БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),
украінскі мовазнавец. Акад.АН УССР (1957) і АНСССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.А.Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л.бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,
дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял.Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.Іваноўскі (старшыня), Ю.Сабалеўскі (нам. старшыні), К.Гуло, С.Цытовіч, У.Козел, В.Трахімовіч, Ц.Горгенгаймер, І.Душэўскі, Булат, І.Галяк, Н.Абрамава, М.Ганько, К.Рабушка, А.Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦІ́М,
рака ва Усх. Сібіры, правы прыток Лены, у Рэспубліцы Бурація, на мяжы яе з Чыцінскай вобл. і ў Іркуцкай вобл. Расіі. Даўж. 1837 км, пл.бас. 225 тыс.км². Утвараецца пры зліцці р. Віцімкан і Чына. Цячэ па Віцімскім пласкагор’і, Станавым нагор’і і ўскраіне Патамскага нагор’я. Утварае парогі, пры ўпадзенні ў Лену (двума гал. рукавамі) — дэльту. Асн. прытокі: Цыпа (злева), Калар (справа). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да 2-й дэкады мая. Сярэдні расход вады каля г. Бадайбо 1520 м³/с. Суднаходная на 300 км ад вусця. У бас. ракі радовішчы золата, слюды. На Віціме — г. Бадайбо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДЗЬ (саманазва вадзьялайн),
прыбалтыйска-фінскі народ, які жыў на Пд ад Фінскага заліва. Як самаст. этнас водзь сфарміравалася ў 1-м тыс.н.э. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з II ст. З сярэдзіны 1-га тыс.н.э. на тэр. рассялення водзі пранікаюць славяне. Не пазней як у 12 ст. водзь увайшла ў склад Наўгародскай зямлі і дала назву адной з яеадм. адзінак — Водскай пяціне. У гэты час водзь прыняла праваслаўе. Мова водзі блізкая да паўн.-ўсх. гаворак эстонскай мовы, бяспісьменная. Працэс славянізацыі водзі ў асн. закончыўся ў 19 ст. Асобныя паселішчы водзі захаваліся на паўд. узбярэжжы Фінскага заліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЬПЕ (Вулпе) Іван Мікалаевіч
(1.9.1876, г. Балград, Украіна — 26.8.1929),
балгарскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў балг.вак. школы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю (1902), спяваў у Оперным т-ры Зіміна ў Маскве, у гар. т-ры ў Іркуцку. З 1908 жыў у Балгарыі. З 1912 выкладаў у муз. вучылішчы ў Сафіі (з 1921 Дзярж.муз. акадэмія). Удзельнічаў у стварэнні Балг. опернага т-ра (з 1921 Сафійская нар. опера; да 1926 яе саліст). Сярод партый: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера). Сярод яго вучняў Х.Брымбараў, П.Райчаў, М.Папоў, А.Нікалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАВА́ННЕ,
дзейнасць па перадачы новым пакаленням грамадска-гіст. вопыту; фарміраванне пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, стварэнне неабходных умоў для паўнацэннага развіцця асобы, падрыхтоўкі яе да грамадскага жыцця і прадукцыйнай працы. Арганізацыя выхавання накіроўвае развіццё суб’ектыўнага свету чалавека, садзейнічае свядомаму прыняццю ім грамадскіх каштоўнасцей, дазваляе арыентаваць пед. практыку на фарміраванне ў выхаванцаў самастойнасці, адказнасці, прынцыповасці, пачуцця ўласнай годнасці, творчай актыўнасці, крытычнага мыслення. Пры гэтым важна адзінства грамадскага і сямейнага выхавання, што дазваляе карэкціраваць адхіленні ў развіцці і паводзінах асобы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне).
Літ.:
Харламов И.Ф. Теория нравственного воспитания. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ХА́РТЫЯ ВО́ЛЬНАСЦЕЙ (англ. The Great Charter, лац. Magna Charta Libertatum),
грамата, падпісаная англ. каралём Іаанам Беззямельным 15.6.1215. Упершыню ў гісторыі Англіі абмяжоўвала правы караля. Яе падпісанню папярэднічала паўстанне баронаў, незадаволеных узмацненнем улады караля і парушэннем ім феад. звычаяў. Рыцары і гараджане, якія выступілі на баку баронаў, забяспечылі іх перамогу. Вялікая хартыя вольнасцей напісана на латыні, уключала 63 артыкулы. Абмяжоўвала правы караля (гал. чынам у інтарэсах арыстакратыі), яго судовую ўладу, давала некаторыя прывілеі рыцарству, гарадам і вярхам вольнага сялянства. Баронам было дадзена права кантраляваць выкананне гарантый хартыі. Мела фундаментальнае значэнне ў развіцці канстытуц. працэсу ў Англіі і ўспрымалася як сімвал вярхоўнай улады закону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н Фёдар Аляксандравіч [1867 (паводле інш. даных 2.1.1868),
Маскоўская губ. — 1937 (?)], расійскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). У 1898—1907 чл. (з 1904 старшыня) Маскоўскай губ. земскай управы. У 1904—05 старшыня бюро земскіх і гар. з’ездаў. Адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў (1905), чл.яеЦК. У 1907 старшыня 2-й Дзярж. думы, беспаспяхова імкнуўся да згоды паміж рознымі паліт. сіламі ў Думе і дзелавых кантактаў з урадам. У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 удзельнічаў у рабоце Усерас. саюза гарадоў (гл.«Земгор»). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Часовага ўрада па мін-ве двара. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 працаваў у сав. установах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́Я КАМЕ́ТА,
яркая камета, якая рухаецца па эліптычнай арбіце вакол Сонца з перыядам абарачэння каля 76 гадоў. Названа ў гонар Э.Галея.
Вылічыўшы арбіты 24 камет, Галей першы ўстанавіў (1705), што арбіты камет, якія назіраліся ў 1531, 1607 і 1682, маюць блізкія параметры. Ён выказаў меркаванне, што гэта арбіты адной і той жа каметы, і прадказаў наступнае яе набліжэнне да Сонца ў 1758, што і пацвердзілася. У 1910 Зямля прайшла праз хвост каметы Галея.
У час чарговага збліжэння з Сонцам (да 0,587 а.а. 9.2.1986) камета Галея даследавалася міжпланетнымі станцыямі «Вега», «Джота» і 2 японскімі (праляцелі 8 і 11.3.1986 на вял. адлегласці ад каметы).