ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЁНАК (Іван Адамавіч) (6.6.1891, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 24.7.1967),
удзельнік устанаўлення сав. улады на Беларусі, камбрыг (1935). Чл.РСДРП(б) з 1917. Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 старшыня палкавога і чл. карпуснога к-таў 10-й арміі Зах. фронту, чл.Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). У час ням. акупацыі ў 1918 на падп. рабоце ў Маладзечне, потым старшыня рэўкома. З 1919 у паліт. аддзелах 17-й і 54-й дывізій, 4-й арміі, Мазырскай групы войск Чырв. Арміі, чл. Віцебскага пав. рэўкома. З 1921 камісар 4, 8, 7-й Самарскіх дывізій, 5-га стралк. корпуса. У 1927—34 у штабе РСЧА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ АКРУ́ГА 1) адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924—ліп. 1930. Цэнтр — г.Полацк. Пл. 9366 км², пасля ўзбуйнення ў 1927—10 807 км², нас. 374,2 тыс.чал. (1926). У 1924—27 уключала Асвейскі, Валынецкі (з сак. 1929 Боркавіцкі), Ветрынскі, Дрэтунскі (пазней Краснапольскі, скасаваны ў 1927), Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ульскі, Ушацкі р-ны. У 1927 са скасаванай Барысаўскай акругі ў П.а. ўвайшоў Лепельскі р-н. Акр.газ. «Полоцкий пахарь», з 1926 «Чырвоная Полаччына».
2) Адм.-тэр. адзінка (пагранічная) у БССР у чэрв. 1935 — лют. 1938. Уключала Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі р-ны. Акр.газ. «Бальшавік Полаччыны». Скасавана ў сувязі з увядзеннем у БССРабл. падзелу. Усе раёны перададзены ў Віцебскую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К (Рыгор Іванавіч) (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл.драм. (з 1966) і Бел.рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.Розава (1975), «Чайка» А.Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел. драматургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДА́Й (Леанід Іовіч) (30.1.1923, г. Свабодны Амурскай вобл., Расія — 19.11.1993),
рускі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1989). Скончыў тэатр. студыю пры Іркуцкім абл.драм. т-ры (1947), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). Працаваў у жанры сатыр. камедыі. Майстар эксцэнтрыкі, гратэску, пародыі. Яго фільмы адметныя лёгкасцю, дасціпнасцю і адточаным рытмам: «Пёс Барбос і незвычайны крос» (кінаальманах «Зусім сур’ёзна», 1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Дзелавыя людзі» (1963), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967), «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Спортлато-82» (1982), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1990), «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е, ці На Брайтан-Біч ізноў ідуць дажджы» (1992). Аўтар ці сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДЗЬКА (Генадзь Браніслававіч) (н. 29.9.1955, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. акцёр, рэжысёр. Скончыў Далёка-ўсходні ін-т мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). У 1980—82 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Створаныя ім вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны («Тутэйшыя» Я.Купалы), Драгун («Парог» А.Дударава), Малюцін («Апошні журавель» Дударава і А.Жука), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Флар’яна («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф («Тарцюф» Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Звон — не малітва» І.Чыгрынава (1992), «Гульня ў джын» Д.Кобурна (1933). Стваральнік і кіраўнік т-ра «Бульвар смеху» (1995).