ГАСЦІЛО́ВІЧ (Антон Іосіфавіч) (7.11.1902, б. фальварак Пянькоўшчына, Ашмянскі р-н, Гродзенская вобл. — 23.11.1976),

генерал-палкоўнік (1959), д-р ваен. н. (1957), праф. (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ленінградскую пях. школу (1924), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штаба, камандуючы 17-й арміяй Забайкальскага фронту, з ліст. 1943 камандзір корпуса, камандуючы арміяй на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі 1944, баёў у Карпатах, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1965 камандуючы арміяй, пам. камандуючага ваен. акругай, на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі Генштаба, кансультант акадэміі.

А.І.Гасціловіч.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОЗД (Мікалай Пракопавіч) (падп. псеўд. Дзядзька Вася; 1890, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),

удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1939 працаваў на лямцавай ф-цы «Чырвоны Кастрычнік». У час акупацыі Мінска ням.-фаш. захопнікамі арганізаваў і ўзначаліў падп. групу. На яго кватэры захоўваліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, хаваліся падпольшчыкі і ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне, у 1941 адбыліся 2 пасяджэнні Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Д. удзельнічаў у аперацыі па знішчэнні В.​Кубэ. 24.9.1943 Д., яго жонка і дачка Рэгіна арыштаваны і пасля катаванняў загублены ў Трасцянецкім лагеры смерці.

М.П.Дрозд.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́РМАЛАВІЦКІ БОЙ 1943,

аперацыя партызан 113-га (камандзір К.​М.​Белавусаў), 121-га (А.​М.​Касаеў), 61-га (Р.​К.​Паўлаў) атрадаў па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Ермалавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 28—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў вузлавым сярод тых, што забяспечвалі рух на шашы Магілёў—Бялынічы, ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім р-нах. Аперацыя распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай раённай ВАГ. Партызаны акружылі вёску і нечакана ўварваліся ў гарнізон, захапілі вял. колькасць боепрыпасаў, зброі, амуніцыі, знішчылі значную колькасць жывой сілы ворага.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.7.1898, в. Філіпава Бутурлінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 25.5.1968),

удзельнік баёў у Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), маршал артылерыі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20 на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах. Пад яго кіраўніцтвам у Бабруйскай аперацыі 1944 быў выкарыстаны метад артыл. падтрымкі — двайны агнявы вал. Аўтар кніг «На пераломе» (1962), «Артылерыя, агонь!» (2-е выд., 1975).

В.І.Казакоў.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАБУ́ЦКІ (Іван Сцяпанавіч) (19.3.1895, г. Сянно Віцебскай вобл. — 15.11.1974),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1930) і Генштаба (1940). У гады грамадз. і сав.-польскай 1920 войнаў змагаўся на тэр. Беларусі: камандзір палка, брыгады. У 1921—38 камандзір брыгады, корпуса, нам. нач. штаба ваен. акругі. З 1939 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Паўд.-Зах. і 3-м Укр. франтах: камандзір корпуса, нам. камандуючага войскамі фронту. Удзельнік вызвалення Днепрапятроўска, Крывога Рога, фарсіравання Паўд. Буга, Днястра, Яска-Кішынёўскай аперацыі. У 1946—53 на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі Генштаба.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ЗЕ (Крус) Апалон Якаўлевіч

(15.12.1892, г. Пецярбург — 6.5.1967),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1949). Беларус. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941). З жн. 1912 у арміі, з ліст. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1936 камандзір палка, выкладчык Ваен. акадэміі, нач. курсаў удасканалення камсаставу. У Вял. Айч. вайну на Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 3-м Укр. франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Яска-Кішынёўскай аперацыі, баёў у Венгрыі і Славакіі. У 1945—58 у Мін-ве абароны СССР, нам. нач. Ваен. акадэміі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́Ў (Рыгор Васілевіч) (н. 23.4.1916, в. Рэчкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), 1-ю Разанскую вышэйшую ваен. школу штурманаў і лётчыкаў авіяцыі далёкага дзеяння (1942), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую авіяц. школу (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Бел. аперацыі 1944, баёў на Украіне, у Прыбалтыцы і Польшчы, штурму Берліна; зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1963 у Сав. Арміі, да 1973 на адм. рабоце.

Р.В.Ксяндзоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р. Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.

І.А.Макіёнак.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)