ПО́КРЫВА ТЭКТАНІ́ЧНАЕ, шар’яж,

пакаты насоў мас горных парод у выніку тэктанічных рухаў на іншыя (часцей больш маладыя пароды) па субгарыз. або пакатахвалістай паверхні на вял. плошчы з перамяшчэннем у дзесяткі — некалькі соцень кіламетраў. Перамешчаныя масы наз. алахтон, а пароды, што залягаюць у аснове покрыва, — аўтахтон. Выступы аўтахтона сярод алахтона наз. тэктанічныя вокны, а астанцы алахтона сярод аўтахтона — кліпы. Характэрны для горных збудаванняў Альпаў, Скалістых гор, Карпат, Каўказа і інш.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... + грэч. genos род, паходжанне),

антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІУРЭТА́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ, спандэкс,

сінтэтычныя валокны, што атрымліваюць фармаваннем з раствораў ці расплаваў некаторых поліурэтанаў (пераважна поліурэтанмачавін). Гандл. назвы: лайкра, вайрын, эластан, эспа, неалан, дарластан, варын і інш. Устойлівыя да ўздзеяння масел, хлорзмяшчальных арган. растваральнікаў, разбаўленых раствораў шчолачаў і кіслот. П.в. са стабілізаваных палімераў святло- і атмасфераўстойлівыя. Паводле эластычнасці падобныя на гумавыя ніткі, але больш моцныя і зносаўстойлівыя, лепш афарбоўваюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу спарт. адзення, гарсэтных вырабаў, эластычнага бінту, лячэбнага трыкатажу.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РШНЕВАЯ МАШЫ́НА,

прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рабочага цела (газу, пары, вадкасці) з дапамогай поршня, які робіць зваротна-паступальны рух у цыліндры. Пры руху поршня аб’ём, што займаецца рабочым целам, перыядычна мяняецца разам з інш. параметрамі (ціскам, т-рай і г.д.), у сувязі з чым энергія рабочага цела паніжаецца (П.м. — рухавік) або павышаецца (П.м. — кампрэсар, помпа). Да П.м. адносяцца большасць рухавікоў унутранага згарання, паравыя машыны, поршневыя кампрэсары і помпы.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛАМІ́НЫ,

глабулярныя бялкі, што знаходзяцца ў зерні злакаў. Асн. маса клейкавіны зерня пшаніцы, разам з глутэлінамі ўтвараюць запасныя бялкі эндасперму насення. З’яўляюцца комплексам бялкоў з блізкімі ўласцівасцямі. Маюць глутамінавую к-ту, пралін і нязначную колькасць незаменных амінакіслот (з чым звязана біял. непаўнацэннасць запасных бялкоў збожжавых культур). Асн. П. — гліядын эндасперму зерня пшаніцы і жыта, гардэін ячменю, зеін кукурузы, кафірын сорга і авенін аўса. Важны бялковы харч. кампанент хлебных злакаў.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).

т. 13, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),

у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ТНАЕ ПРАВА,

зборнае паняцце, якое азначае галіны права, што рэгулююць адносіны, якія выяўляюць прыватныя інтарэсы і заснаваныя на незалежнасці і ініцыятыве індывід. уласнікаў і аб’яднанняў (карпарацый) у іх маёмаснай дзейнасці і асабістых адносінах, у адрозненне ад публічнага права, якое рэгулюе і ахоўвае агульныя інтарэсы. Аснову П.п. складае цывільнае права, якое рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, а таксама гандл. права ў яго разнастайнасцях (у краінах, дзе дзейнічае гандл. права).

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ВЕ́РХНЯЙ ГУБЫ, «заечая губа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧЭ́ПАК,

чаранок ці частка кары з пупышкай культурнай расліны, што прышчэпліваюць на інш. расліну (прышчэпу); таксама надземная частка расліны, якая вырастае з прышчэпленага чаранка ці пупышкі. Забяспечвае прышчэпленую расліну арган. рэчывамі, уплывае на якасці каранёвай сістэмы, марозаўстойлівасць і інш. У пладаводстве П. нарыхтоўваюць у матачных садах пры пладовых гадавальніках. Якасць ГІ́. залежыць ад стану матачных дрэў (павінны быць здаровыя, устойлівыя да хвароб, урадлівыя) і ўмоў захоўвання. Гл. таксама Прышчэпліванне.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)