КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Васіль Іванавіч) (15.1.1894, г. Усолле Пермскай вобл., Расія — 20.6.1964),

удзельнік абарончых баёў і вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1926) і ўдасканалення каманднага саставу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У пач. Вял. Айч. вайны камандуючы 3-й арміяй Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі пад Мінскам, у раёне Гродна, Ліды, Навагрудка. Са жн. 1941 камандуючы арміяй, са снеж. 1943 нам. камандуючага 1-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, 1954—58.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЛЮШЭ́НКА (Дзмітрый Данілавіч) (2.11.1901, с. Новакузняцоўка Зернаградскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 20.7.1987),

савецкі военачальнік. Ген. арміі (1959). Двойчы Герой Сав. Саюза (1940, 1945), Герой Чэхаславакіі (1970). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1949). З 1925 у кав. часцях, потым у бранятанк. войсках. Удзельнік паходу сав. войск у Зах. Беларусь (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір механіз. і стралк. карпусоў, з кастр. 1941 камандуючы 5, 30, 1, 3-й гв., з 1944—4-й танк. арміямі. З 1945 на камандных пасадах у Сав. Арміі. У 1960—64 старшыня ЦК ДТСААФ.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ХАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (15.9. 1909, в. Іванькава Ядрынскага р-на, Чувашская Рэспубліка — 17.9.1978),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940), Мазырскі настаўніцкі ін-т (1949). З 1930 на гасп., камсам. і парт. рабоце ў Дрысенскім, Расонскім і Аршанскім р-нах, сакратар Чашніцкага, Пастаўскага райкомаў КП(б)Б. З пач. Вял. Айч. вайны на фронце, з мая 1943 чл., з вер. 1943 сакратар Вілейскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Маладзечанскага, Палескага абкомаў КП(б)Б, з 1953 1-ы сакратар Мазырскага райкома, з 1956 — гаркома КПБ.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТА ((Moneta) Эрнеста) (20.9.1833, г. Мілан, Італія — 10.2.1918),

італьянскі журналіст, дзеяч міжнар. руху прыхільнікаў міру. Удзельнік аўстра-італьян. вайны 1848—49 і аўстра-італа-франц. вайны 1859, да 1866 служыў у арміі Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1868—96 гал. рэдактар вядучай італьян. газ. «Il Secolo» («Стагоддзе»). Удзельнік Міланскай мірнай канферэнцыі 1878. З 1880 выдаваў альманах «L’amico della pace» («Сябар міру»). Адзін з заснавальнікаў (1887) Ламбардскага саюза за мір і арбітраж. У 1898 заснаваў выданне «La vita internationale» («Міжнароднае жыццё»). Аўтар працы «Войны, паўстанні і мір у XIX ст.» (т. 1—4, 1903—10). Нобелеўская прэмія міру 1907 (разам з Л.Рэно).

Э.Манета.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Дзмітрый Кузьміч) (31.3. 1912, в. Казіміраўка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.1.1981),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі фін.-эканам. тэхнікум (1932), Маскоўскае пях. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Зах. і 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад камандаваннем палк. М. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на ПдУ ад Віцебска ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. Удзельнік вызвалення Вільнюса, Каўнаса, штурму Кёнігсберга, Пілаў, вайны з Японіяй. Да 1956 у Сав. Арміі.

Дз.К.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЖЫ́МСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (14.2.1915, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1988),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. ваен. н. (1967), дацэнт (1969). Скончыў Ульянаўскую лётна-тэхн. школу (1935), Ейскае ваенна-марское авіявучылішча (1941), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941 у ВПС Чарнаморскага флоту, удзельнік абароны Крыма, Каўказа, баёў у Румыніі, Балгарыі, Аўстрыі, вайны з Японіяй: капітан, нам. камандзіра, камандзір авіяэскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 404 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 13 самалётаў праціўніка. Пасля вайны ў авіячасцях ВМФ, у 1958—70 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. ВНУ.

У.А.Наржымскі.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ (Кірыла Нічыпаравіч) (15.2.1907, в. Збароў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1975),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў артыл. вучылішча (1935), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: сакратар партбюро артыл. палка, ст. палітрук. У ліп. 1941 у складзе «лясной дывізіі» на чале з ген.-лейт. І.​В.​Болдзіным прабіваўся з Навагрудскага «катла» на У. У 1942—43 у штабе партыз. руху пры Ваен. савеце Зах. фронту. Ўдзельнік вызвалення Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі, вайны з Японіяй. Да 1965 у Сав. Арміі, да 1974 на грамадскай рабоце.

К.Н.Осіпаў.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),

ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)