», з 1932), «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА, з 1980) і інш.
Літ.:
Краўчанка І.С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1950;
Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Зерницкий М.С. Белорусская советская печать в годы иностранной интервенции и гражданской войны. Мн., 1963;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова Мн., 1971;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі. Мн., 1974;
Яго ж. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563—1917 гг.). Мн., 2003;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;
Газеты Беларускай ССР: Бібліягр. паказ. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
«Новіны грозные» 1563 года: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Спадчына. 1994. №3;
Библиография оккупационных периодических изданий, выходивших на территории Белоруссии в 1941—1944 гг.Мн., 1995;
Пресса Республики Беларусь. Мн., 1998;
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971—1990);
Каталёг. Мн., 1998;
Баршчэўская Н. Беларускія часопісы на чужыне // Камунікат. 2002. №2(20).
С.В.Говін.
«Гродзенскія весці». Нумар за 13.12.1698.Газета «Наша ніва». 1906.Першы нумар газеты «Звязда». 1917.Сучасныя беларускія газеты.Сучасныя беларускія часопісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕБАЧАННЕ
Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.Броўкі і П.Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.
У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.Коласа (1958, рэж. усіх У.Кухта), «Суд» У.Галубка (1958, рэж. М.Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.Горкага (абодва 1959, рэж. В.Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.
Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.
Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, рэж. А.Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.Карпілаў).
У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).
З сярэдзіны 1960-х г.Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, У.Станкевіч, А.Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.Купалы (1967, рэж. Ю.Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968, рэж. А.Гутковіч), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969, рэж. В.Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.
У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.Ардашнікаў і А.Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.
У 1980-я г.Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мінпаліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.
У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.
У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.
Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.Мацяш, «Сон душы» паводле М.Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.
З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.
У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).
БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.
«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп.спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.Васільева, С.Арланаў, С.Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».
СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.
З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.
У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.
На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.
Літ.:
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;
Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;
Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.
Л.Ф.Шылава.
Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны да інш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот да нац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт. да бел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып. 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫЯ АСНОВЫ ДЗЯРЖАВЫ І ГРАМАДСТВА
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, замацаваны асн. прынцыпы, формы грамадскага і дзярж. ўладкавання, парадак фарміравання органаў дзярж. улады, мясц. кіравання і самакіравання, іх узаемаадносін з інстытутамі грамадз. супольнасці. Паліт. сістэма бел. грамадства ўяўляе сабой сукупнасць дзярж. органаў, паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, пры дапамозе якіх народ ажыццяўляе сваю ўладу і кіруе справамі грамадства і дзяржавы. Эканам. сістэма вызначаецца існуючымі формамі ўласнасці, правіламі размеркавання грамадскага прадукту, мэтамі грамадскай вытворчасці і кіравання эканомікай краіны. Сац. сістэму складаюць розныя групы і супольнасці, утвораныя па прафес., дэмаграфічных, этнічных, сацыякульт., канфесійных і інш. прыкметах, а таксама арганізацыі, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэмы пенсіённага забеспячэння, страхавання, аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д.). Характар і змест гэтых гал. элементаў структуры і жыццядзейнасці грамадства вызначаюць найб. важныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі — асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Паводле Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта адзінае, цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца з адм.-тэр. адзінак, падпарадкаваных цэнтр. органам улады; у краіне дзейнічае адна Канстытуцыя, адзіная сістэма заканадаўства і суд. арганізацыі, адзінае грамадзянства, адзін заканад. орган (парламент). Дэмакр. асновы бел. дзяржаўнасці прадугледжваюць народаўладдзе, разнастайнасць паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, мясц. самакіравання. Сац. накіраванасць дзяржавы выражаецца ў гарантаванасці кожнаму чалавеку годнага ўзроўню жыцця, стварэнні належных умоў для бесперашкоднай рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на працу, сац. забеспячэнне, адукацыю, ахову свайго жыцця і здароўя. Прававы характар дзяржавы грунтуецца на безумоўным выкананні Канстытуцыі, раздзяленні ўлад, роўнасці ўсіх перад законам і судом. Рэальнае валоданне дзяржавай вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойнасць у ажыццяўленні ўнутр. і знешняй палітыкі азначае наяўнасць дзярж. суверэнітэту як неад’емнай уласцівасці і ўмовы яго правасуб’ектнасці на міжнар. арэне. Адсюль неабходнасць абароны незалежнасці і тэр. цэласнасці Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і правапарадку.
Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Устанаўліваецца адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай — за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй. Адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя (парламент, Саветы дэпутатаў) і інш. сфарміраваныя ім органы, праз мясц. самакіраванне. Вышэйшым непасрэдным выражэннем улады народа з’яўляюцца рэферэндум (нар. галасаванне) і выбары. Выяўленню і выказванню паліт. волі грамадзян садзейнічаюць паліт. партыі і інш. грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, фарміраванні грамадскай думкі па актуальных праблемах жыццядзейнасці грамадства. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа быць узведзена ў ранг дзярж., г.зн. абавязковай для ўсіх грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый, а таксама інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзярж. ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканад., выканаўчую і судовую. Органы ўсіх галін улады незалежныя і самастойныя ў сваёй дзейнасці, яны закліканы стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго. У Беларусі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім свайго ўнутр. заканадаўства. Яна з’яўляецца ўдзельніцай такіх універсальных дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах (1966) і шэрагу інш. У адпаведнасці з нормамі міжнар. права Беларусь можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Міжнар. дагавор Рэспублікі Беларусь, які набыў сілу, валодае юрыд. вяршэнствам у адносінах да іншых падканстытуцыйных актаў (законы, дэкрэты, указы, пастановы і г.д.).
З мэтай эфектыўнай арганізацыі дзярж. кіравання і мясц. самакіравання тэр. краіны падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі (вобласці, раёны, гарады, пасёлкі, сельсаветы і інш.). Асн. прынцып адм.-тэр. падзелу Беларусі — адзінства і неадчужальнасць яе тэрыторыі, якая з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа. Неад’емным атрыбутам дзярж. суверэнітэту, які вызначае прыналежнасць асобы да дзяржавы і абумоўлівае сукупнасць яе правоў і абавязкаў і абарону з боку дзяржавы, з’яўляецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць адначасова грамадзянінам інш. дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзяніну гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэр. Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі.
Канстытуцыя замацоўвае прынцып існавання дзярж. і прыватнай уласнасці. Дзярж. ўласнасць выступае ў выглядзе рэсп. уласнасці (уласнасць Рэспублікі Беларусь) і камунальнай уласнасці (уласнасць адм.-тэр. адзінак). Ва ўласнасці грамадзян і юрыд. асоб можа знаходзіцца маёмасць любой вартасці, за выключэннем устаноўленых законам абмежаванняў у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Дзяржава садзейнічае развіццю вытворчых і спажывецкіх кааператываў, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзярж. і прыватнай эканам. дзейнасці ў сац. мэтах.у інтарэсах чалавека і грамадства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Уласнасць на зямлю выступае ў дзярж. і прыватнай формах; землі с.-г. прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Працоўным гарантуецца права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Адносіны ў сац.-прац. сферах паміж органамі дзярж. кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафес. саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сац. партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. На аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да правоў і інтарэсаў людзей будуюцца адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі. Не дапускаецца прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян за іх прыналежнасць да нац. меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Дзяржава лічыць сваім абавязкам захаванне і папулярызацыю гісторыка-культ. і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нац. супольнасцей, рэалізацыю іх права на вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне нац. традыцый, развіццё прафес. і аматарскага мастацтва. Дзяржава гарантуе роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў, садзейнічае ўстанаўленню цярпімасці і павагі паміж рэліг. арганізацыямі розных веравызнанняў, грамадзянамі-вернікамі і тымі, хто не вызнае ніякай рэлігіі. Забараняецца дзейнасць рэліг. арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзярж., грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці. Дзярж. мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца бел. і рус. мовы. Законам прадугледжаны абавязак дзярж. органаў забяспечваць усебаковае функцыянаванне бел. і рус. моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, свабоднае развіццё і выкарыстанне моў усіх нац. меншасцей. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы і інш. агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права. З яе тэрыторыі выведзена ядзерная зброя, ставіцца мэта зрабіць бел. дзяржаву нейтральнай.
Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзярж. сцяг, Дзярж. герб (ухвалены рэсп. рэферэндумам 14.5.1995 і зацверджаны Указамі Прэзідэнта ад 7.6.1995) і Дзярж. гімн (зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 3.7.2002). Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск. Паводле Закона «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12.7.2000 ён з’яўляецца самаст.адм.-тэр. адзінкай, адм.-паліт., эканам. і культ. цэнтрам дзяржавы, мае свае сімвалы (герб, сцяг, гімн) і свой Статут, у якім вызначаны парадак узаемадзеяння гарадскіх дзярж. органаў і органаў тэрытарыяльнага мясц. кіравання і самакіравання.