БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (БГП),
палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ НАРО́ДНАЯ РА́ДА,
фіктыўны прадстаўнічы орган, выбраны на т.зв. Беларускім краёвым з’ездзе (студз. 1919). Інспіравана ўрадам Польшчы, які прэтэндаваў на бел. землі і не хацеў, каб дэлегацыя БНР удзельнічала ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. «Прэзідэнт» рады К.Цвірка-Гадыцкі, «член» — А.Янсан. 23.3.1919 яны накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы ліст, у якім прасілі зрабіць адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўлення супольнага палітычнага жыцця беларускага народа з Польшчай».
А.М.Сідарэвіч.
т. 2, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕТА́РСКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНАЯ СУПО́ЛКА»,
гл. «Пробліск».
т. 12, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ЗЛУ́ЧНАСЦЬ (БХДЗ),
палітычная партыя. Утворана ў чэрв. 1991. Абвясціла сябе пераемніцай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Кіруючы орган — каардынацыйная рада. Асн. мэта БХДЗ — духоўна-маральнае, нац., паліт. і эканам. адраджэнне Беларусі на прынцыпах негвалтоўнасці, плюралізму, прыватнай уласнасці, хрысц. брацтва з усімі народамі. Злучнасцю ў 1991 адноўлена выданне газ. «Беларуская крыніца».
т. 2, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.
т. 2, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЖА́НЧЫН «НАДЗЕ́Я»,
незалежная грамадска-паліт. арг-цыя жанчын Рэспублікі Беларусь. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэта — правядзенне сац. і эканам. рэформаў, скіраваных на стварэнне жанчыне спрыяльных умоў жыцця і працы, для выканання ёй функцый маці, выхавальніцы і захавальніцы сямейнага ачага. Выступае за паслядоўнае рэфармаванне эканомікі, пошук згоды паміж рознымі паліт. і грамадскімі партыямі і рухамі, недапушчэнне расколу ў грамадстве, актыўны ўдзел жанчын у рабоце заканад. і выканаўчых органаў улады.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (БРП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. рада. Ставіць за мэту стварэнне суверэннай дэмакр. бел. дзяржавы з выразным раздзяленнем галін улады, прыярытэтнымі каштоўнасцямі ў якой павінны стаць матэрыяльны і духоўны росквіт бел. народа, развіццё яго нац. культуры і традыцый, выкананне Усеаг. Дэкларацыі правоў чалавека. Ажыццяўленне праграмных задач бачыць у макс. выкарыстанні выгаднага геапаліт. становішча Беларусі, высокага адукац. і прафес. ўзроўню насельніцтва, навук. патэнцыялу, мясц. сыравінных запасаў і радовішчаў.
т. 2, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСП),
палітычная партыя сацыяліст. кірунку. Створана ў ліп. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. камітэт. Асн. мэта — фарміраванне дэмакр. грамадства сацыяліст. арыентацыі са шматукладнай эканомікай, у якім вышэйшая каштоўнасць — чалавек і яго дабрабыт, дзе дзяржавай будуць рэальна забяспечаны правы, свабоды і сац. гарантыі кожнага грамадзяніна. Сац. база БСП — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, крыніцай даходу якіх з’яўляецца ўласная праца, усе, хто ствараў і стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Найбольшыя арг-цыі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГРЭ),
вытворчая арг-цыя па правядзенні пошукавых і разведачных работ на цвёрдыя карысныя выкапні на тэр. Беларусі. Створана ў г. Слуцк у 1949 як Старобінская геолагаразведачная экспедыцыя для разведкі Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. З 1955 Паўд.-Бел. геолагаразведачная экспедыцыя, з 1970 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». Уключае 4 палявыя партыі (1995): Заходнюю, Мінскую, Аршанскую і Паўднёвую. Асн. віды дзейнасці: пошук і разведка радовішчаў калійных соляў, бурага вугалю, жал. руды, буд. матэрыялаў, алмазаў.
П.З.Хоміч.
т. 2, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)