КІЗІ́М (Леанід Дзянісавіч) (н. 5.8 1941, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык касманаўт СССР (1980), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 27.11—10.12.1980 з А.Р.Макаравым і Г.М.Стракалавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-3» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір); 8.2—2.10.1984 з У.А.Салаўёвым і А.Ю.Ацьковым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як камандзір); 13.3—16.7.1986 з Салаўёвым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-15» і арбітальных станцыях «Мір» і «Салют-7», у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Правёў у космасе 374,75 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎДЗІЙ, Тыберый Клаўдзій Нерон Германік (Tiberius Claudius Nero Germanicus; 1.8.10 да н.э., Лугдунум, цяпер г. Ліён, Францыя — 13.10.54 н.э.),
старажытнарымскі імператар [41—54 н.э.]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Абвешчаны імператарам пасля забойства яго пляменніка Калігулы. За час праўлення К. ўмацавана ваен. дыктатура і імператарская ўлада, у т. л. за кошт выцяснення і замены сената, закладзены асновы імперскай бюракратыі, палепшана фін. становішча дзяржавы, упарадкавана падаткаабкладанне, правінцыялы надзелены правамі рым. грамадзян, пашыраны межы дзяржавы, у т. л. далучаны Паўд. Брытанія, Маўрэтанія. Пры ім пабудаваны гавань у Остыі, 72 км водаправода і інш. Атручаны жонкай Агрыпінай.
Літ.:
Крист К. История времен римских императоров от Августа до Константина. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 128—134.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Георгій Данілавіч) (26.2.1929, в. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1994),
бел. крытык, публіцыст, кінадраматург. Скончыў Кудымкарскі настаўніцкі ін-т (Пермская вобл., 1947), Бел.тэатр.ін-т (1951). У 1947—74 працаваў у Бел. т-ры оперы і балета, Рус.драм. т-ры Беларусі, у рэсп. газетах, час. «Неман», Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар кн. «Сучаснікі ў грыме і без грыму» (1963), зб. артыкулаў «Дыялог праз рампу» (1967), брашур па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных кіна- і тэлефільмаў («Беларуская сюіта», 1966; «Купалаўцы», 1970; «Іван Шамякін», 1979; «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала», 1982; «Старажытныя паркі», 1989, і інш.).
Тв.:
Аўтографы Андрэя Макаёнка. Мн., 1992;
Карані міфаў Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЗАН ((Korzon) Тадэвуш Сільвестр) (9.11.1839, Мінск — 8.3.1918),
польскі гісторык, прадстаўнік варшаўскай гіст. школы. Правадз.чл. Польскай АН у Кракаве (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1859). За рэв. дзейнасць сасланы ў Арэнбург (1861). З 1869 у Варшаве, выкладаў у гімназіі. У 1886 за прапаганду нац. ідэй пазбаўлены права выкладання. З 1897 дырэктар б-кі Красінскіх. Адзін з заснавальнікаў у 1905 час. «Przegląd historyczny» («Гістарычны агляд»), у 1907 — т-ва аматараў гісторыі. Аўтар манаграфій, падручнікаў па агульнай гісторыі, артыкулаў па тэорыі і методыкі гіст. даследаванняў, гістарыяграфіі. Даследаваў паліт. і эканам. гісторыю Рэчы Паспалітай.
Тв.:
Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta. 2 wyd. T. 1—6. Warszawa, 1897—98.
Літ.:
Włodarczyk J. Tadeusz Korzon: Głowne konccpcje historyczne i historiograficzne. Lódź, 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял.Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ.час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.
Тв.:
У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШАЛЬ (Пётр Агеевіч) (н. 20.4.1946, г. Слуцк Мінскай вобл.),
расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1979). Друкуецца з 1963. Зб-кі паэзіі «Лістота» (1979), «Гарадская зорка» (1981), «Рака Жыццё», «Такі як ёсць» (абодва 1987) прысвечаны Беларусі, узаемаадносінам чалавека і навакольнага свету. Аўтар кніг дакумент. прозы «Гісторыя пакаранняў у Расіі. Гісторыя расійскага тэрарызму» (1995), «Гісторыя вышуку ў Расіі» (т. 1—2, 1996). Пераклаў на рус. мову кнігі выбраных вершаў Р.Баравіковай «Светнік» (1982) і Цёткі «Выбранае» (1986), пераклаў і склаў анталогіі бел. паэтаў 1920—30-х г. «Час ветравея» (1987) і бел. дзіцячай л-ры «Чарадзейная крынічка» (1997). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Т.Бондар, С.Законнікаў, У.Някляеў, Я.Янішчыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у часантыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАЦЫЯНІ́ЗМ (ад лац. creatio стварэнне),
рэлігійнае вучэнне пра стварэнне свету Богам з нічога. Пашыраны ў іудаізме, хрысціянстве, ісламе. У біблейскай версіі гэта «творчы акт» Бога, які на працягу 6 дзён стварыў жывую і нежывую прыроду і чалавека. Мае разнавіднасці — ідэі аднаразовага ці шматразовага стварэння свету (атрымала своеасаблівае «пацвярджэнне» ў катастроф тэорыі Ж.Кюўе), а таксама пастаяннага стварэння свету. Прыхільнікі падобных ідэй былі і сярод вучоных, якія выступалі супраць канцэпцыі натуральнага развіцця і эвалюцыі матэрыі ад яе найпрасцейшых форм да ўзнікнення чалавека і паступальнага прагрэс. развіцця грамадства. З процілеглых К. пазіцый праблему развіцця жывой прыроды разглядае эвалюцыйнае вучэнне Ч.Дарвіна, Г.Гекслі, Э.Гекеля і інш. У цяперашні час у мадэрнізаваных формах К. выкарыстоўваецца тэалогіяй для абгрунтавання рэліг. карціны свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЦЬЕ́Н ((Chrétien) Жан Лу) (н. 20.8.1938, г. Ла-Рашэль, Францыя),
першы французскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), брыгадны генерал. Скончыў Ваенна-паветр. школу ў г. Салон-дэ-Праванс (1963), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў у г. Істр (1977). З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. З 1982 кіраўнік палётаў Нац. цэнтра касм. даследаванняў Францыі. 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і А.С.Іванчэнкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7»; 26.11—21.12.1988 з А.А.Волкавым і С.К.Крыкалёвым — палёт на касм. караблях «Саюз ТМ-6, -7» і арбітальным комплексе «Мір», у час якога выходзіў у адкрыты космас (6 гадз); 26.9—7.10.1997 — палёт на касм. караблі «Атлантыс» (ЗША) і арбітальным комплексе «Мір». Правёў у космасе 43,47 сут.