Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн.т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр.ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал.адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км². Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах.ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЗІЯЗА́ЎРЫ (Plesiosauria),
падатрад вымерлых марскіх паўзуноў атр. заўраптэрыгій падкл. сінаптазаўраў. Вядомы з сярэдняга трыясу да позняга мелу (каля 220—70 млн.г. назад). Вялі спосаб жыцця, падобны да сучасных ластаногіх. 3 надсям.: пістазаўрыды (Pistosauroidea), плезіязаўрыды (Plesiosauroidea), пліязаўрыды (Pliosauroidea). Жылі пераважна ў прыбярэжнай зоне. Характэрныя прадстаўнікі — эласмазаўр (Elasmosaurus), натазаўр (Nothosaurus) і інш. Рэшткі знойдзены на ўсіх мацерыках, па іх вызначаюць узрост геал.адкладаў.
Даўж. ад 1,5 да 16 м. Плезіязаўрыды мелі доўгую шыю, невял. галаву; пліязаўрыды — кароткую шыю, вял. галаву. Канечнасці адносна кароткія, ластападобныя. Пазванкоў да 150, з пляскатымі сучляноўнымі паверхнямі. Зубы канічныя, аднародныя або дыферэнцыраваныя на іклы і больш дробныя зубы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал.адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаўмуравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў Дзмітрый Іванавіч (1788, С.-Пецярбург — 1.12.1852),
расійскі геолаг. Чл. Пецярбургскай АН (1839). Скончыў Горны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1805), дзе і выкладаў да 1841, адначасова (у 1822—44) — праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, мінералогіі і палеанталогіі, у т. л. «Дапаможнік па мінералогіі» (ч. 1—2, 1832) і «Курс геагнозіі» (ч. 1—3, 1839). Абгрунтаваў вылучэнне чырвонакаляровых адкладаў Перадуралля ў самаст. сістэму (у 1841 англ. вучоны Р.І.Мурчысан назваў яе пермскай). Кіраваў работамі па геал. здымцы горных акруг Урала. Падрыхтаваў горна-геал. раздзел «Слоўніка царкоўнаславянскай і рускай мовы» (1847). Рэдактар «Горного журнала». Адзін з заснавальнікаў Мінералагічнага т-ва ў Пецярбургу (з 1817). З Дзямідаўскія прэміі Пецярбургскай АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, якая займаецца здабычай і апрацоўкай кухоннай (каменнай) солі. Здабыча марской і азёрнай солі пачалася развівацца задоўга да н.э. ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме. У Расіі солеварэнне вядома з пач. 12 ст.Найб. развіта ў ЗША, Кітаі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіне і інш. На Беларусі С.п. пачала развівацца ў 2-й пал. 20 ст. з распрацовак адкладаўСтаробінскага радовішча калійных і каменнай солей (дзейнічае вытв. аб’яднанне «Беларуськалій») і Мазырскага радовішча каменнай солі (працуе Мазырскі солевыварны камбінат). Асн. прадукцыя: кухонная соль «Палессе» і інш. з дабаўкамі ёду і фтору, соль прафілакт. з дабаўкамі мікраэлементаў, соль без дабавак. Гадавая здабыча солі (тыс.т) — 192,7 (1985), 356 (1990), 343,2 (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГА́ЙСКАЕ ПЛАТО́, Тургайская сталовая краіна,
прыўзнятая раўніна паміж Паўд. Уралам і Мугаджарамі на З, Казахскім драбнасопачнікам на У, у Казахстане. Даўж. каля 630 км, шыр. 300 км, выш. да 310 м. Уздоўж восевай часткі працягваецца Тургайская лагчына. Т.п. — платформавае ўтварэнне; адпавядае паўн. выступу Туранскай пліты і Тургайскаму прагіну. Складзена з марскіх і кантынент.адкладаў. Ёсць радовішчы магнетытавых руд, бурых жалезнякоў, баксітаў, вугалю. Паўн.ч. — з узгоркамі і ўваламі, парэзана слаба; паўд. — з ізаляванымі сталовымі ўзвышшамі, ёсць сетка лагчын і далін часовых рэк. У западзінах салёныя азёры. Клімат рэзка кантынент. і сухі. Паўн.ч. адносіцца да зоны сухіх стэпаў — раён непаліўнога збожжавага земляробства (пшаніца, проса, ячмень); паўд. — у зоне паўпустынь, якія выкарыстоўваюцца як паша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
група акумулятыўных раўнін у цэнтр. частцы Паўд. Амерыкі. Размешчаны на месцы тэктанічнага прагіну паміж Бразільскім пласкагор’ем на У, Андамі на З і Патагоніяй на Пд ад 10° да 39°паўд. ш. Уключаюць раўніны Мамарэ, Пантанал, Гран-Чака, Міжрэчча і Пампу. Выш. ад 50 м на У да 600 м на З. Складзены з магутнай тоўшчы дэлювіяльна-алювіяльных адкладаў, сярод якіх выхады больш трывалых парод, што ўтвараюць падняцці выш. да 1200—1400 м; на Пд пашыраны лёсы. Характэрна паслядоўная змена занальных тыпаў ландшафтаў ад субэкватарыяльных лясоў і саваннаў на Пн, праз трапічныя рэдкалессі ў цэнтры да субтрапічных саваннаў, прэрый і стэпаў на Пд. Уздоўж рэк Парагвай і Парана — пояс забалочаных лясоў.